Перайсьці да зьместу

Лукаш Давід

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лукаш Давід
Дата нараджэньня 1503[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1583[1][2]
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак гісторык

Лукаш Давід (1503, Ольштын — красавік 1583, Каралявец) — нямецкі гісторык, аўтар Прускай хронікі.

У 1528—1532 гадох навучаўся ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень магістра. Пазьней да 1539 годзе працаваў там лектарам.

Нягледзячы на ​​тое, што быў пратэстантам, служыў канцлерам біскупа Тыдэмана Гізэ паміж 1540 і 1549 гадамі. Па тым, як Гізе атрымаў Вармінскую дыяцэзію, далучыўся ў 1549 годзе да двара герцага Прусіі Альбрэхта у Караляўцы, прыняўшы прысягу 26 сакавіка 1550 году.

Ад герцага Альбэхта, і пазьней ад яго сына Альбрэхта Фрыдэрыка атрымаў даручэньне скласьці гісторыю Прусіі (сярод прускіх немцаў тады бытавала меркаваньне, што польскія гісторыкі прыніжаюць дасягненьні Прусіі). Прыкладна з 1575 году дасьледаваў дакумэнты прускай гісторыі і пачаў пісаць сваю Прускую хроніку (ням. Preußische Chronik)[4].

Ажаніўся ў Ляйпцыгу з багатай удавой. Заснаваў стыпэндыі ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, галоўным парадкам для бедных студэнтаў з свайго роднага места.

Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што Лукаш Давід, апісваючы эпізод варажнечы паміж судавамі (дайновамі) і ліцьвінамі, адзначаў, што Літва раней называлася Вэнэдыяй («Калісьці Вэнэдыя, цяпер Літва, адсюль назва Вэнэдзкай затокі»[5]; вэнэдамі раней называлі ўсіх славянаў, пад гэтай назвай заходнія славяне часта выступалі ў заходнеэўрапейскіх хроніках ды іншых крыніцах яшчэ ў X і XI ст., апроч таго, Вэнэдзкім раней называлі Балтыйскае мора), але далей не разьвівае гэтай думкі. Тым часам выдавец Прускай хронікі Лукаша Давіда Эрнст Гэніг падаў у спасылцы тлумачэньне, што ў абодвух рукапісах (у якіх хроніка захоўвалася некалькі стагодзьдзяў перад яе выданьнем) у гэтым месцы два з паловай аркушы былі напісаныя (магчыма выпраўленыя) чужой рукой[6]. Паводле канцэпцыі Лукаша Давіда, якая, магчыма, супадала з канцэпцыяй прускага храніста Хрысьціяна, «Малой» (пачатковай) Літвой была Гарадзенская зямля з сталіцай у Горадні[7].

  1. ^ а б Lucas David // NUKAT — 2002.
  2. ^ а б Lucas David // MAK (пол.)
  3. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #132132044 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  4. ^ Hubatsch W. David, Lucas // Neue Deutsche Biographie. Vol. 3. — Berlin, 1957. S. 537.
  5. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 23.
  6. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 6—7.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 7.