Перайсьці да зьместу

Вільгельм Аранскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вільгельм Маўчун»)

Вільге́льм I Ара́нскі — прынц Аранскі, граф Насау (па-нідэрляндзку: Willem van Oranje; 24 траўня 1533 — 10 ліпеня 1584), таксама вядомы як Вільгельм Маўчун (па-нідэрляндзку: Willem de Zwijger), правадыр паўстаньня ў Нідэрляндах супраць гішпанскага панаваньня, якое паклала пачатак Васьмідзесяцігадовай вайне і прывяло да фармальнай незалежнасьці Нідэрляндаў у 1648 годзе.

Заможны дваранін Вільгельм першапачаткова служыў гішпанскаму двару. Але незадаволены становішчам мясцовай арыстакратыі, пазбаўленай палітычнай улады і гішпанскім перасьледам пратэстантаў, далучыўся да Нідэрляндзкага паўстаньня, адвярнуўшыся ад былых гаспадароў. Апынуўся найбольш уплывовым і палітычна здольным сярод паўстанцаў, здолеў атрымаць шэраг ваенных перамог у барацьбе з Гішпаніяй. Абвешчаны гішпанскім каралём па-за законам у 1580 годзе, быў забіты ў Дэлфце Жэрарам Бальтазарам.

Вільгельм Аранскі пры жыцьці атрымаў мянушку Маўчун. Ёсьць некалькі тлумачэньняў паходжаньня гэтай мянушкі. Найбольш распаўсюджаным зьяўляецца тое, што ён рэдка гаварыў па спрэчных пытаньнях у людных месцах, або цалкам пазьбягаў размоваў на такія тэмы. У Нідэрляндах ён таксама вядомы як Бацька Айчыны, дзяржаўны гімн Каралеўства Нідэрляндаў напісаны ў яго гонар.

Вільгельм нарадзіўся ў замку Дыленбург, што ў сучаснай Нямеччыне. Быў старэйшым сынам Вільгельма, графа Насау і Юльяны Штольберг-Вернігеродзкай. Яго бацька ўжо меў дачку ад папярэдняга шлюбу, у яго маці таксама ўжо было чацьвёра дзяцей ад папярэдняга шлюбу. 4 траўня 1533 году быў ахрышчаны паводле лютэранскай традыцыі. Пасьля яго нарадзіліся яшчэ чатыры браты — Ян (1535—1606), Людовік (1538—1574), Адольф (1540—1568), Хендрык (1550—1574) і восем сясьцёр. Пасьля сьмерці стрыечнага брата Рэнэ Аранскага, які памёр бязьдзетным у 1544 годзе, Вільгельм успадкаваў усю яго маёмасьць, у тым ліку тытул прынца Аранскага. Праз малалетні ўзрост (меў 11 гадоў), быў адданы пад рэгенства Карлу V. Карл, у сваю чаргу, патрабаваў даць Вільгельму каталіцкую адукацыю, па якую юнак быў напраўлены ў Брусель, дзе пад кіраўніцтвам Марыі Аўстрыйскай, на той час рэгенткі Нідэрляндаў, Вільгельм вывучаў мовы, ваенную справу і дыпляматыю. Пры двары ён стаў вядомы, як разьпешчанае багатае дзіцё.

6 ліпеня 1551 Вільгельм ажаніўся з Ганнай ван Эгманд, спадчыньніцай зямлі свайго бацькі, і атрымаў тытулы лорда Эдманда і графа Бюрэн. Ад шлюбу нарадзіліся трое дзяцей: Марыя (1553—1554), Філіп-Вільгельм (1554—1618) і Марыя (1556—1616). У тым жа годзе Аранскі атрымаў тытул капітана ў кавалерыі . Пад заступніцтвам Карла V ён хутка зрабіў кар’еру, стаўшы ў 22 гады камандзірам імпэратарскага войска. У 1555 годзе стаў членам Дзяржаўнай Рады, вышэйшай палітычнай установы ў Нідэрляндах. У тым жа годзе Карл адрокся кароны на карысьць свайго сына Філіпа ІІ.

24 сакавіка 1558 году памірае Ганна, пасьля чаго Вільгельм пачынае раман з Эвай Элівер, тут да шлюбу справа не дайшла, аднак ад адносінаў застаўся сын Юстын. У 1559 годзе Філіп прызначыў Вільгельма штатгальтэрам правінцыяў Галяндыя, Зэляндыя, Утрэхт і Бургундыя, значна павялічыўшы яго палітычную вагу.

