Жалезны чалавек 2

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Жалезны чалавек 2
Iron Man 2
'Iron Man 2'.svg
Лягатып фільму
Жанр баявік[1][2][3][4][5][6], навукова-фантастычны фільм[2][1][3][4][6], прыгодніцкі фільм[2][1][3] і супэргеройскі фільм
Рэжысэр Джон Фаўро
Прадусар Кэвін Файгі
Сцэнарыст Джастын Тэру
У ролях
Кампазытар Джон Дэбні
Апэратар Мэт’ю Лібатык
Мантаж
  • Дэн Лебэнталь
  • Рычард Пірсан
Вытворчасьць
Дата выхаду 26 красавіка 2010 (9 гадоў таму)
Час 125 хв.
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $200 млн
Прыбытак $623,9 млн
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Жалезны чалавек 2» (па-ангельску: Iron Man 2) — амэрыканскі супэргеройскі фільм 2010 року, сфільмаваны студыяй «Marvel» у працяг першай часткі 2008 року. Гэта трэці фільм у кінасусьвеце Marvel. Рэжысэр — Джон Фаўро, аўтар сцэнару — Джастын Тэру. У галоўных ролях: Робэрт Даўні (малодшы) — Тоні Старк / Жалезны чалавек, а таксама Гўінэт Пэлтраў, Дон Чыдл, Скарлет Ёгансан, Сэм Рокўэл, Мікі Рурк і Сэмюэл Джэксан. Праз шэсьць месяцаў пасьля падзеяў «Жалезнага чалавека» Тоні Старк супрацьстаіць запытам ураду ЗША перадаць тэхналёгію Жалезнага чалавека, а таксама пакутуе на пагаршэньне здароўя ад дугавога рэактару ў сваіх грудзях. У гэты ж час расейскі навуковец Іван Ванко(en) распрацаваў такую ж тэхналёгію і збудаваў уласную зброю, каб зьдзейсьніць вэндэту над Старкавай сям’ёй; у гэтым яму дапамагае канкурэнт Старка па бізнэсе Джастын Гамэр.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская тэлевізія перадае навіну пра тое, як Тоні Старк раскрывае сваю ідэнтычнасьць Жалезнага чалавека. Іван Ванко, чый бацька Антон нядаўна памёр, убачыўшы навіны, пачынае будаваць дугавы рэактар, падобны да Старкавага. Праз паўгады Старк становіцца супэрзоркай і ўжывае ўласны бронекасьцюм на мірныя мэты, супраціўляючыся намаганьням ураду набыць ягоную тэхналёгію. Ён адраджае Старк Экспа, распачатую ягоным бацькам.

Палядавае ядро дугавога рэактару, якое падтрымлівае жыцьцядзейнасьць Старка, у той жа час паволі атручвае яго, аднак Тоні ня можа падабраць яму замену. Тоні Старк утойвае ад усіх свой стан і на тле набліжэньня сьмерці прызначае сваю пэрсанальную памочніцу Пэпэр Потс кіраўніком Stark Industries, а на ейную пасаду пераводзіць супрацоўніцу Наталі Рашман. Ён прыяжджае ў Манака, каб паўдзельнічаць у Гістарычным гран-пры, і тут падчас гонкі яго атакуе Ванко з электрычнымі пугамі. Старк апранае свой бронекасьцюм Марк V і адольвае суперніка, аднак цаной пашкоджаньня касьцюму. Ванко паведамляе, што ягоным намерам было паказаць, што Жалезны чалавек не такі ўжо і непераможны. Уражаны зьяўленьем Ванко, Старкаў апанэнт Джастын Гамэр імітуе сьмерць расейскага навукоўца ў турме, вывозіць яго і прапануе збудаваць сэрыю бронекасьцюмаў, каб абысьці Старка. Тоні Старк, які вырашае адзначыць свой апошні дзень нараджэньня напоўніцу, напіваецца і апранае Марк IV. Абураны паводзінамі найлепшага сябра, падпалкоўнік ВПС ЗША Джэймз Роўдз апранае прататып Марк II і спрабуе спыніць Старка. Бойка беспасьпяховая, аднак бронекасьцюм Роўдз пакідае на авіябазе ВПС.

