Літаратурна-мастацкі стыль
Літарату́рна-маста́цкі стыль — адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сыстэмай моўных сродкаў мастацкае літаратуры ў яе галоўных радох — эпасе, лірыцы, драме.
Гэты стыль ўзьдзейнічае на ўяўленьне, псыхіку й пачуцьці чытача, перадае думкі й пачуцьці аўтара, выкарыстоўвае ўсё багацьце лексікі, магчымасьці розных стыляў, характарызуецца вобразнасьцю, эмацыянальнасьцю мовы.
Функцыі мастацкага стылю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Функцыя:
- Эстэтыкі. У мастацкім творы слова ня толькі нясе пэўную інфармацыю, але й служыць для эстэтычнага ўзьдзеяньня на чытача пры дапамозе мастацкіх вобразаў.
- Узьдзеяньня. Чым ярчэй і праўдзівей вобраз, тым мацней ён узьдзейнічае на чытача.
- Камунікацыі Праз сымбалі й вобразы аўтар імкнецца выказаць свае думкі, пачуцьці й эмоцыі.
Характарыстыка мастацкага стылю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фанэтыка-стылістычная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шырока выкарыстоўваюцца мнагазначныя словы, каб зь іх дапамогай можна было ўкладваць у апавяданьне схаваны сэнс.
- Дапушчальна неадпаведнасьць у вымаўленчай норме некаторых словаў[a]:
У калёсы запрагліся Лебедзь ды Шчупак і Рак; З усіх сіл вязьці́ ўзяліся. Дый ня зрушаць воз ніяк. |
||
—«Лебедзь, Шчупак і Рак», Іван Крылоў, у перакладзе Янкі Купалы |
- Аўтарская сваеасаблівасьць стылю, якая выяўляецца ў кампазыцыйных асаблівасьцях пабудовы тэксту, мове герояў.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мастацкім стылі назіраецца глыбокае ўзаемадзеяньне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэньне элемэнтаў і фрагмэнтаў іншых функцыянальных стыляў.
Для мастацкага стылю характэрна мэтафарычнасьць, вобразнасьць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасьць, узьнёсласьць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнаньні, увасабленьні, гіпэрбалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інвэрсія і інш.), якія дапамагаюць стварыць яркія мастацкія вобразы, даваць больш дэталёвае апісаньне зьяў і фактаў рэчаіснасьці, моўную характарыстыку пэрсанажаў.
У мастацкім стылі выкарыстоўваюцца ня толькі літаратурныя, а й пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексыка, жаргон, дыялектызмы й інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай.
Кожны моўны сродак у мастацкім творы матываваны зьмястоўна й стылістычна.
Разнавіднасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разнавіднасьці мастацкага стылю:
- паэтычная мова
- мова мастацкай прозы й драматургіі.
Вылучаюць індывідуальныя стылі асобных пісьменьнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасьцямі экспрэсіўнага адбору словаў, фразэалёгіі, сынтаксічных канструкцыяў і марфалягічных рысаў і зьяўляецца прыватным праяўленьнем агульных заканамэрнасьцяў.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Слова вязьці́ замест нарматыўнага ве́зьці
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9