Перайсьці да зьместу

Генрык Вэйсэнгоф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генрык Вэйсэнгоф
Дата нараджэньня 26 ліпеня 1859(1859-07-26)[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 23 ліпеня 1922(1922-07-23)[3][4][5][…] (62 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, genre painter, пейзажыст
Жанры пэйзаж
Подпіс Выява аўтографу

Генрык Вэйсэнгоф (па-польску: Henryk Bonawentura Kazimierz Weyssenhoff, па-летувіску: Henrikas Veisenhofas; 26 ліпеня 1859, Пакрэўна, Ковенскі павет — 23 ліпеня 1922, Варшава) — польскі, летувіскі й беларускі мастак, жывапісец.

Нашчадак старажытнага шляхецкага роду нямецкага паходжаньня гербу Лебедзь, які пасяліўся ў XVІІ стагодзьдзі ў Лівоніі. Бацька Генрыка — Уладзіслаў Вэйсэнгоф, вядомы пісьменьнік, удзельнік паўстаньня 1863 года, быў сасланы ў Сыбір. Неўзабаве маці Генрыха, Юзэфа з Быкоўскіх, зь дзецьмі паехала ўсьлед за мужам у высылку. Дзяцінства Генрык Вэйсэнгоф правёў на Урале.

Першыя лекцыі выяўленчага мастацтва Вэйсэнгоф атрымаў у высыльнага жывапісца Люцыяна Крашэўскага (брата вядомага пісьменьніка Юзэфа Крашэўскага). У 1874 годзе бацька Вэйсэнгофа быў амніставаны, з забаронай на пражываньне ў родных месцах. Сям’я пасялілася ў Варшаве.

З 1874 году ён пачаў навучацца ў клясе маляваньня ў прафэсара жывапісу Войцеха Герсана[7]. На творчасьць маладога мастака зьвярнуў увагу жывапісец Генрык Семірадзкі, які дапамог Вэйсэнгофу паступіць у 1880 годзе ў Пецярбурскую імпэратарскую акадэмію мастацтваў. Да 1885 году вучыўся ў Пецярбурскай акадэміі[7]. У гэты час за кампазыцыю «Транспарт параненых» яму быў прысвоены сярэбраны мэдаль і званьне мастака. У 1889 годзе выехаў у Мюнхэн[7], дзе стажаваўся пад кіраўніцтвам Альфрэда Кавальскага-Веруша(pl).

У 1903—1904 гадах жыў у Парыжы, пасьля чаго пасяліўся ў фамільным маёнтку(be) бацькоў у вёсцы Русаковічы Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці Беларусі).

У час Першай сусьветнай вайны мастак вымушаны быў пераехаць у Варшаву, дзе й памёр у 1922 годзе.

Юбілейны значок аўтарства Генрыка Вэйсэнгофа, падараваны Эдварду Вайніловічу (1847—1928) сябрамі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 25-ю гадавіну працы ў таварыстве

Творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Беларусі й Польшчы[7].

Аўтар рэалістычных пэйзажаў[7], якія характарызуюцца лірычным настроем. Ён таксама выступаў, як графік і скульптар.

Заўзяты паляўнічы, Генрых Вэйсэнгоф неаднаразова адлюстроўваў на сваіх палотнах лясных зьвяроў і птушак на ўлоньні дзікай прыроды. У сядзібе ў Русаковічах трымаў свойскіх медзьведзянят, якіх таксама адлюстроўваў у сваіх працах.

Ім была створана сэрыя ілюстрацый да твораў стрыечнага брата Юзэфа Вэйсэнгофа: зборніка вершаў «Эротыка» (1911) і раману «Собаль і панна(pl)» (1913).

Карціны Вэйсэнгофа карысталіся посьпехам у крытыкаў і гледачоў, неаднаразова былі адзначаны мэдалямі на выстаўках, у прыватнасьці, сярэбраным мэдалём на выстаўцы ў Парыжы ў 1900 годзе.

Генрык Вэйсэнгоф быў сябрам варшаўскага аб’яднаньня мастакоў «Pro Arte(pl)».

Зрабіў эскізы дыплёму сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўкі ў Менску ў 1901 годзе.

Удзельнік мастацкіх выстаў у Пецярбургу (1888, «Транспарт параненых», «Беларускія могілкі. Русаковічы»), Бэрліне (1891, «Могілкі»), Львове (1891, «Куток у Польным»), Парыжы (1901, «Сьнег»), Менску (1916, «Прадчуваньне», «Змаганьне», «Хмара», «Цішыня», «Беларускія паляўнічыя», «Паляўнічыя з сабакамі»).

  • Aneta Pawłowska — Henryk Weyssenhoff (1859—1922). Zapomniany bard Białorusi, Wydawnictwo DiG, 2006
  1. ^ RKDartists (нід.)
  2. ^ Henri or Henryk Weyssenhoff // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  3. ^ Henryk Weyssenhoff (анг.)
  4. ^ Henryk Weyssenhoff (фр.)
  5. ^ Henryk Weyssenhoff // RKDartists (нід.)
  6. ^ http://www.sejm-wielki.pl/b/sw.4363
  7. ^ а б в г д Вейссенгоф Генрих Владиславович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 108. — 737 с.