Перайсьці да зьместу

Майскі вальс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Майскі вальс»
Песьня выканаўцы Яраслава Еўдакімава / ансамбля «Сябры»
Мова расейская / беларуская
Напісаная 1985
Выдадзеная 1988
Запісаная 1986
Жанр поп-музыка
Працягласьць 3:40
Лэйбл «Мэлёдыя»
Аўтар(ы) Міхаіл Ясень
Кампазытар(ы) Ігар Лучанок

«Майскі вальс» — патрыятычная песьня 1985 году на словы паэта Міхаіла Ясеня і музыку Ігара Лучанка.

Прысьвячалася першым пераможным дням пасьля Другой сусьветнай вайны. У творы салдат грае вальс на гармоні на вуліцах Вены. Таксама ў песьні тройчы згадваецца Дунай, які выступае сымбалем міру, сяброўства і любові. Першапачаткова песьня выконвалася па-расейску. Пазьней ансамбль «Сябры» пачаў сьпяваць яе па-беларуску ў перакладзе паэта Язэпа Скурка. Затым Міхаіл Ясень сам пераклаў свой верш. Як адзначыў былы галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Міхась Шавыркін: «беларускамоўны варыянт сэнсава паглыбіўся: вобраз салдата-музыкі набыў больш абагульненыя рысы, яго мэлёдыя вальса адлюстроўвае радасьць і боль свайго народа»[1].

Вясна сорак пятага году.
Чакаў цябе доўга Дунай!
Народам Эўропы свабоду
Ў кветках прынёс яркі май!

На вуліцах Вены свабоднай
Народу зьбіралася шмат.
На вернай, параненай дужа гармоні
Вальс родны іграў наш салдат.

Прыпеў:
Помніць Вена, помняць Альпы і Дунай
Той пяшчотны і чароўны, ясны май!
Віхры венцаў у тым вальсе скрозь гады
Помніць сэрца і запомніць назаўжды!

Натхнёна, і горда, і сьмела
Вальс сонечны ў Вене гучаў.
І Вена сьмяялася, пела,
Як быццам сам Штраўс іграў!

І хлопец з усьмешкай шчасьлівай
Да сэрца гармонь прыціскаў,
Як быццам Радзімы ён бачыў разьлівы,
Як быццам яе абдымаў.

Прыпеў.

Над Венай сівой і бурлівай
Плыў вальс, што прынесла вайна.
Гучаў ён пяшчотна, шчасьліва.
І ўсіх ап'яняла вясна.

Вясна сорак пятага году!
Цябе дачакаўся Дунай.
Радзімы далёкай той вальс пераможны
Салдат на гармоні іграў.

Прыпеў.

— Міхаіл Ясень, «Майскі вальс»

  1. ^ Міхась Шавыркін. Майскі вальс // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2014. — № 81 (27691). — С. 8. — ISSN 1990-763x.