Давід Алеві
Давід бэн Шмуэль Алеві | |
Род дзейнасьці | рабін |
---|---|
Дата нараджэньня | 1586[1] або 1587 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1667[2][1] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | рабін, рэлігійны пісьменьнік, пісьменьнік |
Навуковая сфэра | Талмуд і Галаха[d] |
Бацька | Шмуэль Алеві |
Жонка | Рыўке Сыркес Раў зь Піньчава |
Дзеці | Мардэхай Салямон Іешаяху |
Давід бэн Шмуэль Алеві (па-габрэйску: דוד הלוי סגל), таксама вядомы па мянушцы «Таз», Давід Сэгаль, Давід Лемберг (1586, Людмір — 26 швата[3] 1667, Лемберг) — рабін, выбітны заканазнаўца, адзін з духоўных лідэраў жыдоўскіх суполак Рэчы Паспалітае.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў мястэчку Людмір на Валыні ў сям’і рабіна Шмуэля Алеві. Вучыўся ў яшыве Меджыбожа, якую ўзначальваў р. Яэль Сыркес, аўтар кнігі «Баіт хадаш». Пазьней Давід ажаніўся з дачкой Баха (Сыркеса) Рыўке і пераехаў у Брыск, дзе Бах быў галоўным рабінам, і працягнуў тут навучаньне ў яшыве. Пасьля сканчэньня навучаньня пераехаў у Кракаў і заснаваў там уласную хату навучаньня.
У 1618 року р. Давід Алеві атрымаў першую рабінскую пасаду ў мястэчку Патыліч каля Равы. Пасьля быў рабінам Пружаны[4] і яшчэ некалькіх мястэчак. З 1620 жыў у Познані, не займаючы аніякія афіцыйныя пасады і цалкам прысьвяціўшы сябе вывучэньню Торы. Клопат пра забесьпячэньне ягонай сям’і ўзяў на сябе цесьць Бах, які ачольваў жыдоўскую грамаду Кракава. Аднак пасьля сьмерці сваёй першай жонкі ажаніўся другі раз з удавой ейнага брата, Раў зь Піньчава.
Пасьля сьмерці Баха р. Давід у 1641 року ўзначаліў грамаду Астрога, найбуйнейшага места Валыні, дзе заснаваў яшыву. Заняўся разгорнутым камэнтарам да ўсіх чатырох разьдзелаў кодэксу «Шульхан арух», складзенага р. Ёсэфам Карам. У 1646 у люблінскай друкарні быў выдадзены ягоны камэнтар на разьдзел «Ёре дэа» (Настаўнік мудрасьці), які ўтрымоўваў наказы і забароны рытуальнага характару. Гэтая кніга, названая «Турэй зааў» (Залатыя шэрагі), прынесла яму славу і найвышэйшы аўтарытэт у вачох знатакоў Торы. Наступныя пакаленьні сталі скарочана называць ягоную кнігу «Таз», а пазьней гэтая мянушка перайшла і на аўтара.
У 1648 року, падчас пагромаў Багдана Хмяльніцкага, Таз вымушаны быў зьбегчы ў Алыку, а адтуль у Маравію. У элегіі, прысьвечанай трагедыі жыдоў Польшчы і Ўкраіны, ён апісаў сваё дзівоснае збавеньне ад рук забойцаў.
Вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую ў 1653 року, Таз стаў старшынём рабінскага суду, а ў 1654 — рабінам акругі. Падчас пагромаў 1664 року загінулі ягоныя сыны Мардэхай і Салямон. Ягоны трэці сын Іешаяху і пасынак ад другой жонкі Ар’е-Ляйб былі пасланыя ў 1666 у Турэччыну, каб спраўдзіць грунтоўнасьць мэсыянскіх прэтэнзыяў Сабатая Цьві.
Памёр у 1667 року і пахаваны ў Лембергу.
Пасьля ягонай сьмерці былі выдадзеныя кнігі «Дыўрэй Давід» (Давідавы прамовы, 1689) і тры астатнія часткі камэнтару да кодэксу «Шульхан арух» (1692, 1754).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б David ben Shlomo ha-Levi // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Swartz A. David ben Samuel ha-Levi // Open Library (анг.) — 2007.
- ^ Рав Реувен Пятигорский. Шват (рас.) Евреи и Тора. Толдот Йешурун. Праверана 20 сакавіка 2012 г.
- ^ Меир Гальперин. Гадоль из Минска 13. Отъезд из Сельцов (рас.). Толдот Йешурун. Праверана 20 сакавіка 2012 г.