Перайсьці да зьместу

Гітара

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гішпанская гітара

Гіта́ра — струнна-шчыпковы музычны інструмэнт. Зьявілася каля XIII стагодзьдзя ў Гішпаніі. Мае лады (звычайна да 24).

Самыя першыя захаваныя зьвесткі пра струнныя інструмэнты з рэзаніруючым корпусам, продка сучаснай гітары, датуюцца прыблізна да ІІ тысячагодзьдзя да Р. Х. Шумэра-вавілёнскі інструмэнт кіннора згадваецца ў Бібліі[1].

На кіфары й цытры гралі ў Старажытным Эгіпце й Старажытнай Грэцыі, пасьля яны прыйшлі ў Рым[2].

З-за зьяўленьня доўгай вузкай шэйкі, з панцыраў чарапах, высушаных пладоў гарбузоў і іншых рэчываў, пачалі рабіць суцэльны рэзанатар. А драўляны корпус прыдумалі ў Старажытным Кітаі ў пачатку першага тысячагодзьдзя пасьля Р. Х. Там існавалі жуань[3] й юэцынь[4]. Адтуль гэтая ідэя дайшла да арабскіх краінаў — зьявілася маўрыцкая гітара, і толькі ля VI стагодзьдзя, па іншым крыніцам VIII стагодзьдзя, гітары дайшлі да Эўропы.

Лацінскае слова cithara паходзіць ад грэцкага κιθάρα й падчас эпохі Сярэднявечча зьяўляюцца формы kitaire, quitaire, quitarre[5][6][7].

У Сярэднявеччы асноўным цэнтрам разьвіцьця гітары была Гішпанія, на якую ўплывалі арабскія краіны з маўрыцкай гітарай. У XV стагодзьдзі ў Гішпаніі распаўсюджваліся гітары з пяцьцю здвоенымі струнамі, першая струна магла быць ня здвоенай. У канцы XVIII стагодзьдзя гішпанскія гітары, з ужо вялікім рэпертуарам твораў, былі шасьціструннымі. Трэба адзначыць найвядомейшага гітарыста, які паўплываў на разьвіцьцё гітарнае музыкі XIX стагодзьдзя — Маўра Джуліяні. Зробленая Іванам Батовым сяміструнная гітара паводле саксонскай цыстры атрымала папулярнасьць у Расеі падчас XIX стагодзьдзя. Цяпер яна называецца "рускай". Але ў слоўніку Ўладзімера Даля падаецца: «на италиянской гитаре шесть струн, на польской семь, но строй первой объемистее...»

Беларускія музыкі моцна паўплывалі на фармаваньне ў Расеі прафесійнае гітарнае школы. На тэрыторыі Беларусі ўжо ў XVIII стагодзьдзі была распаўсюджана сяміструнная гітара[8]. Паводле мэмуараў вядомага расейскага літаратара Фадзея Булгарына, нараджэнца Меншчыны: «Напрыканцы XVIII стагодзьдзя на Меншчыне амаль кожная бедная шляхцяначка іграла на польскай гітары зь сям'ю жалезнымі струнамі»[9]. Распаўсюджанасьць гітары ў Беларусі паўплывала на тое, што заснавальнікам расейскай школы прафэсійнай ігры на сяміструннай гітары стаў Андрэй Сіхра (1773 — 1850), чэх паводле нацыянальнасьці, які нарадзіўся і сталеў у Вільні[2]. У 1790-я гады А. Сіхра пераехаў у Маскву, потым у Санкт-Пецярбург, дзе заняўся пэдагагічнай і кампазытарскай дзейнасьцю.

Гітарыст-віртуоз стаў кумірам шматлікіх вучняў і прыхільнікаў. Яго высока цанілі М. Глінка, А. Даргамыжскі, А. Варламаў, А. Дзюбюк, Д. Фільд і іншыя[8].

А. Сіхра іграў на польскай гітары раней за Напалеона Коста, французскага гітарыста, якога многія дасьледчыкі лічаць заснавальнікам сяміструннае гітары.

Беларускае паходжаньне меў і другі заснавальнік прафесійнае школы ігры на сяміструннай гітары ў Расеі — Міхаіл Высоцкі. Ён таксама паўплываў на разьвіцьцё гітарнага мастацтва. Напісаў шматлікую колькасьць мазурак, экасэзаў, палянэзаў, песень паводле народных сьпеваў[3].

У дваццатым стагодзьдзі зьявілася электрагітара. Але на цяперашні час клясычная італьянская шасьціструнная гітара ў сьвеце мастацтва й музыкі ўсё яшчэ застаецца эталёнам.

