Перайсьці да зьместу

Копыскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік гісторыі і абарончай архітэктуры
Копыскі замак
Копыскі замак, 1808 г.
Копыскі замак, 1808 г.
Краіна Беларусь
Мястэчка Копысь
Каардынаты 54°19′07″ пн. ш. 30°17′18″ у. д. / 54.31861° пн. ш. 30.28833° у. д. / 54.31861; 30.28833Каардынаты: 54°19′07″ пн. ш. 30°17′18″ у. д. / 54.31861° пн. ш. 30.28833° у. д. / 54.31861; 30.28833
Дата заснаваньня XIV ст.
Копыскі замак на мапе Беларусі
Копыскі замак
Копыскі замак
Копыскі замак
Копыскі замак на Вікісховішчы

Копыскі замак — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Копысі. Знаходзіўся на ўзвышаным левым беразе Дняпра, на месцы дзядзінцу старажытнага гораду. Існаваў у XIV—XVIII стагодзьдзях.

Плян места і замка, 1665 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак паўстаў на дзядзінцы старажытнага гораду, аточаным валам вышынёй да 5 мэтраў (насыпаны ў другой палове ХІ — пачатку ХІІ ст.) і выконваў важную абарончую ролю ад часоў далучэньня Копысі да Вялікага Княства Літоўскага. Ужо Аляксандар Гваньіні адзначаў тут у трэцяй чвэртцы ХVІ ст. радавы «замак і места». Паводле інвэнтару Копысі за 1651 год, у замку былі дзьве брамы з «форткамі» — вялікая для ўезду з боку места і моцна нахіленая («апаўшая») вежападобная, якая стаяла над Дняпром і патрабавала рамонту. Пэўную ролю ў абароне замка выконваў вялікі 2-павярховы дом, «розным маляваньнем памалёваны», які абводзіўся галерэяй верхняга бою — «блянкаваньнем». Усе гэтыя пабудовы атачаліся частаколам.

Да пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) замкавыя фартыфікацыі не прывялі ў належны стан. Мясцовае насельніцтва, якое паддалося на прапагаду манахаў і сьвятароў Куцеінскага манастыра, 13 траўня 1654 году здало дрэнна ўмацаванае места войску ваяводы Замятні Лявонцьева. Барон А. Маербэрг, праязджаючы ў верасьні 1661 году праз Копысь, адзначаў, што места абаранялася драўляным замкам, які стаяў пасярэдзіне высокага пагорка.

У 1668 годзе пачалася рэканструкцыя замкавых фартыфікацыяў і запруды млына, дзякуючы якой замкавы «капец вада наўкола аблівала». Замак умацавалі земляным валам і чатырма больверкамі (прытым на 1668 год тры зь іх ужо ўзьвялі, а будаваньне чацьвертага заканчвалася). Пакінулі толькі адну ўязную браму, перад якой разьмяшчаліся пад’ёмны мост і вадзяны млын. Важную ролю ў абароне подступаў да замка адыгрывала вада сажалкі. У цэнтры замкавага двара знаходзілася студня з пад’ёмным колам і акаваным жалезам вядром. Рэкаструкцыя замка працягвалася ў 1670 годзе.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) расейскія войскі, якія адступалі на поўдзень, у 1707 годзе поўнасьцю спалілі места і замак, забралі ўсю зброю з арсэналу[1]. У пачатку XVIII ст. вадзяны роў вакол замка заплыў пяском, і яго зь цяжкасьцю ачышчалі. Сярод праведзеных расейскімі войскамі ў Вялікую Паўночную вайну фартыфікацыйных працаў у Копысі інвэнтары ўпаміналі толькі ўзьвядзеньне штыкету на земляным вале.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Копысь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, замак зруйнавалі.

Гарадзішча

У 1972 годзе археалягічныя дасьледваньне замка праводзіў Эдуард Загарульскі.

Пачаткова акруглае гарадзішча мела плошчу каля 0,5 га, яго паўночны край трохі выступаў. Уваход быў з усходняга боку. У выніку вайскова-будаўнічых работаў канфігурацыя фартыфікацыяў значна змянілася, перымэтар вала склаў 370 мэтраў, а памеры ўнутранай пляцоўкі — 80 на 60 мэтраў.

Важную ролю ў плянавальнай структуры фартыфікацыяў выконвалі рэкі Страшаўка і Сморкаўка, якія агіналі замак з двух бакоў і ўпадалі ў Дняпро. Утока Сморкаўкі перагароджавалася дамбай, а воды абедзьвюх рэк, падпертыя плацінай млына, утваралі стаў. Млын ахоўваў подступы да замка з поўдня, усходу і паўночнага ўсходу. Праезд у замак ішоў запрудай млына, якая падводзіла да пад’ёмнага моста перад замкавай брамай.

Паводле 12 інвэнтароў за 1726—1773 гады, замак меў чатыры бастыёны, драўляныя сьцены (палісад), якія рэгулярна рамантаваліся. Уязная драўляная вежа-брама мела двайныя вароты з магутнымі запорамі Яе другі паверх займала заля з чатырма вокнамі, вакол якой была кругавая галерэя верхняга бою. Памяшканьне залі выкарыстоўвалася дзеля захоўваньня ручной пальнай зброі, у якасьці лямуса, а таксама капліцы, дзе спраўлялі «сьвятую імшу». Вежа накрывалася гонтам, яе завяршаў бляшаны флюгер — «ветранік» у выглядзе арла[2].

  1. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 415.
  2. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003.