Перайсьці да зьместу

За Сіняй Гарой

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
За Сіняй Гарой
па-габрэйску: רומן רוסי
Кніга Мэіра Шалева За Сіняй Гарой
Аўтар: Мэйр Шалеў[d]
Мова арыгіналу: габрэйская
Публікацыя: 1988
Выдавецтва: Рабочы люд

«За Сіняй Гарой» (у беларускім перакладзе; у арыгінале — Роман Русі) — раман ізраільскага пісьменьніка Мэіра Шалева, выдадзены ў 1988 годзе на іўрыце выдавецтвам «Рабочы люд».

Стылістыка раману

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рускі раман у ізраільскай літаратуры — устойлівы фразэалягізм, які поўніцца жарснымі і дабітнымі, але супярэчлівымі гэроямі з насычаным унутраным жыцьцём, іхнія паводзіны почасту недальнабачныя і нелягічныя, нават няўцямныя, разьвіцьцё іхніх вобразаў вядзе да зухаватых учынкаў, але прысутнасьць іх у творы закранае важныя пытаньні існаваньня. І «рускі» тут выкарыстоўваецца хутчэй у кантэксьце каляніяльным, імпэрскім, датычна ня толькі Расеі. Аднак сам тэрмін зьяўляецца выключна рэччу ізраільскай літаратуры. Часта пры перакладзе на іншыя мовы яна зьнікае.

Беларускі пераклад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па-беларуску кніга выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве Логвінаў. Перакладнік Павал Касьцюкевіч, рэдактар Сяргей Шупа.

Як вядома, ад назвы «Раман Русі» было вырашана адмовіцца праз марнаваньне сэнсу. Таксама як схэматычныя былі адкінутыя прапановы «Сэнтымэнтальны раман» і «Стары добры раман». Прапанаваную перакладнікам назву «Дом Вечнасьці для Першапраходцаў» (назва могілак, вакол якіх віруе твор) была адпрэчана афіцыйнымі прадстаўнікамі аўтара, таму канчатковым вырашэньнем было йсьці за анґельскімі і гішпанскімі перакладамі.

Сама Сіняя Гара, пра якую ўзгадваецца ў творы неаднаразова — горны масіў Кармэль, каля якога знаходзіцца места Хайфа. Калі плыць морам у Ізраіль з Усходняй Эўропы, як гэта й рабіла большасьць рэпатрыянтаў, то апынесься ў порце Хайфа, адкуль, агінаючы гару на асле ці аўто, апынесься ў апісанай у рамане Ізрээльскай даліне.

«За Сіняй Гарой» — сямейная сага чатырох пакаленьняў ізраільцаў. Гісторыя пачынаецца ў 1920х, у забалочанай Ізрээльскай даліне, куды прыбываюць габрэі-рэпатрыянты Магілёўшчыны, Меншчыны, Чарнігаўшчыны, Кіеўшчыны, а таксама іншых куткоў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Аповед у духу магічнага рэалізму — гэта перапляценьне чалавечых і зьвярыных лёсаў, гісторый змаганьня зь дзікай прыродай і ўласнай натурай. Нежартоўныя жарсьці гэрояў разгортваюцца на фоне барацьбы Ізраіля за дзяржаўнасьць. У цэнтры рамана — канфлікт паміж жыхарамі паселішча і ўнукам першапраходца Якава Міркіна Барухам, што арганізаваў на грамадзкай зямлі камэрцыйныя могілкі, пахаваньне на якіх зрабілася модай для габрэяў сьвету. Да чаго прывядзе супрацьстаяньне паміж камітэтам і наглядчыкам Дома Вечнасьці для Першапраходцаў, дзе пахаваныя «274, дзяды і бабкі, адзін мул і адна мандаліна», дазнаюцца чытачы, якія пройдуць пакручастымі сьцежкамі сюжэту да канца.

  • Прадмова Паўла Касьцюкевіча да выданьня кнігі
  • Аповед Андрэя Хадановіча пра кнігу