Жаночая зборная Нідэрляндаў па валейболе
Жаночая зборная Нідэрляндаў па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Нідэрляндзкі валейбольны зьвяз | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 8 | ||
Колеры | аранжавы, сіні | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | невядома |
Жаночая зборная Нідэрляндаў па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Нідэрлянды на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Нідэрляндзкім валейбольным зьвязам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валейбол у Нідэрляндах зьявіўся ў 1925 годзе. У 1947 годзе быў утвораны Нідэрляндзкі валейбольны зьвяз, які ў тым жа годзе стаў адным з сузаснавальнікаў Міжнароднай фэдэрацыі валейболу. Дэбют жаночай зборнай Нідэрляндаў адбыўся на першым чэмпіянаце Эўропе, які ладзіўся ў 1949 годзе ў сталіцы Чэхаславаччыны горадзе Празе. На ім нідэрляндзкія валейбалісткі выступілі няўдала, трываючы паразы ад усіх сваіх суперніц зь лікам 0:3 і заняўшы, такім чынам, апошняе месца. Першы афіцыйны матч зборнай Нідэрляндаў быў датаваны 12 верасьня, калі зборная саступіла гаспадыням першынства зборнай Чэхаславаччыне.
У наступныя 35 гадоў жаночая нацыянальная каманда Нідэрляндаў практычна рэгулярна была сярод удзельніцаў чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, займаючы месцы ў канцы ці па-за межамі першай дзясяткі. Не вытрымліваючы канкурэнцыі ў зборных сацыялістычных краінаў, дзе традыцыйна валейбол быў на добрым узроўні, сярод зборных з Заходняй Эўропы валейбалісткі Нідэрляндаў цягам доўгіх гадоў нязьменна займалі лідуючыя пазыцыі. У 1985 годзе Нідэрлянды ўпершыню ладзілі ў сябе чэмпіянат Эўропы і на ім жаночая зборная гаспадынь першынства нечакана упершыню стала прызэрам, выйграўшы бронзавыя мэдалі. Падчас турніру каманда саступіла зборнай СССР і зборнай НДР. Самай каштоўнай валейбалісткай першынства была названа галяндка Інгрыд Пірсма.
Другі раз узьняцца на эўрапейскі п’едэстал зборная Нідэрляндаў здолела праз 6 гадоў на чэмпіянаце Эўропы 1991 году. Заняўшы ў сваёй групе папярэдняга этапу першае месца, у паўфінале нідэрляндкі выгулялі гаспадыняў чэмпіянату зборную Італіі зь лікам 3:1. У фінале ж барацьбы бракавала, бо зборная СССР разграміла каманду Нідэрляндаў зь лікам 3:0 і агульным лікам паводле партыяў 45:9. Званьнем найлепшай нападніцы першынства была ўганараваная валейбалістка Гэнрыетэ Вээрсінг. Выхад у фінал эўрапейскага першынства забясьпечыў зборнай Нідэрляндаў алімпійскі дэбют. На летняй Алімпіядзе 1992 году ў гішпанскай Барсэлёне ў нідэрляндзкая каманда ў сваёй групе папярэдняга этапу саступіла зборным Бразыліі і Кубе, але выгуляла зборную Кітаю, прабіўшыся ў чвэрцьфінал, дзе каманда была выбітая зборнай ЗША зь лікам 1:3. Вынікам турніру для зборнай стала 6-е месца. На чэмпіянаце Эўропы 1995 году, які для каманда таксама быў хатнім, мясцовая зборная сэнсацыйна стала чэмпіёнам кантынэнту.
Пэўны час пасьля гэтага посьпехаў зборнай бракавала, толькі ў 2007 годзе зборная Нідэрляндаў здабыла перамогу на Гран-пры, які ладзіўся ў Кітаі. Чэмпіянат Эўропы 2009 году для нідэрляндзкай дружына склаўся вельмі ўдала. Аж да фіналу яны дакрочылі без паразаў, па чарзе здабыўся перамогі ў двух групавых раўндах у зборных Харватыі, Гішпаніі, Польшчы, Баўгарыі, Бэльгіі і Расеі. У паўфінале яны зноў выгулялі ў зборнай Польшчы, але ў фінале зазналі паразы ад зборнай Італіі. Пасьля зьмены трэнэраў і пакаленьня дзейных гульчыхаў зборная ня мела добрых вынікаў да 2015 году, калі на хатнім чэмпіянаце Эўропы зборная Нідэрляндаў упэўнена прабілася да фіналу (у 4-ы раз у сваёй гісторыі), але ў вырашальным матчы анічога ня здолела зрабіць зь дзейнымі чэмпіёнкамі Эўропы валейбалісткамі зборнай Расеі.
У 2016 годзе нацыянальная каманда Нідэрляндаў пасьля 20-гадовага перапынку забясьпечыла сабе ўдзел на турніры летніх Алімпійскіх гульнях 2016 году. На ім валейбалісткі дакрочылі да паўфіналу, дзе ва ўпартай барацьбе саступілі зборнай Кітаю, а затым у матчы за бронзавыя мэдалі зазналі паразу ад зборнай ЗША. На чэмпіянаце Эўропы 2017 году нідэрляндкі зноўку трапілі ў фінал, дзе саступілі зборнай Сэрбіі. Праз год на сусьветным першынства яны былі чацьвертымі.