Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Рось)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
| |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Рось |
Каардынаты | 53°17′03.3″ пн. ш. 24°27′00″ у. д. / 53.28425° пн. ш. 24.45° у. д.Каардынаты: 53°17′03.3″ пн. ш. 24°27′00″ у. д. / 53.28425° пн. ш. 24.45° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзя ў Росі. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Дзее. Твор архітэктуры клясыцызму.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы драўляны касьцёл ў Росі збудавалі ў канцы XVI ст. У 1682 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Марцыяна Аляксандра Агінскага збудавалі новы драўляны касьцёл. У 1740 годзе ў Росі зьявілася місія Шчучынскага піярскага калегіюму. Пры парафіі дзеялі школа і шпіталь.
У 1770 годзе з фундацыі новага ўладальніка мястэчка графа Яўхіма Патоцкага пачалося будаваньне мураванага касьцёла, якое, аднак, зацягнулася (на 1796 год будынак вымуравалі толькі да вокнаў).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Рось апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1802 годзе аднавілася будаваньне касьцёла. 12 ліпеня 1808 году новы касьцёл асьвяціў ксёндз Францішак Цыбульскі. Таго ж году збудавалі мураваную плябанію. У 1838 годзе побач з касьцёлам паставілі драўляную званіцу.
У 1872 годзе касьцельны пляц абнесьлі новай драўлянай агароджай. У 1901—1903 гадох праводзіўся грунтоўны рамонт касьцёла. У 1914 годзе збудавалі мураваную касьцельную званіцу, дзе зьмясьцілі 3 званы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1924 годзе дах касьцёла пакрылі новай гонтай. У 1928 годзе сабралі сродкі на мураваную агароджу. У міжваенны час пры касьцёле дзеяў манаскі дом Сясьцёр Місіянэрак Сьвятой Сям’і. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. У 1958 годзе праводзіўся рамонт даху з заменай крокваў, у 1985 годзе дах пакрылі бляхай.
У 1990-я гады парафіі цалкам вярнулі плябанію, у 1999—2002 гадох праводзілася рэканструкцыя касьцёла.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта выцягнуты бязьвежавы прастакутны ў пляне аб’ём з трансэптам і паўцыркульнай апсыдай. Над галоўным фасадам 2-прыступкавы парамэт з фігурным усечаным шчытом. Фасады аздабляюцца гарызантальным рустам, апярэзваюцца спрошчаным карнізам і трыгліфным фрызам.
Унутраная прастора перакрываецца драўляных цыліндрычным скляпеньнем. Уздоўж 6акавых сьценаў праходзіць галерэя з драўлянай агароджай. Сьцены завяршаюцца масіўным карнізам з сухарыкамі. Над уваходам месьцяцца хоры на чатырох цыліндрычных калёнках. На сьценах, скляпеньнях асноўнага аб’ёму і алтарнай часткі разьмяшчаюцца маляўнічыя кампазыцыі на біблійныя тэмы і дэкаратыўная размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленьне прасторы. Пэрымэнтрам сьценаў у аркавых нішах разьмяшчаюцца выявы 12 апосталаў, пад хорамі — 4 сымбалі эвангелістаў у мэдальёнах, над хорамі — выявы музычны інструмэнтаў. Тры драўляныя алтары маюць выгляд карынцкай калянады з скульптурамі сьвятых і анёлаў і дэкаруюцца накладной пазалочанай разьбой. У інтэр’еры захоўваецца абраз «Маці Божая зь дзіцем», перанесены ў 1945 годзе з капліцы ў Мачульне. У левым крыле трансэпта знаходзіцца мармуровы надмагільны помнік Соф’і з Пацаў (1849—1909). Падлога з керамічных плітак, выкладзеная ў 1901 годзе (пра што сьведчыць дата «A.D. 1901» на падлозе пад нартэксам, а арыгінальны рысунак раскладкі пліткі захоўваецца ў парафіяльным архіве).
У межах агароджы касьцёла асобна стаіць 2-ярусная мураваная званіца[1].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
З боку апсыды
-
Брама-званіца
-
Алтар
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Карла Маркса, 1
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 317.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.