Жаночая зборная Кітаю па валейболе
Жаночая зборная Кітаю па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Кітайская валейбольная асацыяцыя | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Азіяцкая канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 5 | ||
Колеры | чырвоны | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | 30 жніўня 2024 году |
Жаночая зборная Кітаю па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Кітай на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Кітайскай валейбольнай асацыяцыяй. Ёсьць адной з наймацнейшых жаночых нацыянальных валейбольных зборных сьвету, зьяўляючыся трохразовым чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў, двухразовым чэмпіёнам сьвету, 5-разовы пераможцам розыгрышаў Кубка сьвету і 13-разовым чэмпіёнам Азіі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валейбол зьявіўся ў Кітаі ў 1905 годзе ў паўднёвых рэгіёнах краіны, як то ў Ганконгу і Гуанчжоў. Значнае разьвіцьцё валейболу ў краіне пачалося пасьля 1949 году. Тады былі арганізаваныя выезды кітайскіх валейбалістаў у краіны Ўсходняй Эўропы дзеля вывучэньня тэхнікі і тактыкі гульні. У 1953 годзе была створаная Кітайская валейбольная асацыяцыя, якая ў тым жа годзе ўступіла ў склад Міжнароднай фэдэрацыі валейболу. Праз тры гады была сфармаваная жаночая зборная краіны, якая ўзяла ўдзел у чэмпіянаце сьвету, які ладзіўся у сталіцы Францыі Парыжы. У першым сваім матчы на турніры 30 жніўня кітаянкі ўпэўнена выгулялі зборную Аўстрыі зь лікам 3:0. У далейшым зборная здабыла яшчэ тры перамогі, але шэсьць разоў трывала паразы, заняўшы ў выніку 6-е месца, прапусьціўшы наперад толькі моцныя ўсходнеэўрапейскія каманды.
У далейшым аж да 1974 году кітайская нацыянальная зборная амаль не брала ўдзелу міжнародных турнірах, што было павязаны з унутрыпалітычнымі праблемамі і канфліктам вакол прызнаньня спартовых фэдэрацыяў Тайваню пад сьцягам Кітайскай Рэспублікі. У 1974 годзе зборная Кітаю з КНР зноў была сярод удзельніцаў сусьветнага першынства, якое было згулянае ў Мэксыцы, прычым пытаньне аб тым, хто будзе прадстаўляць Кітай было разьвязанае толькі напярэдадні чэмпіянату. Пасьпешна сабраная каманда выступіла няўдала, заняўшы толькі 14-е месца пры 23 удзельніцах. Зь сярэдзіны 1970-х гадоў валейбол Кітаю канчаткова вярнуўся на міжнародную арэну, а выніку паляпшаліся. У 1979 годзе зборная здабыла залатыя мэдалі на чэмпіянаце Азіі. Большая частка 1980-х гадоў прайшла з гегемоніяй зборнай Кітаю на міжнароднай арэне. Кітаянкі сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі ў 1984 годзе, здабылі перамогі ў чэмпіянатах сьвету 1982 і 1986 гадоў ды перамгалі на іншых турнірах, як то чэмпіянат Азіі ў 1987 і 1989 гадах.
У першай палове 1990-х гадоў зборная зазнала некаторы спад вынікаў на тле зьмены пакаленьняў, але на азіяцкім кантынэнце зборная Кітаю практычна ня ведала сабе роўных. Пасьля гэтых няўдачаў нацыянальную каманду ачоліла адна з самых выбітных валейбалістак краіны, лідэр «залатой» зборнай пачатку 1980-х Лан Пін. На летніх Алімпійскіх гульнях 1996 году кітаянкі дакрочылі да фіналу, дзе ва ўпартаў барацьбе саступілі зборнай Кубы. На чэмпіянаце сьвету 1998 году яны зноў зазналі паразу ад кубінак у фінальным матчы турніру. На пачатку 2000-х каманда мела пэўныя посьпехі, у тым ліку залатыя мэдалі на летніх Алімпійскіх гульнях 2004 году, але ў наступным часе ў зборнай Кітаю пагоршыліся вынікі.
У 2010—2012 гады зборная Кітаю была значна абноўленая. Да летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году ад алімпійскага складу 2008 году засталося толькі чатыры валейбалісткі. І калі ў перадалімпійскім 2011 годзе ў выніках каманды быў пэўны ўздым, тады ў 2012 годзе выступы зборнай зноў не дасягнулі чаканьняў і перш за ўсё на Алімпійскіх гульнях у Лёндане. Зборная скончыла барацьбу за мэдалі на чвэрцьфінальнай стадыі, саступіўшы зборнай Японіі ў пяці сэтах. У 2014 годзе зборная Кітаю ў значнай ступені вярнула некалькі страчаныя пазыцыі ў сусьветным валейболе. На чэмпіянаце сьвету, які ладзіўся ў Італіі, кітайскія валейбалісткі дакрочылі да фіналу, дзе ва ўпартай барацьбе саступілі зборнай ЗША зь лікам 1:3 і сталі срэбранымі прызэркамі першынства. У 2015 годзе кітайская нацыянальная каманда працягнула свой удалы рух, спачатку вярнуўшы сабе тытул наймацнейшай каманды Азіі на хатнім чэмпіянаце кантынэнту, а затым стаўшы першай у розыгрышы Кубка сьвету. 2016 год прынёс зборнай Кітаю трэцяе ў іхняй гісторыі алімпійскае золата, аднак турнір для прадстаўніцаў Азіі складваўся цяжка.
На летнія Алімпійскія гульні ў Токіё, адкладзеныя на 2021 год праз пандэмію каранавірусу, каманда Кітаю ехала ў якасьці аднаго з галоўных фаварытаў, але зусім нечакана ня здолела нават выйсьці з групы папярэдняга этапу. Летнія Алімпійскія гульні 2024 году таксама былі ня вельмі ўдалымі, бо зборная Кітаю была выбітая ў чвэрфцьфінале зборнай Турэччыны.