Ад палітыка да паўстанца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вільгельм, 1555 год

Хоць і насуперак гішпанскаму каралю, Вільгельм хутка стаў адным з найболей выбітных прадстаўнікоў апазыцыі ў Дзяржаўнай Радзе. Апазыцыя выступала за наданьне большай улады нідэрляндзкай арыстакратыі і абуралася гішпанскаму засільлю ў кіраваньні Нідэрляндамі. Вільгельму не падабалася рэгілійная палітыка, якая прадугледжвала ганеньні супраць пратэстантаў, што праводзілася. Выхаваны як лютэранін і каталік адначасова, быў прыхільнікам свабоды веравызнаньня. Тым часам палітыка сьвятой інквізіцыі ў Нідэрляндах, якая праводзілася кардыналам Гранвілем, спарадзіла рост незадаволенасьці гішпанскім урадам сярод каталіцкага насельніцтва.

25 жніўня 1561 году Вільгельм Аранскі ажаніўся ў другі раз. Новай жонкай стала Ганна Саксонская, якую сучасьнікі апісалі як «грозную і зланраўную», мяркуючы, што Вільгельм жаніўся на ёй, дзеля таго каб атрымаць большы ўплыў у Саксоніі, Гесэне і Пфальцы. У іх было пяць дзяцей: Ганна (1562), Ганна (1563—1588), Морыц (1564—1566), Морыц (1567—1625) і Эмілія (1569—1629).

У 1565 годзе група дробнага дваранства, у тым ліку і малодшы брат Вільгельма Людовік, утварыла Канфэдэрацыю. І ўжо 5 красавіка перадала пэтыцыю Марыі Аўстрыйскай, у якой патрабавала спыніць перасьлед пратэстантаў. Ад жніўня да кастрычніка Нідэрлянды захлынула іконаборчая вайна, вядомая як Beeldenstorm. Кальвіністы, незадаволеныя гішпанскім прыгнётам, супрацьпаставілі ім каталіцкія абразы сьвятых, лічачы, што гэта супярэчыць другому Божаму прыказаньню. Падчас недавольстваў былі зьнішчаны статуі й абразы ў сотнях цэркваў і манастырах па ўсёй краіне. Між тым незадаволенасьць сярод насельніцтва расла, і Марыя была вымушана пагадзіцца з патрабаваньнямі Канфэдэрацыі, спадзяючыся, што арыстакратыя дапаможа навесьці парадак. Пасьля гэтых падзеяў Вільгельм пачынае супрацоўнічаць з Канфэдэрацыяй. На прыканцы 1566 і на пачатку 1567 гадоў стала ясна, што рэгентка не зьбіраецца выконваць свае абяцаньні. Пасьля правалу некалькіх бунтаў, шматлікія кальвіністы і лютэране вырашаюць пакінуць Нідэрланды. Філіп ІІ, незадаволенны сытуацыяй, імкнецца спыніць беспарадак, гэтую місію ён даверыў герцагу Альбы Фэрнанда Альварэс дэ Таледа. Даведаўшыся пра прыбыцьцё гішпанскіх войскаў, Вільгельм адпраўляецца ў родны Насаў. У жніўні 1567 году Альварэс, прыбыўшы ў Нідэрлянды, склікае раду, на якой судзіць 10 000 удзельнікаў нядаўняй вайны (Крывавая рада). Вільгельм абвешчаны ворагам Гішпаніі, яго маёмасьць канфіскавана.

Як адзін з самых вядомых і папулярных палітыкаў, Вільгельм Аранскі ўзначаліў паўстанцаў. Ён спансаваў пратэстанцкае пірацтва, якое нападала на прыбярэжныя гарады. Таксама стварыў армію, якая складалася ў асноўным зь нямецкіх найміаў. У 1568 годзе пад камандваньнем брата Людовіка армія ўвайшла ў Паўночныя Нідэрлянды. 23 траўня рэвалюцыйнае войска атрымала перамогу над гішпанскай арміяй, у бітве пры Герлігерлее. У адказ Альварэс прыгаварыў да сьмерці вядомых дваран і ўзначаліў паход на Гронінген. 21 ліпеня адбылася бітва пры Ёмінгене, дзе паўстанцы былі разьбітыя. Сёньня гэтыя дзьве бітвы лічацца пачаткам Васьмідзесятгадовай вайны.

