Перайсьці да зьместу

Лешак Бальцаровіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лешак Бальцаровіч
па-польску: Leszek Balcerowicz
12 верасьня 1989 — 23 сьнежня 1991
31 кастрычніка 1997 — 8 чэрвеня 2000
12 верасьня 1989 — 23 сьнежня 1991
Папярэднік Andrzej Wróblewski[d]
31 кастрычніка 1997 — 8 чэрвеня 2000
Папярэднік Марэк Бэлька
1997 — 2000
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 студзеня 1947(1947-01-19)[1][2] (77 гадоў)
Партыя:
Сужэнец: Ева Бальцаровіч[d]
Адукацыя:
Узнагароды:

Лешак Гэнрык Бальцаро́віч (па-польску: Leszek Henryk Balcerowicz; 19 студзеня 1947, Ліпна) — польскі эканаміст і палітык, прадстаўнік манэтарызму.

Віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў ва ўрадах Мазавецкага (1989—1991), Бялецкага (1991) і Бузэка (1997—2000). Старшыня Нацыянальнага банку Польшчы (2001—2007). Арганізатар і ідэйны натхняльнік польскіх эканамічных рэформаў (так званай «шокавай тэрапіі» або «плян Бальцаровіча») — паскоранага пераходу краіны з плянавай эканомікай у краіну з рынкавай гаспадаркай. У цяперашні час прафэсар Варшаўскай школы эканомікі.

Нарадзіўся ў невялікім мястэчку Ліпна, які знаходзіцца паміж Вроцлавам і Познань, у 1947 годзе. З дзяцінства ён выяўляў добрыя здольнасьці да навучаньня. У 1970-м скончыў аддзяленьне зьнешняга гандлю ў Варшаўскай галоўнай школе плянаваньня і статыстыкі з адзнакай. У далейшым ён працягнуў адукацыю за граніцай. У 1974 годзе Бальцаровіч атрымаў магістарскую ступень ва ўнівэрсытэце Сьвятога Джонса, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку.

Пасьля гэтага вярнуўся ў Варшаву. Там ужо ў 1975 годзе ён абараніў доктарскую дысэртацыю. У пачатку 1980-х Бальцаровіч далучыўся да «Салідарнасьці». Супрацоўнічаў з «Сеткай» — саюзам прадпрыемстваў, якія аб’ядналіся пад эгідай руху. Так зарадзілася ідэя «шокавай тэрапіі» для Польшчы. Яна была патрэбна для таго, каб трансфармаваць плянавую эканоміку ў рынкавую.

Плян «Бальцаровіча»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1989 году Лех Валенса пасьля доўгіх пошукаў кандыдатуры прапанаваў Бальцаровічу ўвайсьці ў першы ўрад «Салідарнасьці» і ўзначаліць эканамічныя рэформы ў Польшчы.

12 верасьня 1989 года Бальцаровіч заняў пасаду віцэ-прэм’еру і міністру фінансаў ва ўрадзе Тадэвуша Мазавецкага. Ён таксама ўзначаліў эканамічны камітэт пры Савеце Міністраў Польшчы. Бальцаровіч прапанаваў свой плян хутчэйшага пераходу з плянавай дзяржаўнай эканомікі, якая засталася ў спадчыну ад Польскай Народнай Рэспублікі, да рынкавых адносінаў і вяршэнству прыватнай уласнасьці. Комплекс рэформаў атрымаў назву «Плян Бальцаровіча», але часта называўся «шокавай тэрапіяй».

«Плян Бальцаровіча» прапаноўваў строгае абмежаваньне інфляцыі, прывядзеньне да раўнавагі на працягу году дзяржаўнага бюджэту, таварнага і грашовага рынкаў, перавод усіх сфэр эканомікі да рынкавага пачатку. Для гэтага павышаліся розьнічныя цэны, скарачаліся бюджэтныя датацыі, абмяжоўваліся грашовыя даходы, а для прадпрыемстваў уводзілася частковая ўнутраная адваротнасьць злотага і ўсталёўваўся яго адзіны курс.

Нягледзячы на посьпех рэформы, яе сацыяльныя наступствы ўжо ў першы год пачалі выклікаць незадаволенасьць і супярэчлівыя ацэнкі. Бальцаровіч захаваў свой пост у кабінэце Яна Кшыштафа Бялецкага, але ў сьнежні 1991 году урад Яна Альшэўскага было сфармавана ўжо без яго ўдзелу.