З Старкам зьвязваецца Нік Ф’юры, кіраўнік Ш.Ч.Ы.Т.у, які паведамляе, што памочніца «Рашман» — іхняя агентка Наташа Раманава, і што Гоўард Старк быў заснавальнікам Ш.Ч.Ы.Т.у, зь якім Ф’юры быў асабіста знаёмы. Ф’юры распавядае, што Ванкоў бацька разам з Гоўардам Старкам вынайшлі дугавы рэактар, аднак, калі Антон паспрабаваў прадаць яго ў карысьлівых мэтах, Старк дабіўся ягонай дэпартацыі. У Савецкім Саюзе Антон Ванко трапіў у ГУЛаг. Ф’юры аддае Старку частку бацькавых рэчаў; пры праглядзе дыярамы Старк Экспа-1974 Тоні знаходзіць схаванае паведамленьне, што дыяграма выставы — гэта структура новага хімічнага элемэнту. Старк сынтэзуе яго з дапамогай свайго кампутара J.A.R.V.I.S. і замяняе ім паляд ва ўласным дугавым рэактары, такім чынам спыняючы атручваньне.

На Экспа Гамэр прадстаўляе Ванковы браняваныя дроны на чале з Роўдзам у цяжкаўзброенай вэрсіі брані Марк II. Старк прыбывае на выставу ў брані Марк VI, каб папярэдзіць Роўдза, аднак Ванко дыстанцыйна пераймае кіраваньне і над дронамі, і над Роўдзавым бронекасьцюмам, атакуючы Жалезнага чалавека. Пакуль Раманава і целаахоўнік Старка Гэпі Гоган выпраўляюцца на пошукі Ванко на фабрыку Гамэра, самога Джастына Гамэра арыштоўваюць. Ванко зьбягае, аднак Раманава знаходзіць спосаб вярнуць Роўдзу кіраваньне над ягоным Маркам II. Разам са Старкам яны адольваюць Ванко і дронаў. Падобна, што Ванко гіне, узарваўшы ўласны касьцюм і ўсіх дронаў.

На справаздачнай сустрэчы Ф’юры паведамляе Старку, што з-за ягонага непрадказальнага характару Ш.Ч.Ы.Т. вырашае карыстацца ягонымі паслугамі толькі як кансультанта. Старк і Роўдз за свой геройскі ўчынак атрымліваюць мэдалі. У пасубтрытравай сцэне агент Ш.Ч.Ы.Т.у Філ Кулсан паведамляе пра знаходжаньне вялізнага молату на дне кратэра ў пустыне ў Нью-Мэксыка.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Robert Downey Jr SDCC 2009 3.jpg


Scarlett Johansson SDCC 2009 1.jpg


Sam Rockwell SDCC 2009 1.jpg
Даўні, Ёгансан і Рокўэл на міжнародным Комік-коне ў Сан-Дыега (2009).

Вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Marvel Studios абвясьціла пра стварэньне працягу адразу пасьля прэм’еры «Жалезнага чалавека». У 2008 былі падпісаныя кантракты з рэжысэрам Джонам Фаўро і сцэнарыстам Джастынам Тэру. Здымкі праводзіліся ў студыі Рэлей у Мангэтэн-Бічы (Каліфорнія).

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Жалезны чалавек 2» зарабіў $312,4 млн у ЗША і Канадзе і яшчэ $311,5 у астатнім сьвеце — агулам $623,9 млн. На Rotten Tomatoes ён атрымаў рэйтынг 73%, на Metacritic — 57/100.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Жалезны чалавек 2сховішча мультымэдыйных матэрыялаў