Сьцяг Вільгельма стаў нацыянальным сьцягам Нідэрляндаў

У адказ на паразу, Вільгельм наймае шматлікую армію, аднак Альварэс імкнецца пазьбегнуць сутычык паміж войскамі, прыняўшы пазыцыю чаканьня. Альварэс меў рацыю, праз кароткі час Вільгельм сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі, яму не хапала грошай для далейшага ўтрыманьня войскаў. Наступныя гады Вільгельм выношваў пляны нападу, але беспасьпяхова. Між тым ён здолеў застацца папулярным сярод насельніцтва, дзякуючы моцнай прапагандзе, публікуючы брашуры і аркушы. Сваю дзейнасьць таго часу, Вільгельм характарызаваў як барацьбу ня супраць гішпанскага караля, а як барацьбу зь няўдалым праўленьнем іншаземных рэгентаў і прысутнасьцю замежных войскаў.

1 красавіка 1572 году пратэстанцкім піратам удалося захапіць горад Брыл, які застаўся без гішпанскага гарнізону. Пасьля, шмалікія гарады адчынілі свае брамы. У хуткім часе ў руках паўстанцаў аказаліся амаль усе гарады Галяндыі і Зэляндыі, за выключэньнем Амстэрдаму і Мідэлбургу. Мяцежныя гарады ўтварылі Генэральныя штаты, выбраўшы сваім штатгальтэрам Вільгельма Аранскага.

Тым часам паўстанцкая армія пачынае атрымліваць новыя перамогі па ўсёй краіне. Вільгельм са сваім войскам выступіў паходам у Паўднёвыя Нідэрлянды, захапіўшы шэраг гарадоў, у тым ліку Лёвен і Рурманд. Ён спадзяваўся ўцягнуць у вайну францускіх пратэстантаў (гугенотаў), але гэты плян праваліўся пасьля Барталямэяўскай ночы, якая азначала пачатак хвалі гвалту супраць гугенотаў па ўсёй Францыі. Пасьля пасьпяховай гішпанскай атакі, Вільгельм быў вымушаны адступіць у глыб краіны. Арганізованае войска Філіпа ІІ здолела вярнуць некаторыя гарады, часам забіваючы ўсіх гаражан, як у Мэхелене або Зютфэне. Гішпанская армія сустракала паўсюдны супраціў, толькі пасьля сямі месяцаў асады быў здабыты Харлем, цаною 8 000 забітых, што вымусіла адмовіцца ад аблогі Алкмара.

У 1574 годзе Вільгельм выйграў шэраг бітваў, у тым ліку і марскіх. Аднак рашучыя дзеяньні гішпанцаў прывялі іх да галоўнай перамогі ў бітве пры Мокерхейдзе, падчас якой загінулі два браты Вільгельма Людовік і Генрых. У тым жа годзе паўстанцам удалося зьняць аблогу Лайдэну, доўгачаканная перамога паслужыла да ўказа Вільгельма, паводле якога быў створаны Лайдэнскі ўніверсітэт, першы ў Паўночных Нідэрляндах.

24 красавіка 1575 году Вільгельм ажаніўся ў трэці раз. Яго папярэдні шлюб быў афіцыйна адменены ў 1571 годзе, з-за псыхічнай хваробы яго жонкі Ганны. Новай абраньніцай стала Шарлота дэ Бурбон-Монпансье, якая нарадзіла яму шэсьць дачок.

Пасьля няўдалых мірных перамоваў у Брэдзе ў 1575 годзе вайна працягвалася. Яскравай навіной для паўстанцаў стала вестка аб сьмерці аднаго з гішпанскіх галоўнакамандуючых, і з-за адсутнасьці заробкаў вялікая частка войска дэзэртавала. Да прыходу новага камандуючага, Хуана Аўстрыйскага, Вільгельм Аранскі здолеў пераканаць большасьць гарадоў і правінцыяў у неабходнасьці супольных дзеяньняў, накіраваных на выгнаньне гішпанскіх войскаў, так званы Гентскі мір. Але ў яго не атрымалася дасягнуць адзінства ў пытаньні рэлігіі. Каталіцкія гарады і правінцыі не давалі кальвіністам свабоды веравызнаньня, і наадварот.

Калі Хуан Аўстрыйскі ў 1577 годзе падпісаў Вечны ўказ, паводле якога прызнаваўся Гентскі мір, здавалася, што вайна скончылася на карысьць паўстанцаў. Але ў тым жа годзе Хуан захапіў Намюр і хваля абурэньня зноў ахапіла ўсе Нідэрлянды. Герцаг Аўстрыйскі імкнецца паказаць, што ён гатовы да міру, але пры гэтым наўмысна ня йдзе на перамовы. 24 верасьня 1577 году Хуан урачыста ўвайшоў у Брусель.