Прызнаньне рэформаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сыходу з урада Бальцаровіч працаваў запрошаным навуковым супрацоўнікам Унівэрсытэту Браўна і Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі ў Вашынгтоне (ЗША). У тым жа годзе быў абраны прафэсарам Варшаўскай школы эканомікі. У якасьці дарадцы прымаў удзел у эканамічных рэформах у Расеі і іншых краінах СЭВ. У красавіку 1994 году разам з Тадэвушам Мазавецкім, Браніславам Гарэмэкам, Ханнай Сухоцкай і Янам Бялецкім заснаваў цэнтрысцкую палітычную партыю «Унія свабоды» і быў абраны яе старшынёй. У 1997 годзе партыя заняла на выбарах трэцяе месца, набраўшы 13% галасоў і ўвайшла ў кіруючую кааліцыю. 31 кастрычніка 1997 году Бальцаровіч заняў пасаду намесьніка прэм’ер-міністра і міністра фінансаў ва ўрадзе Ежы Бузэка.

8 чэрвеня 2000 году, бачачы хуткі развал кіруючай кааліцыі, Бальцаровіч сышоў у адстаўку. Прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі неўзабаве прызначыў яго старшынёй Нацыянальнага банка, і Сэйм зацьвердзіў яго кандыдатуру галасамі «Салідарнасьці» і «ўніі Свабоды». Ён быў старшынёй Нацыянальнага банку Польшчы з 10 студзеня 2001 году да 10 студзеня 2007 году. У сувязі з прызначэньнем Бальцаровіч пакінуў пасаду старшыні Партыі «Унія Свабоды». У 2000—2002 гадах Бальцаровіч быў таксама дарадцам прэзыдэнта Грузіі Эдуарда Шэварнадзэ па эканамічных пытаньнях.

У 2003 годзе ў Цюрыху Лешак Бальцаровіч быў абраны сябрам прэстыжнай групы аўтарытэтаў Міжнароднага інстытуту фінансаў.

11 лістапада 2005 году прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі ўручыў Бальцаровічу вышэйшую ўзнагароду краіны — ордэн Белага Арла — і адзначыў, што без Бальцаровіча шлях Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз быў бы больш доўгім, калі б наогул адбыўся.

У ліпені 2007 году аналітычны цэнтар European Enterprise Institute (Брусэль) прысвоіў Бальцаровічу тытул «самага буйнога рэфарматара ў краінах Эўразьвязу».

У чэрвені 2008 году ён заняў пасаду старшыні Савета некамэрцыйнай дасьледчай арганізацыі Брэйгель.

У кастрычніку 2008 году Бальцаровіч стаў адным з 8 чальцоў Эўрапейскай экспэртнай групы па распрацоўцы рэкамендацыяў па прадухіленьні наступстваў сусьветнага фінансавага крызысу ў краінах ЭЗ на чале з дырэктарам-распарадчыкам МВФ у 1978—1987 Жакам дэ Ларозьерам.

У сакавіку 2016 году Бальцаровіч стаў каардынатарам Міжнароднай кансультатыўнай рады пры прэзыдэнце Украіны Пятро Парашэнку.

22 красавіка 2016 году Парашэнка прызначыў Бальцаровіча сваім прадстаўніком у Кабінэце Міністраў Украіны. Акрамя таго, Бальцаровіч прызначаны дарадцам прэзыдэнта і сустаршынёй групы міжнародных дарадцаў па падтрымцы рэформаў на Украіне (сумесна з былым намесьнікам прэм’ер-міністра Славакіі Іванам Міклашам).

27 ліпеня 2017 года Лешак Бальцаровіч вырашыў не працягваць свой кантракт як кіраўнік стратэгічнай групы дарадцаў па падтрымцы рэформаў на Украіне і спыніў там сваю працу.

  • Koszty rozruchu produkcji nowego wyrobu, «Ekonomista» nr 6/1976.
  • Struktura organizacyjna gospodarki narodowej a postęp techniczny, «Ekonomista» nr 6/1979.
  • Cechy międzynarodowego przepływu wiedzy technicznej, «Sprawy Międzynarodowe» nr 10/1981.
  • Socjalizm, kapitalizm, transformacja: szkice z przełomu epok, 1997.
  • Wolność i rozwój: ekonomia wolnego rynku, 1995.
  • Odkrywając wolność. Przeciw zniewoleniu umysłów (wybór tekstów i wstęp), 2012.
  • Trzeba się bić (rozmawia Marta Stremecka), 2014.
  • Zagadki wzrostu gospodarczego. Siły napędowe i kryzysy — analiza porównawcza (red. nauk. z Andrzejem Rzońcą), 2010.
  • Trzeba się bić z PiS o Polskę, 2016.
  • Wolność, rozwój, demokracja, 2017.