Кіналягічны цэнтар Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°56′21″ пн. ш. 27°47′3″ у. д. / 53.93917° пн. ш. 27.78417° у. д. / 53.93917; 27.78417

Кіналягічны цэнтар Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь
Гады існаваньня з 16 лістапада 1993 году
Краіна Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь
Тып навучальная вайсковая частка
Функцыя падрыхтоўка службовых сабакаводаў і сабакаў
Колькасьць 20 слухачоў (2012 г.)
Дысьлякацыя пасёлак Калодзішчы (Менскі раён)
Дзейны камандзір Юры Цімохаў

Кіналягі́чны цэ́нтар Узбро́еных сі́лаў Рэспу́блікі Белару́сь — навучальная вайсковая частка для падрыхтоўкі службовых сабакаў і сабакаводаў, заснаваная ў лістападзе 1993 году ў Крупках (Менская вобласьць) пад назвай 1-я вайсковая школа малодшых спэцыялістаў.

З 1995 году месьціцца ў пасёлку Калодзішчы (Менскі раён). На 2012 год у цэнтры маглі адначасна навучацца да 20 слухачоў і да 20 сабакаў з тэрмінам навучаньня да 6 месяцаў. Сабакаводаў і сабакаў рыхтавалі да 5 відаў службы: вышуковай (у тым ліку зброі, наркотыкаў і выбуховых рэчываў), каравульнай, мінна-вышуковай, патрульнай і пошукава-выратавальнай. Працавалі племянны гадавальнік, радзільнае аддзяленьне на 120 шчанюкоў за год, вэтэрынарны пункт для стацыянарнага лячэньня. Асноўнымі пародамі сабакаў былі: нямецкая аўчарка і лябрадор, каўкаская, сярэднеазіяцкая, бэльгійская і паўднёварасейская аўчаркі[1].

Паслугі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2012 год Кіналягічны цэнтар Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь аказваў платныя паслугі:

  • утрыманьне, догляд і дрэсіроўка сабакаў — 40 200 рублёў ($4,8) за содні ўтрыманьня, 30 100 рублёў ($3,6) за 1 практычны занятак;
  • збыт сабакаў і шчанюкоў — 1,2 млн руб. ($143) за самца-шчанюка нямецкай аўчаркі і 1,15 млн руб. ($137) за саміцу, 1,2 млн руб. за самца-шчанюка лябрадора і 950 000 руб. ($114) за саміцу;
  • вэтэрынарны догляд;
  • падрыхтоўка службовых сабакаводаў[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 лістапада 1993 году ў Крупках (Менскі раён) стварылі 1-ю вайсковую школу малодшых спэцыялістаў (службовага сабакаводзтва). У 1995 годзе школу перамясьцілі ў пасёлак Калодзішчы (Менскі раён) пад назовам Кіналягічны цэнтар Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Цэнтар падрыхтаваў на патрэбы службы аховы Нацыянальнага аэрапорта «Менск» усіх адмыслоўцаў і службовых сабакаў для пошуку выбуховых рэчываў. Таксама ў Кіналягічным цэнтры падрыхтавалі адмыслоўцаў і сабакаў на патрэбы Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь для пошуку наркотыкаў. З 1998 году спартовая каманда Кіналягічнага цэнтру па біятлёне з сабакамі ўдзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах, чэмпіёнам якіх станавілася ў 1999, 2001 (Бэльгія) і 2009 гадах (Нідэрлянды). Таксама адмыслоўцы цэнтру станавіліся чэмпіёнамі Беларусі па вышуковай службе і двойчы па пошуку выбуховых рэчываў[1].

З 2001 году Кіналягічны цэнтар пачаў удзельнічаць у міжнароднай выставе «Чалавек і бясьпека». Цягам 2007 году на навучальна-трэніровачнай базе Кіналягічнага цэнтру прайшлі падрыхтоўку па каля 100 адмыслоўцаў і службовых сабакаў. На лістапад 2008 году налічвалася 9 пародаў сабакаў: аўчаркі (нямецкая, каўкаская, сярэднеазіяцкая, паўднёварасейская, бэльгійская), лябрадор, чорны тэр'ер, рызэншнаўцэр і маскоўская вартавая[2]. У 2010 годзе ў цэнтры падрыхтавалі для Эмірскай гварды дзяржавы Катар 10 адмыслоўцаў з службовымі сабакамі па пошуку выбуховых рэчываў. За 2012 год сабакі Кіналягічнага цэнтру абсьледавалі каля 400 мясьцінаў на наяўнасьць выбуховых рэчываў напярэдадні сустрэчаў службовых дэлегацыяў. Да 15 лістапада 2013 г. Кіналягічны цэнтар падрыхтаваў каля 2700 службовых сабакаў і каля 2500 сабакаводаў. Больш за 500 сабакаў і шчанюкоў удзельнічалі ў нацыянальных і міжнародных выставах. Шэраг сабакаў цэнтру атрымалі званьні міжнародных чэмпіёнаў[3].

Камандзіры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Начальнікі штабу:

  • Андрэй Мацьвіеўскі, падпалкоўнік

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Кіналягічны цэнтар Узброеных сіл // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  2. ^ Кіналягічны цэнтар Узброеных сіл Беларусі штогод рыхтуе каля ста спэцыялістаў службовага сабакаводзтва // БелаПАН, 13 лістапада 2008 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ 20-годзьдзе Кіналягічнага цэнтра Ўзброеных сіл // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 15 лістапада 2013 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]