Перайсьці да зьместу

Гісторыя Дарагічына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дарагічынмагдэбурскае[1] места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Колішняя сталіца Давячораўскага графства.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Старая хата, 1907 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра сяло Давячоравічы (першая назва сучаснага Драгічына) зьмяшчаецца ў Літоўскай Мэтрыцы і датуецца 1452 годам. Паселішча ўваходзіла ў склад Пінскага староства і знаходзілася ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Праз Давячоравічы праходзіла дарога зь Берасьця на Валынь. У 1450—1460-я гады князь пінскі Юры Сямёнавіч перадаў сваёй граматай частку даніны зь сяла на карысьць царквы ў Дружылавічах, на якую мусіла выдаткоўвацца 2 вядры мёду.

У 1552 годзе ўпамінаецца Давячораўскае войтаўства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У пачатку XVII ст. Давячоравічамі валодаў Леў Сапега, які ў 1619 годзе перадаў сяло Нявельскім. Апошнія ў 1623 годзе заснавалі царкву Прычыстай Багародзіцы і атрымалі для паселішча статус мястэчка. Пад 1655 годам яно ўпершыню ўпамінаецца як Драгічын (у далейшым сустракаецца і форма Дарагічын[2]).

У 2-й палове XVII ст. упамінаецца Давячоравічаўскі маёнтак, які ў апошняй чвэрці XVIІI ст. называўся графствам. У 1749 годзе пінскі маршалак М. Ажэшка заснаваў у мястэчку францішканскі кляштар. У 1778—1779 гадох тут было 68 дамоў, а само паселішча звалася местам[2]. У 2-й палове XVIІI ст. існавала ратуша.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Касьцёл, 1935 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Драгічын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце. Статус паселішча панізілі да мястэчка. На 1849 год тут было 98 будынкаў.

Да 1886 году каля Драгічына збудавалі чыгуначную станцыю. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 280 дамоў (зь іх 140 жылыя), царкоўнапрыходзкая школа, 2 народныя вучэльні, лячэбніца. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны працавалі фабрыка саламяных капелюшоў, 2 маслабойні, завод ачысткі крэйды, млыны.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Драгічын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Драгічын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 246 будынкаў.

У 1939 годзе Драгічын увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 10 лістапада 1967 году Драгічын атрымаў статус места.

  1. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 312.
  2. ^ а б Грынявецкі В. Давячоравічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 568.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.