Існуе шмат разнавіднасьцяў гітар:

  • Акустычныя
    • 6-струнныя (клясычная (гішпанская), акустычная)
    • 7-струнныя (расейская гітара, рамансавая, цыганская)
    • 9-струнныя — адрозьніваецца здвоенымі трыма ніжнімі струнамі.
    • 12-струнная — адрозьніваецца здвоенымі струнамі. Парныя струны наладжваюцца з розьніцай у актаву.
    • Гавайская
    • Басовая — 4-струнная
    • Партугальская — 6-струнная, мае спэцыфічны выгляд, па форме нагадвае мандаліну або домру
  • Электрагітары — па канструкцыі могуць быць цэльнакарпуснымі або паўакустычнымі, грыф можа ўклейвацца, альбо прышрубоўвацца да корпуса. Брыдж (месца мацаваньня струнаў) можа быць фіксаваным або «плаваючым», які называюць альбо «трэмала», альбо «вібрата» — назва «вібрата» больш лягічная, але прыжыліся абодва гэтыя тэрміны. У музычных ансамблях выдзяляюць сола-гітары або лід-гітары (ад анг. lead — галоўны), на якіх пераважна выконваюць мэлёдыю, і рытм-гітары, на якіх выконваюць акорды.
    • Бас — існуюць 4 або 5, 6 і нават 7 струнныя, бываюць безладовыя.
    • Стык Чэпмэна або проста стык — гітара, адмыслова аптымізаваная для ігры тэпінгам — ударамі пальцаў аднае рукі па струнах. На стыку можна іграць з двух канцоў. Звычайна мае 10 струнаў (вялікі стык — 12). Тэарэтычна магчыма адначасовае гучаньне да 10 нотаў (1 палец — 1 нота)
    • Гітара Ўора — гітара прызначаная для ігры тэпінгам. Існуюць гітары Ўора з 8, 12 або 14 струнамі. Гэты інструмэнт ня мае стандартнай налады.
    • MIDI-гітара
    • слайд-гітара, якая трымаецца гарызантальнна і на якой гуляюць пераважна з дапамогай слайдэра замест таго, каб заціскаць струны пальцамі.

Да электрагітар адносяцца гітары «дабро» (па-ангельску: dobro) з мэталічным корпусам і незвычайным гучаньнем.

Зрэдку вырабляюць гітары з двума грыфамі, прымацаванымі да адной дэкі. Гэта зручна, калі падчас выкананьня неабходна хутка пераключыцца на іншы тэмбр.

Лад клясычнай гішпанскай гітары (ад першай струны да шостай): мі-сі-соль-рэ-ля-мі. Лад расейскай (мажорнай) сямістрункі: рэ-сі-соль-рэ-сі-соль-рэ. Існуюць і іншыя лады.

Гітары вырабляюцца як фабрыках, так і асобнымі майстрамі (т. зв. майстровыя гітары).

Дэталі акустычнай і электрычнай гітары
  1. галоўка грыфа
  2. верхні парожак
  3. калкі
  4. лады
  5. анкерны стрыжань
  6. кропкі на грыфе
  7. грыф
  8. падстава грыфа і гузік
  9. корпус.
  10. гуказдымальнікі ў электрагітар
  11. рэгулятары гучнасьці і тэмбру
  12. падстаўка
  13. Pickguard


Тлустым вылучаныя асноўныя канструктыўныя дэталі.

Корпус з плоскімі дэкамі і характэрнай перамычкай вырабляецца з дрэва або заменьнікаў. Гуказдымальнікі могуць таксама часова прымацоўвацца на гітару

гітарны мэдыятар
  • Круцёлка
  • Кіпцюры
  • Ключ, гітарны ключ — прылада для рэгуляваньня становішча грыфа акустычнай гітары з мэтай зьмены вышыні струн над грыфам. Звычайна ўяўляе сабой шасьціграньнік — адмысловы або прыстасаваны зь іншых інструмэнтальных набораў.
  • Мэдыятар
  • Падстаўка
  • Стойка
  • Паралон кладзецца на левую нагу, каб гітара больш надзейна трымалася.

У адрозьненьне ад, напрыклад, дзьмухавых інструмэнтаў, нацягненьне струн памяншаецца і гітара разладжваецца. Для наладкі гітары могуць выкарыстоўвацца цюнеры.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Быцьцё: 4:21.
  2. ^ а б Кіфара. С. М. Лебедзеў — Вялікая расейская энцыкляпэдыя, 2009. — С. 193 — ISBN 978-5-85270-345-3.
  3. ^ а б 阮 ruǎn; yuǎn кіт. муз. жуань, юань (старадаўні струнны шчыпковы інструмент)
  4. ^ 月琴 yuèqín кіт. муз. юэцынь (4-струнны інструмент з круглым або 8-гранным корпусам)
  5. ^ Гісторыя гітары, рас.
  6. ^ Савецкі энцыкляпэдычны слоўнік / Гал. рэд. Прахораў, — 4-е выданьне. — М.: Сав. энцыкляпэдыя, 1989. ISBN 5-85270-001-0
  7. ^ Guitar у ангельскім этымаляґічным слоўніку
  8. ^ а б Гісторыя беларускіх музычных уплываў / Зьміцер Сасноўскі. — Менск: Медысонт, с. 54. ISBN 978-985-6887
  9. ^ http://fershal.narod.ru