Габрыеле Пяткевічайце-Біце
Габрыеле Пяткевічайце-Біце | |
Gabrielė Petkevičaitė-Bitė | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Gabrielė Petkevičaitė |
Псэўданімы | Bitė |
Нарадзілася | 18 сакавіка 1861[1] |
Памерла | 14 чэрвеня 1943[1] (82 гады) |
Пахаваная | |
Бацькі | Jonas Leonas Petkevičius Malvina Ona Chodakauskaitė |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Пісьменьніца, публіцыстка, літаратурная крытыца, драматургіня, палітычная дзяячка |
Гады творчасьці | 1890—1943 |
Мова | летувіская |
Дэбют | 1905 |
Значныя творы | Krislai (1905), Ad astra (1933) |
Габрыéле Пяткевіча́йце-Бíце (па-летувіску: Gabrielė Petkevičaitė-Bitė), псэўданім Bitė (зь лет. Пчала; 18 сакавіка 1861, Пузынішкі каля Панявежу, Расейская імпэрыя ― 14 чэрвеня 1943, Панявеж, Летува) ― летувіская пісьменьніца, публіцыстка, драматургіня, літаратурная крытыца, грамадзка-палітычная дзяячка, пэдагогіца[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Габрыеле Пяткевічайце паходзіць з шляхты Ковенскай губэрні. Дачка лекара, дырэктара бальніцы ў Янішкеле. Ейная маці памерла ад тыфу, калі Габрыеле было дзевяць год, Габрыеле і ейныя пяць братоў засталіся сіротамі. Зь дзяцінства Габрыеле была інвалідкай (дэфармаваны хрыбэтнік). Таму атрымала хатнюю адукацыю. Сярод ейных настаўнікаў быў Лаўрынас Івінскіс. Потым у 1878 годзе скончыла жаночую гімназію ў Елгаве[4].
Пазьней разам з бацькам працавала ў аптэцы і прыватна вывучала, удасканальвала летувіскую мову.
У пачатку 1890-х гадоў пачала займацца культурнай, грамадзкай і творчай дзейнасьцю[4].
Наведвала курсы пчалярства[4].
У 1893 г. яна ініцыявала стварэньне Таварыства дапамогі актыўным студэнтам. У 1907 г. была адной з арганізатарак і старшынём першага Летувіскага жаночага кангрэсу, сузаснавальніцай Таварыства летувіскіх жанчынаў (1908). Пасьля сьмерці бацькі ў 1909 г. жыла ў Вільні, працавала ў газэце «Lietuvos žinios»[4].
Падчас Першай сусьветнай вайны Габрыеле Пяткевічайце вярнулася на малую радзіму. У 1917 годзе кончыла фэльчарскія курсы, дапамагала хворым. Падчас вайны вяла дзёньнік, апублікаваны ў 1925 і 1933 гадах. У 1919 годзе пачала выкладаць у Панявескай гімназіі. Яна была адной з распрацоўнікаў школьнай формы для дзяўчынак, якая неўзабаве была прынятая на рэспубліканскім узроўні і праіснавала да пачатку 1990-х гадоў[5].
Памерла 14 чэрвеня 1943 году ў Панявежы. Пахаваная на панявескіх могілках[4].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя творы: дэбютны зборнік апавяданьняў «Krislai» (Дробязі, 1905), аповесьці «Vilkienė» (Вілкене), «Homo sapiens», раман «Ad Astra», успаміны. Выступала як літаратурная крытыца ў абарону рэалізму ў летувіскай літаратуры[6].
Разам зь пісьменьніцай Жэмайце напісала некалькі рэалістычных сацыяльных драмаў і камэдыяў пад агульным псэўданімам Dvi Moteri (Дзьве жанчыны). У гэтых п’есах паказана барацьба з царызмам («Літваманы», 1905), забабонамі, за асьвету народу («Чорт у пастцы», 1899, «Прададзенае шчасьце», 1900 і інш.)[7].
Грамадзка-палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яна таксама займалася палітычнай дзейнасьцю. Габрыеле Пяткевічайце зьяўлялася чаліцай Летувіскай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі[7].
У 1920 г. яна была абраная ва Ўстаноўчы сход Летувы і, як найстарэйшая сябра Сходу, кіравала ягонай першай сэсіяй, тады і была абраная старшынём[8].
У 1924 годзе па стане здароўя звольнілася з настаўніцкай пасады. Потым адышла ад грамадзкага жыцьця, але працягвала пісаць[7].
Фэмінізм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Г. Пяткевічайце-Біце была актыўнай удзельніцай руху за роўныя правы ў Летуве, пачынальніцай жаночага руху. Яна змагалася за выбарчыя правы жанчынаў, была адной з галоўных летувіскіх суфражыстак і лідэркай лібэральнага жаночага руху[9].
Летувіскі з 1912 году сталі ўдзельнічаць у міжнародным жаночым руху. У тым жа годзе Г. Пяткевічайце ўдзельнічала ў шостым міжнародным жаночым кангрэсе ў Стакгольме. Яна таксама прадстаўляла Летуву на Міжнародным кангрэсе Жаночага выбарчага саюзу ў Жэнэве ў 1920 годзе. У апошні дзень зьезду Г. Пяткевічайце распавяла пра барацьбу Летувы за нацыянальную мову і падкрэсьліла, што жанчыны змагаліся разам з мужчынамі, таму пасьля аднаўленьня дзяржавы яны атрымалі палітычныя і грамадзянскія правы[10].
Пісьменьніца ўзначаліла часовы прэзыдыюм Устаноўчага сойму, а сакратаркай выбралі настаўніцу Ону Мурашкайце-Рацюкайцене. Гэта была значная перамога жаночага руху[7].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Krislai, зборнік апавяданьняў, 1905.
- Ad astra, раман, 1933.
- Karo meto dienoraštis, публіцыстыка, 1925-1931.
- Iš mūsų vargų ir kovų, успаміны, 1927.
- Raštai, Kn. 1-6, 1966-1968.
- Pedagogė Petkevičaitė-Bitė, 1988
- Karo meto dienoraštis III tomas, дзёньнікі, 2008.
- Karo meto dienoraštis 1-2 tomai, дзёньнікі, 2010-2011.
- Gabrielė sielos, ne luomo bajorė, 2014.
- Metai Tamsčiuko atokaitoj, 2014.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Gabrielé Petkevicaité // FemBio database (ням.)
- ^ http://www.vanderkrogt.net/statues/object.php?webpage=ST&record=lt175
- ^ Gabrielė Petkevičaitė-Bitė,„Visuotinė lietuvių enciklopedija“, https://www.vle.lt/straipsnis/gabriele-petkevicaite-bite/
- ^ а б в г д Ramunė Bleizgienė, "Petkevičaitė-Bitė", šaltiniai.info, http://www.xn--altiniai-4wb.info/index/details/1071
- ^ Teresė Bukauskienė. Pedagogė G. Petkevičaitė-Bitė. Vilnius, 1988, p. 152.
- ^ Juozas Jasaitis. G. Petkevičaitė-Bitė. Vilnius, 1972, p. 94.
- ^ а б в г Nijolė Raižytė, Gabrielė Petkevičaitė-Bitė. Rašytoja, dalyvavusi Lietuvos aboliucionistų draugijos veikloje, 2021 03 18, Bernardinai.lt, https://www.bernardinai.lt/gabriele-petkevicaite-bite-rasytoja-dalyvavusi-lietuvos-aboliucionistu-draugijos-veikloje/
- ^ PETKEVIČAITĖ Gabrielė (1861–1943), Seimo istorija, Seimas Lietuvos Respublikoje (1920–1940 m.), Atnaujintos 1920–1940 metų Seimo narių biografijos, https://www.lrs.lt/sip/portal.show?p_r=37287&p_k=1&p_t=272948
- ^ G. Petkevičaitė. Apie moterų klausimą. Vilnius, 1910, p. 12.
- ^ Gabrielė Petkevičaitė-Bitė. Karo meto dienoraštis, I t. Panevėžys, 2010, p. 38.