Пагадненьне аб правах і абавязках дзяржаваў
Мантэвідэйскае пагадненьне | |
Мантэвідэйскае пагадненьне аб правах і абавязках дзяржаваў 1933 году | |
Тып дамовы | Міжнароднае пагадненьне(en) |
---|---|
Падпісаная | 26 сьнежня 1933 |
· месца | Мантэвідэо (Уругвай) |
Набыла моц | 26 сьнежня 1934 |
· умовы | Маўклівае прызнаньне дзяржаваў, немяшаньне ў справы адна адной, раўнапраўе грамадзянаў з замежнікамі, непрызнаньне захопу войскам |
Тэрмін дзеяньня | Неабмежаваны |
Бакі | 19 дзяржаваў Амэрыкі |
Месца захаваньня | Вашынгтон (ЗША) |
Статус | Дзейнае |
Мовы | Ангельская, гішпанская, партугальская і француская |
www.oas.org/juridico/english/treaties/a-40.html |
Пагадненьне аб правах і абавязках дзяржаваў (па-ангельску: Convention on Rights and Duties of States) — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, падпісанае 19 дзяржавамі Амэрыкі ў Мантэвідэо (Уругвай) 26 сьнежня 1933 году на 4 мовах падчас 7-ай Нарады амэрыканскіх дзяржаваў(en). Складалася з 16 артыкулаў.
Умовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Артыкула 1 Пагадненьня дзяржава ў якасьці дзейніка міжнароднага права мусіла мець 4 уласьцівасьці: 1) пастаяннае насельніцтва, 2) пэўная тэрыторыя, 3) урад, 4) здольнасьць уступаць у дачыненьні зь іншымі дзяржавамі. Паводле Артыкула 2 фэдэрацыя мела складаць адзіны дзейнік міжнароднага права. Артыкул 3 абвяшчаў, што існаваньне дзяржавы не залежала ад прызнаньня іншымі дзяржавамі. Яшчэ да прызнаньня дзяржава мела права бараніць сваю цэласнасьць і незалежнасьць дзеля самазахаваньня й росквіту, як і самаўладкоўвацца паводле ўласнага меркаваньня, ухваляць законы ў сваіх зацікаўленасьцях(en), кіраваць сваімі службамі, вызначаць падсуднасьць і паўнамоцтвы сваіх судоў. Абмежаваньнем ажыцьцяўленьню гэтых правоў выступала толькі ажыцьцяўленьне такіх правоў іншымі дзяржавамі паводле міжнароднага права.
Артыкулам 4 абвяшчалася аднолькавасьць і роўнасьць у ажыцьцяўленьні правоў дзяржаваў. Гэтыя правы залежалі ад існаваньня дзяржавы ў якасьці дзейніка міжнароднага права. Паводле Артыкула 5 асноўныя правы дзяржаваў ніякім чынам ня мелі закранацца. Паводле Артыкула 6 прызнаньне дзяржавы мела значыць прызнаньне яе правоў і абавязкаў, вызначаных міжнародным правам, як і мела быць безумоўным і неадклікальным. Артыкул 7 дапускаў акром наўпроставага і маўклівае прызнаньне, якое прадугледжвала дзеяньне, што выяўляла намер прызнаць дзяржаву. Артыкул 8 забараняў дзяржавам мяшацца ў нутраныя і вонкавыя справы адна адной.
Паводле Артыкула 9 падсуднасьць дзяржаве ў межах падуладных земляў распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў. Замежнікі надзяляліся аднолькавай з грамадзянамі абаронай закону і дзяржаўных установаў ды ня мелі патрабаваць правоў, адрозных ад наяўных у грамадзянаў. Артыкул 10 першаснай зацікаўленасьцю дзяржаваў абвяшчаў захаваньне міру. Супярэчнасьці мелі вырашацца прызнанымі мірнымі спосабамі. Паводле Артыкула 11 бакі пагадненьня забавязваліся не прызнаваць зямельныя прырашчэньні і адмысловыя перавагі, атрыманыя праз ужыцьцё зброі або дыпляматычную пагрозу(en). Тэрыторыя дзяржавы абвяшчалася недатыкальнай для заняцьця войскам іншай дзяржавы.
Бакі пагадненьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мантэвідэйскае пагадненьне падпісалі і зацьвердзілі: Аргентына, Бразылія, Вэнэсуэла, Гаіці, Гандурас, Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Калюмбія, Куба, Мэксыка, Нікарагуа, Панама, Парагвай, Пэру, Сальвадор, Уругвай, Чылі і Эквадор.
Гэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |