Перайсьці да зьместу

Здэнка Шэлінгава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дабраславёная
Здэнка Шэлінгава
ДабраславёнаяЗдэнка Шэлінгава
Дабраславёная
Здэнка Шэлінгава
Сьвятая
Нарадзілася 24 сьнежня 1916
Крыва на Ораве, Долны Кубін, Аўстра-Вугорская імпэрыя
Памерла 31 ліпеня 1955 (48 гадоў)
Трнава, Чэхаславаччына
Шануецца Рыма-каталіцкі касьцёл
Дзень памяці 31 ліпеня
Патрон
  • перасьледваных вернікаў
  • мэдсёстраў
  • вязьняў
Атрыбуты манаская вопратка

Здэ́нка Шэ́лінгава (па-славацку: Zdenka Schelingová), ад нараджэньня Цэ́цылія Шэлінгава (славац. Cecília Schelingová; 24 сьнежня 1916, Крыва на Ораве, Долны Кубін, Аўстра-Вугорская імпэрыя — 31 ліпеня 1955, Трнава, Чэхаславаччына) — славацкая рыма-каталіцкая манашка Кангрэгацыі міласэрных сёстраў Сьвятога Крыжа, ахвяра камуністычнага перасьледу ў Чэхаславаччыне, каталіцкая дабраславёная.

Была дзясятай з адзінаццаці дзяцей у сям’і Паўла Шэлінга і Зузаны Панікавай[1][2]. Пры хросьце 27 сьнежня атрымала імя Цэцылія.

Скончыла школу (1923—1931) ў роднай Крывай, дзе таксама ўпершыню пазнаёмілася зь дзейнасьцю Міласэрных сёстраў Сьвятога Крыжа. 6 ліпеня 1931 сышла ў кляштар кангрэгацыі ў Подунайскіх Біскупіцах. У 1933—1935 вучылася на мэдсястру, пасьля прайшла курс радыялёгіі. 28 студзеня 1936 року распачала свой навіцыят і ўзяла імя Здэнка. 30 студзеня 1937 склала манаскія абяцаньні. У 1937—1940 роках працавала інтэрнам у шпіталі ў Браціславе. З 1940 — санітарка ў Гумэннэ, у 1942 вярнулася ў Браціславу, была лябаранткай, пасьля тэхнічкай рэнтгеналягічнага аддзяленьня мескай клінікі[2].

Пасьля ўсталяваньня камуністычнай улады ў 1948 року пачаўся масавы перасьлед рэлігіі. Усім манашкам было прапанавана выйсьці з кангрэгацыі пад пагрозай страціць працу ў клініцы. Большасьць манашак, у тым ліку і Шэлінгава, адмовіліся, але на працы засталася з-за адсутнасьці кваліфікаванай замены.

19 лютага 1952 року дапамагла ўцячы з-пад варты сьвятару Штэфану Кошцьялу, які трапіў да яе ў клініку на непрацяглы час. Зь ейных словаў, вырашылася на гэты ўчынак, пачуўшы ад ахоўнікаў, што Кошцьяла чакае суд і ссылка ў Расею, „адкуль той ужо ня вернецца“[3]. Каб падмануць ахоўніка, Здэнка падсыпала таму ў гарбату дрымотныя лекі.

29 лютага пры спробе дапамагчы ўцёкам трох ксяндзоў і трох сэмінарыстаў была арыштаваная і катаваная[3]. 17 чэрвеня таго ж году прыгавораная да 12 гадоў пазбаўленьня волі і 10 гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. Пакараньне адбывала сьпярша ў Браціславе, пасьля яе пераводзілі ў Рымаўскую Собату, Пардубіцы, Брно і ўрэшце на Панкрац у Прагу. Катаваньні падчас сьледзтва значна згоршылі ейнае здароўе, у турме ў дадатак разьвіўся рак малочнай залозы[2]. У мэдыцынскай дапамозе ёй адмовілі, ампутаваўшы пазьней грудзі без анэстэзіі. Здароўе працягвала пагаршацца далей, зьявіліся мэтастазы, і 16 красавіка 1955 року яе датэрмінова вызвалілі з турмы, баючыся, што яна там памрэ.

Працаваць у Браціславе ёй было забаронена, таму з 19 красавіка працавала ў трнаўскім шпіталі; неўзабаве памерла падчас імшы. 2 жніўня пахаваная на могілках у Трнаве; у 1979 року перапахаваная на кляштарных могілках Подунайскіх Біскупіц (раён Браціславы). Адтуль 6 чэрвеня 2003 парэшткі перанесеныя і цяпер знаходзяцца ў кляштарным касьцёле Сьвятога Крыжа ў Біскупіцах.

6 красавіка 1970 року суд зьняў зь яе абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе, а 18 лістапада Вярхоўны суд Славаччыны рэабілітаваў за адсутнасьцю складу злачынства.

22 лютага 2000 року Кангрэгацыя па кананізацыі сьвятых назвада Здэнку Шэлінгаву Служкай Божай. З 18 верасьня 2000 да 12 студзеня 2003 вялося вывучэньне ейнага жыцьця. 14 верасьня 2003 року падчас візыту папы Яна Паўла II бэатыфікаваная.

  1. Zdenka Cecilia Schelingová (1916—1955) (славацк.) La Santa Sede. Ватыкан. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
  2. 1 2 3 Borrelli, Antonio (8 кастрычніка 2003) Beata Zdenka Cecilia Schelingova (італ.) Santi Beati e Testimoni Праверана 27 сакавіка 2021 г.
  3. 1 2 Václav Vaško. Dům na skále/2: Církev bojující. — Kostelní Vydří: Karmelitánské nakladatelství, 2007. — С. 167. — ISBN 978-80-7192-892-8

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]