Тым часам кальвіністы становяцца ўсё больш радыкальнымі, і спрабуюць забараніць каталіцызм у падуласных ім правінцыях. Па асабістых і палітычных прычынах, Вільгельм высупае супраць рэлігійнага перадзелу. Ён выступаў за свабоду веравызнаньня і разьлічваў на палітычную падтрымку, як пратэстантаў так і каталікоў. 6 студзеня 1579 году пяць паўднёвых правінцыяў, незадаволеных дзеяньнямі радыкальных пасьлядоўнікаў Вільгельма, аб’ядноўваюцца ў саюз, і прымаюць рэгенства Алясандра Фарнэзэ.

23 студзеня пяць паўночных правінцыяў ствараюць Утрэхцкую унію, пацьвердзіўшы сваё адзінства. Спачатку Вільгельм быў супраць уніі, марыўшы аб’яднаць усе правінцыі, аднак 3 траўня ён афіцыйна прызнаў утварэньне. Утрэхцкая унія пазьней ператварылася ў дэ-факта канстытуцыю і заставалася адзінай сувязьзю паміж правінцыямі да 1595 году.

Фармальная незалежнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вільгельм і яго прыхільнікі шукалі падтрымкі звонку. Ён і дагэтуль некалькі разоў зьвяртаўся па дапамогу да Францыі, на гэты раз яму атрымалася заручыцца падтрымкай Генрыха ІІІ Валюа, герцага, брата францускага караля. 23 верасьня 1580 году паміж Генрыхам і Штатамі была укладзена дамова, паводле якой герцаг атрымаў тытул «абаронца свабоды Нідэрляндаў» і станавіўся новым правіцелем. 22 ліпеня 1581 году Генэральныя штаты абвясьцілі сваё рашэньне больш не прызнаваць гішпанскага караля Філіпа ІІ, што сталася фармальным абвяшчэньнем незалежнасьці.

18 сакавіка ў Антвэрпэне адбылося пакушэньне на забойства Вільгельма. Ён здолеў выжыць дзякуючы клопатам яго жонкі Шарлёты, якая неўзабаве памерла 5 траўня.

Валюа ня меў папулярнасьці ў насельніцтва. Для мясцовых жыхароў французы зьяўляліся ворагамі, тым больш, што новы сувэрэн не цікавіўся пытаньнямі рэлігіі, яго нават абвінавачвалі ў плянаваньні забойства Вільгельма. Правінцыі Зэляндыя і Галяндыя адмовіліся прызнаваць падданства Генрыху, а Вільгельм быў моцна раскрытыкаваны за навязваньне «францускага кірунку». У адказ Генрых вырашыў захапіць сілаю Антвэрпэн, але гараджане здолелі адстаяць свой горад. Пасьля гэтай падзеі сытуацыя герцага стала безнадзейнай, і ён пакінуў краіну.

Між тым Зэляндыя і Галяндыя захавалі Вільгельма ў якасьці штатгальцера, абвясьціўшы яго сваім сувэрэнам. У разгар гэтых падзеяў Вільгельм бярэ свой чацьверты і апошні шлюб з Люізай дэ Каліньі, ад якога нарадзіўся Фрэдэрык Генрых Аранскі.

Месца забойства Вільгельма, на сьцяне захаваліся адтуліны ад куль

Вільгельм быў забіты 10 ліпеня 1584 году гішпанскім агентам Бальтазарам Жэрарам. Забойца хаваўся ў каралеўскіх пакоях і, калі прынц увайшоў, стрэліў у яго тры разы. Ён памёр практычна імгненна. Пахаваны ў Дэльфце. Новым штатгальтэрам Зэляндыі і Галяндыі быў прызначаны сын Вільгельма Морыц. Нідэрлянды атрымалі незалежнасьць пасьля Вэстфальскага міру ў 1648 годзе.

  • Rachfahl F., Wilhelm von Oranien…, Bd 1-3, Halle — Haag, 1906-24;
  • Blok P. J., Willem de Eerste Prins van Oranje, dl 1-2, Arnst., 1919-20;
  • Schelven A. A., Willem von Oranje, Haarlem, 2011.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вільгельм Аранскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў