Маладэчанскі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Маладэчанскі замак
| |
Маладэчанскі замак (рэканструкцыя)
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Маладэчна |
Каардынаты | 54°20′5″ пн. ш. 26°52′22″ у. д. / 54.33472° пн. ш. 26.87278° у. д.Каардынаты: 54°20′5″ пн. ш. 26°52′22″ у. д. / 54.33472° пн. ш. 26.87278° у. д. |
Першае згадваньне | 16 сьнежня 1388 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Маладэчанскі замак |
Маладэ́чанскі за́мак — помнік гісторыі і архітэктуры XV—XVII стагодзьдзяў у Маладэчне. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на правым беразе ракі Вушы. Існаваў у XV—XVIII стагодзьдзях. Захаваліся земляныя валы. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літосўкае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнік як цэнтар абароны сярэднявечнага Мададэчна. Як сьведчаць пісьмовыя крыніцы, 16 сьнежня 1388 году ў замку ноўгарад-северскі князь Дзьмітры Альгердавіч падпісаў грамату на паслушэнства вялікаму князю літоўскаму Ягайлу. Гэтая дата лічыцца першым пісьмовым ўпамінам пра Маладэчна.
У розныя часы ўладальнікамі Маладэчанскага замка былі князі Заслаўскія, Мсьціслаўскія, Сангушкі, Кішкі. У 1519 (двойчы) і 1533 гадох замак бралі ў аблогу наўгародзка-пскоўскія ратнікі на чале з князем М. Кісьліцам і, напэўна, спалілі яго. Сьляды агню ў профілі замкавага валу і культурным слоі пацьвярджаюць шматразовыя пажары. У 1567 годзе ў замку праходзілі папярэднія перамовы паміж прадстаўнікамі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пра ўмовы складаньня Люблінскай уніі. У пачатку ХVІІ ст. уладальнікам места і замка быў Леў Сапега. Існуе меркаваньне, што ў час Вялікай Паўночнай вайны тут спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.
У ХVІІІ ст. Маладэчна і замак належалі князям Агінскім. У замку знаходзілася іх рэзыдэнцыя, тады ж на замкавым падворку збудавалі палац, дзе захоўвалася багатая бібліятэка і калекцыя карцінаў. Гаспадары замку стварылі садова-паркавы ансамбль з штучнымі сажалкамі, узгоркамі, каналамі, разьбілі парк. Гонарам палацу-паркавага комплексу былі яго аранжарэі, дзе сярод іншага расьлі апэльсіны, ананасы, лімоны і гранаты.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часамі вайны 1812 году францускія войскі двойчы прайшлі праз Маладэчна: пры наступленьні на Маскву ў чэрвені і пры адступленьні ў лістападзе. 22 лістапада (паводле старога стылю) аддзелы расейскай арміі пад камандаю А. Ярмолава і Я. Чапліцы, а таксама казакі М. Платава разьбілі французаў пад Маладэчнам. Гэты бой стаў апошнім у зімовай кампаніі. Страты ў вайне былі надзвычай вялікімі, замак зруйнавалі напалову. 3 сьнежня францускі імпэратар Напалеон Банапарт склаў у замку апошні 29-ы бюлетэнь Вялікага войска, у якім зьняў зь сябе паўнамоцтвы галоўнага камандзіра ў расейскай кампаніі[1].
У пачатку ХІХ ст. Міхал Клеафас Агінскі ня раз наведваў у Маладэчне свайго дзядзьку Міхала Казімера Агінскага, а па яго сьмерці, увесну 1814 году, стаў уладальнікам маёнтку. Міхал Клеафас не адважыўся на капітальны рэмонт палацу. Ён перадаў палову будынка зь бібліятэкай і калекцыяй музычных інструмэнтаў шляхецкай 5-кляснай павятовай вучэльні. У канцы ХІХ ст. замак прыйшоў у поўны заняпад.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1976 і 1980 гадох тэрыторыю замка дасьледаваў Міхась Ткачоў[2].
Зодна зь дзяржаўнай праграмай «Замкі Беларусі» да 2014 году правялі ўпарадкаваньне тэрыторыі Замчышча.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаў выспу на балоцістым беразе ракі. Будаўнікі ўдала выкарысталі нізкі балоцісты рэльеф і прыродныя фартыфікацыі. У ходзе будаваньня падвялі плаціну, на балоце бярвёнамі выклалі дзялянку 120×80 м, з жвіру і пяску насыпалі штучную пляцоўку вышынёй 4 м. Яе краем насыпалі пяскова-гліняныя валы вышынёй да 3,5 м і шырынёй 11 м. За землянымі валамі ішла сыстэма ўмацаваньняў зь бярвеньня. Спачатку тут стаялі абарончыя сьцены і вежы, у тым ліку ўязныя вароты. Атачаўся замак ровам з вадой. Краем рова праходзіў яшчэ адзін земляны вал, у аснову якога закладваліся валуны.
Пры мадэрнізацыі ў XVII ст. каля падножжа земляных валоў паставілі агароджу з завостраных калоў, замест кутніх вежаў збудавалі бастыёны галяндзкага тыпу. Гэта адпавядала зьмяненьням у тактыцы абароны і аблогі. Дзеля прадухіленьня апаўзаньня зямлі каля падножжа бастыёнаў зьявілася агароджа слупавой канструкцыі, якая таксама мусіла стрымаць наступ ворага. Унутры вала, у месцах яго прыляганьня да варотаў, насыпы ўмацоўваліся мураванымі сьценкамі.
На тэрыторыі замку быў невялікі сакральны будынак, які існаваў у ХVI—ХVIII ст. Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, ён меў памеры 11×24 м і аздабляўся фрэскамі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 613В000295 |