Перайсьці да зьместу

Кірые элейсан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грыгарыянскі харал «Кірые элейсан»

Кірые элейсан (грэц. Κύριε ελέησον — «Госпадзе, зьмілуйся») — адзін з найістотнейшых малітоўных заклікаў у літургіі хрысьціянскіх цэркваў, які выкарыстоўваецца падчас імшы й іншых набажэнстваў, такіх як літанія.

Просьбітная форма сустракаецца ў Старым Запавеце (псальм 40:5; 40:11, Іс. 33:2), а ў зьмененай форме ў псальмах 7:3; 10:14; 31:10; 56:2; 86:3 (нумарацыя паводле Сэптуагінты), а ў Новым Запавеце — у малітве ерыхонскіх сьляпых, зафіксаванай у форме «ἐλέησον ἡμᾶς, Κύριε» (Памілуй нас, Госпадзе — Мц. 20:30).

«Кірые элейсан» — адзін зь некаторых атрыбутаў, які бярэ свой пачатак на ўсходзе і адтуль прыйшоў у лацінскі і амбрасіянскі абрады. Упершыню занатаваны ў форме адказу люду на заклік дыякана ў апісаньні Этэрыі — найранейшай вядомай сьведкі, якая апісала ерусалімскую літургію канца IV стагодзьдзя. Такі тып літанійнае малітвы найпраўдападобней паўстаў у Антыёхіі, пасьля быў прыняты ў Канстантынопалі, а далей у Галіі і Рыме, дзе «Кірые элейсан» выконвалася падчас працэсіі ў храмах на крыжовым шляху як адказ на інвакацыі кантара альбо капляна. Пазьней выраз пачаў выкарыстоўвацца асобна падчас літургіі. У такой форме ягонае ўжываньне ўправамоцніў Вэзонскі сабор 526 року, а сьв. Бэнэдыкт замацаваў яго ў сваёй уставе(pl) (к. 540).

Сучасную форму і месца «Кірые элейсан» у літургіі ўстанавіў папа Рыгор I (590—604), дадаўшы заклік «Хрысьце элейсан» (выключна для рымскай літургіі) і наказаўшы выконваць гэты абрад у працоўныя і сьвяточныя дні.