Кошыцкія мучанікі
Ко́шыцкія мучанікі (Марэк Крыжын, Штэфан Понграц, Мэльхіёр Градзецкі) — тры каталіцкія місіянэры, замардаваныя 7 верасьня 1619 року ў Кошыцах падчас антыгабсбурскага паўстаньня Габрыеля Бэтлена.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часе антыгабсбурскіх паўстаньняў у Вугоршчыне ў Кошыцах дзейнічалі тры місіянэры з намерам рэкаталізаваць места, якое ў выніку Рэфармацыі было пераважна пратэстанцкім.
Штэфан Понграц і Мэльхіёр Градзецкі былі езуітамі, і Марэк Крыжын быў эстэргомскім канонікам, пасланым арцыбіскупам у Красную над Горнадам (цяпер у складзе Кошыцаў), каб там загадваць уласнасьцю былога бэнэдыктынскага абацтва.
У пэрыяд антыгабсбурскіх паўстаньняў (1604—1711) каралеўскія месты часта пераходзілі на бок паўстанцаў. Калі ўвосень 1619 року паўстанцкія войскі аблажылі Кошыцы, у месьце распачаўся перасьлед каталікоў. Уночы з 6 на 7 верасьня 1619 траіх кошыцкіх місіянэраў схапілі і асудзілі на сьмерць. Каноніка замардавалі адразу, езуітаў вырашылі катаваньнем змусіць выракчыся каталіцкае веры. Пасьля таго, як абодва адмовіліся зрабіць гэта, ім адрубілі галовы. Іхнія мёртвыя целы дзеля застрашэньня астатніх каталікоў у месьце кінулі ў сьцёкавы канал.
Такі ўчынак абурыў нават мясцовых пратэстантаў. Нарэшце мясцовы кат уночы таемна пахаваў мёртвых сьвятароў. На месцы забойства кошыцкіх мучанікаў цяпер знаходзіцца касьцёл прэманстрантаў, пабудаваны ў іх гонар езуітамі.
У 1620 року жонка вугорскага палатына Пальфа, Катарына Форгачава, выявіла рэшткі мучанікаў. Іх перапахавалі сьпярша ў ейных уладаньнях у Ніжняй Шэбаставай (цяпер у складзе Прэшава) і ў Гертніку. У 1635 на запыт кардынала Пэтра Пазманя іх перавезьлі ў Трнаву, дзе паклалі ў касьцёле кларысак. У цяперашні час іхнія парэшткі падзялілі між уршулінскім касьцёлам сьв. Ганны і езуіцкім касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы.
Працэс бэатыфікацыі кошыцкіх мучанікаў распачаўся неўзабаве па іхняй гібелі, урэшце гэта зьдзейсьніў Папа рымскі Пій X 15 студзеня 1905. 2 ліпеня 1995 Папа Ян Павал II абвясьціў траіх кошыцкіх мучанікаў сьвятымі. Успамін паводле календара рыма-каталіцкай царквы — 7 верасьня.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кошыцкія мучанікі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |