Корань (мовазнаўства)
Ко́рань — абавязковая сэнсавая і структурная частка слова, якая зьяўляецца носьбітам рэчыўнага значэньня. Нельга лічыць, што ён выражае асноўнае лексычнае значэньне слова. Празь яго перадаецца агульнае значэньне, бо ён вылучаецца на базе аднакаранёвых словаў. Корань — агульная фармальна-структурная і сэнсавая частка роднасных словаў; здольны далучаць да сябе іншыя марфэмы, якія характарызуюць яго значэньне, утвараюць гнёзды роднасных словаў.
Вызначэньне кораня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для вызначэньня кораня выкарыстоўваюць прыёмы:
- Падбор аднакаранёвых словаў.
- Прыём пасьлядоўнага супастаўленьня вытворнай асновы і ўтваральнай асновы да таго часу, пакуль утваральная аснова ня стане невытворнай.
- Прыём падбору аднатыпна структурных словаў (эфэктыўны пры аналізе словаў зь іншамоўным коранем і ўнірадыксальнымі, адзінкавымі каранямі).
Лічыць, што корань — нязьменная частка слова, будзе няправільна, бо фармальна ён відазьмяняецца.
Свабодныя і зьвязаныя карані
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Корань можа выступаць у 2 формах:
- Свабодны — корань, які сам па сабе ці ў спалучэньні з канчаткам ужываецца як асобнае самастойнае слова.
Найбольшую самастойнасьць сярод свабодных каранёў маюць:
- карані, якія зьнешне супадаюць з цэлым нязьменным словам (або, ці, дзе).
Менш самастойнасьці маюць карані, якія ўтвараюць словы з матэрыяльна выражаным канчаткам (поле, мора).
- Зьвязаныя — карані, якія асобна ў мове не існуюць, а ўжываюцца ў спалучэньні са службовымі марфэмамі.
Адрозьненьні ад свабодных каранёў:
- зьвязаныя карані ўжываюцца толькі ў спалучэньні са службовымі марфэмамі, свабодныя карані — самі па сабе.
- зьвязаныя карані абавязкова павінны паўтарацца ў радзе аднакаранёвых словаў, свабодныя — вычляняюцца з раду адзінкавых словаў.
Зьвяз карані ў лінгвістычнай літаратуры называюцца радыксоіды.
Віды каранёў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле выражальнага значэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- З прадметным значэньнем (у назоўніках) — стол, акно, дзьверы.
- З працэсуальным значэньнем (у дзеясловах) — працаваць, кахаць, гатаваць.
- Са значэньнем непрацэсуальнай прыметы, атрыбутыўныя (у прыметніках) — прыгожы, цікавы, шэры.
- З колькасным значэньнем (у лічэбніках) — дваццаць, сорак пяць, сёмы.
Паводле фанэмнай структуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па якасьці канцавога гуку:
- адкрытыя (заканчваюцца на галосны гук).
- закрытыя (заканчваюцца на зычны гук).
Па якасьці пачатковага гуку:
- прыкрытыя (пачынаюцца з зычнага гуку).
- непрыкрытыя (пачынаюцца з галоснага гуку).
У сучаснай беларускай мове пераважаюць закрытыя прыкрытыя карані.
Паводле фанэмнага складу карані
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аднафанэмныя (монафанэмныя) — складаюцца з адной фанэмы.
- Поліфанэмныя — складаюцца з 2 і болей фанэмаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
- Шакун Л. М. Словаўтварэнне. Мінск: Вышэйшая школа, 1978.
- Шуба П. П. Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія. Мінск, 1987.