Перайсьці да зьместу

Шлях з варагаў у грэкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «З вараг у грэкі»)
Шлях з варагаў у грэкі (фіялетавым колерам)

Шлях з варагаў у грэкі — назва асноўнага міжнароднага гандлёвага шляху Русі, які злучаў Паўночную Русь з Паўднёвай, Прыбалтыку і Скандынавію зь Бізантыяй. Меў два асноўныя адгалінаваньні, першае — больш кароткае, з Балтыйскага мора ў раку Заходняя Дзьвіна, а зь яе некалькімі варыянтамі волакаў у Дняпро, або Бярэзіну, другі ішоў з Балтыйскага мора па рацэ Нява ў Ладаскае возера, затым па рацэ Волхаў у Ільменскае возера, далей па рацэ Ловаць і адтуль ужо волакам у Дняпро. Шлях з варагаў у грэкі быў зьвязаны зь іншымі воднымі шляхамі Русі — Прыпяцка-Бускім і Заходнедзьвінскім, якія выводзілі у Заходнюю Эўропу, Волскім, які выводзіў у Касьпійскае мора, а таксама з больш дробнымі ўнутранымі шляхамі.

Упершыню назва сустракаецца ў Аповесьці мінулых гадоў. Шлях паўстаў у канцы IX — пачатку X стагодзьдзяў і быў адным з асноўных фактараў утварэньня Русі. Найвялікшае значэньне меў у X — першай траціне XI стагодзьдзя. Паўднёвую яго частку добра ведалі бізантыйцы, паводле зьвестак Канстантына Барвянароднага (X ст.) крывічы і люнцыяне[1] — славянскія плямёны, увясну сплаўлялі па дробных рэках ў Смаленск, Любеч, Чарнігаў вялікія (на 30—40 чал.) выдзяўбныя чаўны — аднадрэўкі, якія затым сплаўляліся па Дняпры ў Кіеў, дзе іх пераабсталёўвалі, загружалі таварам і адпраўлялі ўніз па Дняпры. Прайшоўшы 7 парогаў (найбуйнейшы Ненасыцецкі абыходзілі волакам), а таксама скалістае і вузкае месца Крарыйскую пераправу (дзе часта рабілі засаду печанегі), купцы спыняліся на выспе Хортыца, затым, усталяваўшы ў Дняпроўскім лімане на чаўнах марскія ветразі, плылі ўздоўж заходняга берага Чорнага мора да Царграду. У другой палове XI—XII стагодзьдзях у сувязі з раздробленасьцю Русі і тым, што ў выніку гэтага нізоўі Дняпра апанавалі качэўнікі, а таксама ў сувязі з узмацьненьнем гандлёвых сувязяў з Заходняй Эўропай шлях з варагаў у грэкі саступіў месца Прыпяцка-Бускаму і Заходнедзьвінскаму.

З поўдня па шляху вазілі: зь Бізантыі — віно, затаўкі, ювэлірныя і шкляныя вырабы, дарагія тканіны, абразы, кнігі, з Кіева — хлеб, розныя рамесныя і мастацкія вырабы, срэбра ў манэтах і іншае, з Валыні — шыфэрныя прасьніцы і іншае. З поўначы па шляху вазілі: са Скандынавіі — некаторыя віды зброі і вырабы мастацкага рамяства, з Паўночнай Русі — лес, футра, мёд, воск, з Прыбалтыйскіх земляў — бурштын.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Пакуль ня высьветлена, што гэта за славянскае племя.