Перайсьці да зьместу

Кіцеж

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Горад на малюнку мастака Канстанціна Гарбатава (1876—1945)

Кі́цеж (па-расейску: Китеж, фальклёрныя варыянты: Китеж-град, град Китеж, Большой Китеж) — мітычны горад, які нібыта знаходзіўся ў паўночнай частцы Ніжагародзкага краю блізу Ўладзімерскага сяла на рацэ Люндзе. На месцы, дзе згодна з паданьнем калісь стаяў Вялікі Кіцеж (Большой Китеж), цяпер ляжыць возера Сьветлаяр.

Сьветлаярскі культ угрунтаваны на зьвестках «Кіцежскага Летапісца», што, як мяркуецца, быў створаны ў асяродку стараабраднікаў бегуноў у 80-90 гг. 18 стагодзьдзя.

На аснове матэрыялаў легенды і сярэднявечнай аповесьці аб Пятры і Фэўроніі створана лібрэта оперы М. А. Рымскага-Корсакава «Паданьне аб невідочным горадзе Кіцежы і дзявіцы Фэўроніі» («Сказание о невидимом граде Китеже и деве Февронии») (1907).

Згодна з паданьнем вялікі князь Уладзімерскі Юры спачатку збудаваў на Волзе горад Малы Кіцеж. Пазьней, перасёкшы колькі рэк, князь знайшоў прыгожыя мясьціны на берагох возер Сьветлаяр, дзе ён пастанавіў збудаваць горад Вялікі Кіцеж. Мяркуецца, што назва гораду пайшла ад княскага сяла Кідзекша (блізу Суздаля), зьнішчанага мангола-татарамі ў 1237 годзе.

Паваяваўшы некаторыя княства, хан Батый дазнаўся пра Кіцеж і загадаў захапіць яго. Неўзабаве быў захоплены Малы Кіцеж, і Юры мусіў шукаць ратунку ў лясох ля Вялікага Кіцежу. Аднак ворагі змаглі выведаць таемныя сьцежкі да возера Сьветлаяр, рушылі ў пагоню за Юр’ем і хутка дасягнулі гарадзкіх сьценаў. На іх зьдзіўленьне, горад ня меў ніякіх умацаваньняў, а жыхары нават не зьбіраліся абараняцца і толькі маліліся. Горад быў атакаваны, але атаку давялося адразу ж спыніць, бо раптоўна з-пад зямлі заструменілі вадаграі, якія пачалі заліваць горад і яго захопнікаў. Нападнікам давялося адступіць, адно назіраючы за тым, як горад апускаўся ў возера. Апошняе, што яны бачылі, быў крыж на купале сабора. Урэшце на месцы гораду засталіся толькі хвалі.

Гэтая легенда спарадзіла мноства неверагодных чутак, якія жывуць і сёньня. Сьцьвярджаюць, што толькі тыя, хто чысты сэрцам і душой, знойдуць шлях у Кіцеж. Таксама распавядаюць, што ў пагоду калі-нікалі можна чуць гук званоў і людзкія сьпевы, якія імкнуць з-пад водаў возера Сьветлаяр. Некаторыя кажуць, што зацятыя вернікі могуць бачыць агні рэігійных працэсіяў і нават будынкі на дне возера. Возера Сьветлаяр іншым разам назваюць «расейскай Атлянтыдай».

Загадка Вацлава Ластоўскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У аповесьці Вацлава Ластоўскага «Лябірынты» аб фантастычным падземным горадзе пад Полацкам адзін з галоўных герояў згадвае: «Жыцьцё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменьнік пад найменьнем Кіцежа». Да канца незразумела, ці маем мы ў гэтым выпадку справу з мастацкай прыдумкай, ці з аўтарскім апэраваньем нейкімі гістарычна-этнаграфічнымі дадзенымі, невядомымі сучасным дасьледнікам.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]