Змова князёў ВКЛ 1481 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Змова князёў ВКЛ 1481 году — змова, выкрытая ў Кіеве ў 1481 годзе. Была складзеная ў колах арыстакратыі ВКЛ і ўзначальвалася слуцкім князем Міхаілам Алелькавічам, яго стрыечным братам Фёдарам Іванавічам Бельскім, Іванам Гальшанскім-Дубровіцкім, Іванам Глінскім.

Змоўшчыкі плянавалі забіць вялікага князя і польскага караля Казімера Ягелончыка, калі той мусіў прыехаць у Кобрынь на вясельле Ф. Бельскага і Анны Кобрынскай, і пасадзіць на вялікакняскі сталец Міхаіла Алелькавіча. Змова была выкрытая, і 30 жніўня 1481 году ў Вільні Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі-Дубровіцкі былі прылюдна пакараныя адсячэньнем галавы. Глінскі і Бельскі змаглі ўцячы ў Маскву.

Змоўшчыкі і тая частка буйных фэадалаў ВКЛ, на каго яны абапіраліся, былі незадаволеныя ўнутранай палітыкай Казімера Ягелончыка, адначасова і польскага караля — занядбаньнем ім праблемаў Княства, яго нязгодай аддаць вялікакняскі пасад, прыніжэньнем ім палітычнай ролі буйной арыстакратыі. Першыя «сымптаматычныя» падзеі незадаволенасьці фэўдальных колаў казімеравай палітыкай сталі выяўляцца з 1453 г., калі Казімера падчас яго чарговай паездкі ў ВКЛ паспрабаваў забіць невядомы. Асноўным патронам маладога Казімера датуль быў ваявода віленскі і фактычны намесьнік вялікага князя ў ВКЛ Ян Гаштольд, які з 1447 г. (абраньне Казімера на польскі пасад) намагаўся пратэжаваць вялікага князя дзеля правядзеньня ім пралітоўскае палітыкі. Аднак кампрамісная палітыка Казімера ў дачыненьні да тэрытарыяльных спрэчак Польшчы і ВКЛ на Валыні і Падольлі фактычна ўзьняла супраць Казімера буйную магнатэрыю ВКЛ, якая на той час фактычна завяршала сваё складаньне і ўяўляла канглямэрат буйных родаў, павязаных роднаснымі сувязямі. У выніку, трывалае незадавальненьне Казімерам у фэўдальных колах выказвалася адзінагалосна з 1450-х гг. У 1457 г. Казімер, праводзячы зноў кампрамісную палітыку, пацьвярджае прывілей 1447 г., а ў 1468 г. «Судзебнікам» дзеля гэтага ж узаконьвае шэраг фэўдальных практык. Гэта на час сьцішыла сытуацыю, але яна паўстала ізноў пасьля таго, як у 1471 г. Кіеўскае княства было перададзена ў намесьніцтва Марціну Гаштольду. Канчаткова ранейшы статус-кво аднаўляецца пад 1480-я гг., калі па намове польскіх фэўдалаў, якія не жадалі ўзмацненьня ВКЛ, Казімер фактычна забараняе панам ВКЛ весьці палітыку па падтрымцы Вялікага Ноўгараду ў яго абароне супраць Масковіі (сярод іншага, пранаўгародзкую палітыку падтрымлівалі і Алелькавічы).

Адносна ролі нацыянальна-рэлігійнага фактару ў змове думкі разыходзяцца — адныя аўтары мяркуюць, што аснова незадаволенасьці вычэрпвалася крыўдай старой арыстакратыі за ліквідацыю ўдзелаў, а ўся акцыя была родавай акцыяй Алелькавічаў. Які-колечы нацыянальны ці рэлігійны характар у такім выпадку адмаўляецца цалкам. Іншыя аўтары ўказваюць на падтрымку змовы з боку пэўнага кола фэадалаў, якія былі ў апазыцыі да пракаталіцкага ўраду ВКЛ, і сярод якіх былі адчувальнымі сэпаратысцкія прамаскоўскія настроі.

Адпаведна і плянаваны пераход змоўшчыкаў са сваімі землямі «да ракі Бярэзіны» пад уладу маскоўскага вялікага князя называецца або рэакцыяй змоўшчыкаў на выкрыцьцё, або загадзя заплянаванымі дзеяньнямі па выхадзе з-пад улады вялікага князя літоўскага. У рамках гэтых меркаваньняў лічыцца, што Алелькавічы мелі намеры па стварэньні «Вялікага Княства Кіеўскага», якое мусіла б заняць паўднёвы ўсход ВКЛ і перайсьці пад пратэктарат Масковіі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. — Мн.: Беларусь, 1994. — 527 с.: іл. ISBN 5-338-00929-3 (ч. 1), ISBN 5-338-01083-6
  • Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001.— 412 с. ISBN 985-6374-34-2.
  • П. Г. Чыгрынаў. История Беларуси с древности до наших дней: Учеб. пособие / П. Г. Чигринов. — Мн.: Книжный Дом, 2004. — 672 с. ISBN 985-428-804-8