Перайсьці да зьместу

Мар’ян Фальскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мар’ян Фальскі
Marian Falski
Надмагільле Мар’яна і Ірэны Фальскіх на Вайсковых могілках у Павонзках
Надмагільле Мар’яна і Ірэны Фальскіх на Вайсковых могілках у Павонзках
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 сьнежня 1881(1881-12-07)[1]
Памёр 8 кастрычніка 1974(1974-10-08)[1] (92 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці акадэмік, пэдагог
Мова польская мова
Узнагароды

Мар’я́н Фа́льскі (псэўданімы: Янка Сваяк[3]; па-польску: Marian Falski; 7 сьнежня 1881, Нача, Лідзкі павет Віленскай губэрні, Расейская імпэрыя — 8 кастрычніка 1974, Варшава, ПНР) — польскі грамадзкі дзяяч, навуковец, пэдагог.

Паходзіў з дробнашляхецкай сям’і. Ад 1891 навучаўся ў школе ў Менску, атрымаў дыплём інжынэра ў Політэхнічным інстытуце ў Варшаве. У 1903—1906 дзяяч Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), у 1905 быў зьняволены ў Варшаўскай цытадэлі.

У 1907 выехаў у Кракаў, працаваў хатнім настаўнікам. Пасьля стаў асыстэнтам Уладыслава Гайнрыха ў Ягелонскім унівэрсытэце і пад ягоным кіраваньнем скончыў доктарскую працу па тэме псыхалёгіі чытаньня.

У 1918, адмовіўшыся ад пасады загадчыка катэдры ўнівэрсытэту, выехаў у Варшаву. У 1919—1939 працаваў у Міністэрстве рэлігійных канфэсій і народнай асьветы Польшчы, пасьля вайны — у Міністэрстве асьветы.

3 1953 Фальскі ў Польскай акадэміі навук (ПАН), з 1954 прафэсар, з 1958 кіраўнік лябараторыі структуры і арганізацыі асьветы ПАН.

У 1964 разам з Антоніем Слонімскім падпісаў гэтак званы «Ліст 34» супраць цэнзуры і абмежаваньня доступу да культуры.

Аўтар шматлікіх прац у галіне школьніцтва. Вядомы як аўтар найпапулярнейшага польскага лемантару XX стагодзьдзя пад назовам «Навука чытаньня і пісаньня» (першае выданьне 1910, пасьля шматкроць перавыдадзены).

У 1903—1904 супольна з Вацлавам Іваноўскім і Стэфанам Багушэўскім займаўся арганізацыяй нелегальнай беларускай выдавецкай дзейнасьці ў Кракаве. Падрыхтаваў да друку пераважную частку матэрыялаў: у канцы 1903 пераклаў на беларускую мову (пад псэўданімам Янка Сваяк) «Янку-музыканта» Генрыка Сянкевіча, «Да свайго Бога» Стэфана Жаромскага і апавяданьне невядомага аўтара «Ведзьма»; таксама падрыхтаваў тэкст ананімнай адозвы «Царская гаспадарка», выкарыстаўшы для гэтага выдадзеныя ППС у Лёндане беларускія агітацыйныя брашуры. У канцы 1904 разам з Вацлавам Іваноўскім удзельнічаў у напісаньні першага «Беларускага лемантара» — буквара на беларускай мове. Адзін з заснавальнікаў Сацыялістычнай партыі Белай Русі (1904), ад імя якой на беларускай мове выдаваліся прапагандысцкія адозвы.

  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
  • Туронак Ю. Удзел М. Фальскага ў беларускім выдавецкім руху / пер. з польск. // Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. 2-е выд. Вільня. 2008.