Еўна Азэф
Еўна Азэф | |
Еўна Фішалевіч Азэф | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
1869 Лыскаў, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
24 красавіка 1918 Бэрлін, Нямецкая імпэрыя |
Партыя: | Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў |
Сужэнец: | Любоў Менкіна |
Адукацыя: | Політэхнічны інстытут (Карльсруэ) |
Е́ўна Фі́шалевіч Азэ́ф (1869, Лыскаў, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 24 красавіка 1918, Бэрлін, Нямецкая імпэрыя) — расейскі сацыялістычны рэвалюцыянэр-правакатар, адзін з кіраўнікоў партыі эсэраў і адначасна сакрэтны супрацоўнік Дэпартамэнту паліцыі.
Як кіраўнік баявой арганізацыі эсэраў, зладзіў і пасьпяхова правёў шэраг тэрактаў, сярод якіх — забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча. У той самы час, як агент Ахоўнага аддзяленьня, выкрыў і здаў паліцыі мноства рэвалюцыянэраў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Еўна Азэф нарадзіўся ў кастрычніку 1869 року ў мястэчку Лыскаве Гарадзенскай губэрні ў сям’і беднага жыда-краўца. Быў другім дзіцем зь сямі. У 1874 року сям’я пераехала ў Растоў-на-Доне, дзе ў 1890 року Азэф скончыў гімназію. Пасьля працаваў журналістам і гандляром.
Удзельнічаў у гуртках рэвалюцыйнай жыдоўскай моладзі. У 1892, ратуючыся ад паліцыі, скраў 800 рублёў (паводле іншай вэрсіі, прадаў скрадзеную партыю масла) і зьбег у Нямеччыну, дзе ўладкаваўся вучыцца на інжынэра-электратэхніка ў Карльсруэ. У лік сакрэтных супрацоўнікаў паліцыі Азэф быў прыняты ў 1892 року[1]. 4 лістапада 1893 прапанаваў Дэпартамэнту паліцыі быць абвесьнікам датычна расейскіх рэвалюцыянэраў — студэнтаў політэхнічнага інстытута ў Карльсруэ, і ягоная прапанова была прынятая. Першапачатковы аклад Азэфа склаў 50 рублёў[a]. У 1899 ажаніўся зь Любоўю Рыгораўнай Менкінай, зь якой мелі двох дзяцей.
У партыі эсэраў і Ахоўным аддзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1899 року далучыўся да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і пераехаў у Маскву. Уладкаваўся інжынэрам-электрыкам, а ў 1903 року ачоліў тэрарыстычную групоўку эсэраў, кіраўнік якой Рыгор Гершуні быў арыштаваны дзякуючы інфармацыі, прадастаўленай Азэфам расейскай паліцыі. Партыйныя псэўданімы Азэфа — «Іван Мікалаевіч», «Валянцін Кузьміч», «Тоўсты». У кантактах з Дэпартамэнтам паліцыі карыстаўся псэўданімам «Раскін».
Створаную Гершуні баявую арганізацыю Азэф рэарганізаваў, зрабіўшы яе кампактнай, цэнтралізаванай, строга дысцыплінаванай і лёгка кіраванай. Сам Азэф з падтрымкай Міхаіла Гоца актыўна прасоўваў тэрор, пры гэтым папярэджваючы некаторыя тэракты (замах на міністра ўнутраных справаў Пятра Дурнаво, на цара Мікалая II). У той час ягоны заробак ад Ахоўнага аддзяленьня дасягаў 1000 рублёў/месяц.
Еўна выдаў паліцыі ўвесь першы склад ЦК ПСР і некаторых эсэраў-баевікоў (Сьцяпана Сьлётава, Георгія Апокава, Міхаілі Ведзяняпіна, Ганну Якімаву, Зінаіду Канаплянікаву і інш.), а таксама некаторыя пляны і камунікацыі рэвалюцыянэраў. Адначасна рэалізаваў болей за 30 тэрарыстычных актаў, зьдзяйсьняў забойствы выбітных прадстаўнікоў царскага дзяржаўнага апарату, у тым ліку сваіх начальнікаў: міністра ўнутраных справаў і шэфа корпусу жандараў Вячаслава Плеве (якога лічылі галоўным арганізатарам жыдоўскага пагрому ў Кішынёве ў 1903 р.), генэрал-губэрнатара Масквы вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, пецярбурскага граданачальніка Уладзімера фон дэр Ляўніца, галоўнага ваеннага пракурора Ўладзімера Паўлава. Для таго, каб унікнуць выкрыцьця, частку тэрактаў ён рыхтаваў таемна ад Дэпартамэнту паліцыі, прыкладаючы ўсе намаганьні для іхняга зьдзяйсьненьня. Пра іншыя плянаваныя тэракты паведамляў, і яны правальваліся. Дзякуючы гэтаму Азэфа лічылі «сваім» і сябры партыі, і паліцыя.
Пасьля Маніфэсту 17 кастрычніка Азэф стаў прыхільнікам роспуску баявой арганізацыі эсэраў і ўсяляк сабатаваў ейныя дзеяньні, вынікам чаго стаўся пераход эсераў да тэрору з дапамогаю дэцэнтралізаваных лятучых атрадаў.
Вынікам апошняе здрады Азэфа стаў арышт і пакараньне сьмерцю сябраў лятучага баявога атраду партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў у лютым 1908 року. Гэтая кара стала сюжэтам для Леаніда Андрэева пры стварэньні «Аповеду пра сямёх павешаных».
Выкрыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пачатку рэакцыі Азэф рыхтаваў замах на Мікалая II, для чаго разглядаліся даволі авантурныя схемы. У прыватнасьці, з падачы Азэфа ЦК ПСР даваў сродкі на праектаваньне і будаўніцтва адмысловай падводнай лодкі і самалёту для зьдзяйсьненьня тэракту. Аднак у 1908 року Азэф быў выкрыты як правакатар публіцыстам Уладзімерам Бурцавым (які спраўдзіў свае падазрэньні ад былога дырэктара Дэпартамэнту паліцыі Аляксея Лапухіна). На ўнутрыпартыйным разьбіральніцтве ЦК ПСР прысудзіў Азэфа да сьмерці, аднак той здолеў уцячы за мяжу.
Жыў у Бэрліне пад імем ранцье Аляксандра Ноймайра (ням. Alexander Neumayr) па дакумэнтах, выдадзеных міністэрствам замежных справаў Расеі. Пільна пазьбягаў кантактаў з прадстаўнікамі царскіх улад і расейскімі рэвалюцыянэрамі. Ягоная жонка Любоў Менкіна, якая ня ведала пра ягонае падвойнае жыцьцё, разьвялася з мужам і зьехала ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Апошнія рокі жыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны Азэф збанкрутаваў, бо ўсе сродкі трымаў у расейскіх каштоўных паперах. Каб хоць неяк выжываць, адчыніў у Бэрліне гарсэтную майстэрню. У чэрвені 1915 арыштаваны нямецкай паліцыяй як былы расейскі сакрэтны агент. Увязьнены ў турме Маабіт, вызваліўся ў сьнежні 1917 року.
У турме захварэў і 24 красавіка 1918 сканаў ад ныркавай недастатковасьці ў бэрлінскай лякарні «Krankenhaus Westend». Пахаваны ў Бэрліне ў безыменнай магіле пад № 446. Магіла не захавалася.
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэўны час асабовае імя Азэф нават стала назоўным для абазначэньня правакатара і даказчыка. Яно сустракаецца ў аповесьці «Рэспубліка Шкід» Рыгора Бялых і Л. Панцялеева і ў паэме Ўладзімера Маякоўскага «Воблака ў штанах».
У Тлумачальным слоўніку расейскай мовы пад рэдакцыяй Дзьмітрыя Ўшакова зафіксаванае слова «азэфаўшчына» ў наступным значэньні[2]:
АЗЕФОВЩИНА, ы, мн. нет, ж. (полит.). Крупная политическая провокация. [По имени провокатора с.-р. Азефа.] | ||
Сачыненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Письма Азефа, 1893—1917 / Сост. Д. Б. Павлов, З. И. Перегудова. — М.: Изд. центр «Терра», 1994. — 287 с.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У партыі эсэраў ягоны аклад як прафэсійнага рэвалюцыянэра складаў 125 рублёў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ П. А. Столыпин. Речь о деле Азефа, произнесённая в Государственной Думе 11 февраля 1909 года // П. А. Столыпин Нам нужна великая Россия. — М.: «Молодая гвардия», 1991.
- ^ АЗЕФОВЩИНА // Толковый словарь Ушакова онлайн
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- В. К. Агафонов. Заграничная охранка. Составлено по секретным документам заграничной агентуры и Департамента полиции. — Пг.: Книга, 1918. — 388 с.
- М. А. Алданов. Азеф. — Париж: 1936.
- А. А. Аргунов. Азеф в партии с.-р. // На чужой стороне. — Берлин—Прага: 1924. — № 6—7.
- В. Л. Бурцев. В погоне за провокаторами. — М.: «Современник», 1989. — 272 с.
- В. Л. Бурцев. Моя последняя встреча с Азефом. Из неопубл. материалов В. Л. Бурцева // Иллюстрированная Россия. — Париж: 1927. — № 48 (133). — С. 1—6.
- А. В. Герасимов. На лезвии с террористами. — М.: Товарищество Русских художников, 1991. — 208 с.
- Заключение судебно-следственной комиссии по делу Азефа. — Париж: Издание ЦК ПСР, 1911. — 104 с.
- Из истории партии с.-р. Показания В. М. Чернова по делу Азефа в Следственной комиссии партии с.-р. 2 февраля 1910 г. // Новый журнал. — Нью-Йорк: 1970. — № 101. — С. 172—197.
- Л. А. Ратаев. История предательства Евно Азефа // Провокатор: Воспоминания и документы о разоблачении Азефа. — Л.: 1929.
- Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Бездань Азэфа // Наша Ніва. — 29 лютага 2012. — № 8 (749). — С. 12.
- А. И. Спиридович. Записки жандарма. — Харьков: «Пролетарий», 1928. — 205 с.
- Л. Троцкий. Евно Азеф // Киевская Мысль. — Киев: 1911. — № 126.
- Л. Троцкий. Крах террора и его партии (К делу Азефа) // Л. Троцкий. Сочинения.. — 1926. — Т. 4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Еўна Азэф — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся ў 1869 годзе
- Памерлі 24 красавіка
- Памерлі ў 1918 годзе
- Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
- Беларускія жыды
- Палітыкі Расейскай імпэрыі
- Палітыкі-эмігранты
- Расейскія тэрарысты
- Расейскія рэвалюцыянэры
- Сябры партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў
- Правакатары
- Спэцслужбы Расейскай імпэрыі
- Падвойныя агенты
- Расейскія журналісты
- Памерлі ў Бэрліне
- Пахаваныя ў Бэрліне