Койданаўская воласьць
Койданаўская воласьць, Койданаўскае староства (да сярэдзіны XVI ст.), Койданаўскае графства (зь сярэдзіны XVI ст. да канца XVIІІ ст.), Койданаўскі маёнтак — буйное фэўдальнае ўладаньне ў Менскім павеце ў XVI—ХІХ стагодзьдзяў. Цэнтар — места Койданаў. З канца XVІ ст. да канца ХІХ ст. у воласьць уваходзіла ад 20 да 66 вёсак.
Да 1483 году належала вялікім князям літоўскім, потым князю Васілю Вярэйскаму (Удалому), пазьней Гаштольдам, з 1542 — вялікім князям Жыгімонту Старому, Жыгімонту Аўгусту. У 1551—1831 гадох уласнасьць Радзівілаў, якія перайменавалі староства ў графства. У 1791 годзе ў Койданаўскім графстве было 1300 валок (26 тыс. дзесяцін) пашы, 2324 сялянскія дымы.
З 1793 году ў Менскім павеце Расейскай імпэрыі. За ўдзел Радзівілаў у вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі маёнтак, а ў 1878 годзе яго перадалі расейскім чыноўнікам Касакоўскаму і Сакалову (належаў ім да 1917 году).
У 1924 годзе адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Койданаўская воласьць, разам зь Велікасельскай, Станькаўскай, Старасельскай і часткай Заслаўскай валасьцей увайшла ў Койданаўскі раён БССР[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2