Вікіпэдыя:Вікідапаможнік/Зьмест/1. Як працуе Вікіпэдыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эпіграф: Уявіце сабе сьвет, у якім кожны чалавек на плянэце мае вольны доступ да ўсіх ведаў чалавецтва. Джымі Ўэйлз

1.2. Што такое Вікіпэдыя ўвогуле, паводле якіх прынцыпаў працуе[рэдагаваць крыніцу]

Вікіпэ́дыя (па-ангельску: Wikipedia; вікі (тэхналёгія супольнага стварэньня сайтаў — ад гавайскага wiki) + энцыкляпэдыя) — шматмоўная агульнадаступная Інтэрнэт-энцыкляпэдыя свабоднага распаўсюду, якая ствараецца супольнай працай добраахвотных аўтараў і каардынуецца непрыбытковай арганізацыяй Фундацыяй Вікімэдыі, якая знаходзіцца ў Сан-Францыска (Каліфорнія). Распачатая Джымі Ўэйлзам і Лары Сэнгерам у 2001 годзе, Вікіпэдыя — найбуйнейшы і самым папулярны даведнік у Інтэрнэце, які вельмі хутка разьвіваецца.

Вікіпэдысты ствараюць найбуйнейшае сховішча вольных ведаў ў сьвеце.

Усё, што ёсьць у Вікіпэдыі, было напісанае такімі ж людзьмі, як Вы. І насамрэч Вікіпэдыя перастане быць найбуйнейшай онлайн-энцыкляпэдыяй у сьвеце без людзей, якія будуць рабіць далейшы ўнёсак інфармацыі, выяваў і зьвестак.

Удзельнікі праекту, або вікіпэдысты, імкнуцца забясьпечыць веды кожнаму бескаштоўна. Вось чаму людзі з усяго сьвету выкарыстоўваюць свой вольны час дзеля захаваньня й паляпшэньня якасьці артыкулаў у Вікіпэдыі. Вікіпэдыя дае кожнаму магчымасьць свабодна абменьвацца ведамі.

Кароткая спасылка Вікіпэдыя:Пра Вікіпэдыю

Bubble text[рэдагаваць крыніцу]

Прывітаньне! Мяне клічуць Вікі. Я карыстаюся Вікіпэдыяй, калі мне трэба даведацца больш пра нейкую тэму. Але мне цікава ведаць, хто ж піша гэтыя артыкулы? Чаму яны з часам зьмяняюцца? Я чула, што кожны можа рэдагаваць Вікіпэдыю, ці магу я рабіць гэта таксама? Якім чынам?

1.3. Пяць правілаў Вікіпэдыі[рэдагаваць крыніцу]

Грунтоўныя прынцыпы, якімі карыстаецца Вікіпэдыя, былі гістарычна абагульненыя суполкай рэдактараў у пяць «слупоў»:

Сіні слуп (1: Энцыкляпэдыя) Вікіпэдыя — гэта энцыкляпэдыя, якая ўвабрала ў сябе элемэнты агульных і спэцыялізаваных энцыкляпэдыяў, альманахаў і геаграфічных даведнікаў. Зьмест мусіць быць пацьверджаны цытатамі з крыніцаў, вартых даверу. Вікіпэдыя ня месца для публікацыі асабістых меркаваньняў удзельнікаў, асабістага досьведу або ўласных перакананьняў.
 
Зялёны слуп (2: НПГ) Вікіпэдыя мае нэўтральны пункт гледжаньня. Гэта значыць, што мы імкнемся да непрадузятасьці кожнага артыкула. У некаторых выпадках гэта вымагае прывядзеньня некалькіх пунктаў гледжаньня з адпаведным кантэкстам, каб паказаць шматграннасьць прадмету. Пры гэтым ня варта адзначаць які-небудзь з варыянтаў як «лепшы пункт гледжаньня» або «непахісную ісьціну».
 
Жоўты слуп (3: Вольны) Вікіпэдыя мае вольны зьмест, які кожны ўдзельнік можа рэдагаваць і распаўсюджваць. У сувязі з вольным ліцэнзаваньнем усяго зьместу Вікіпэдыі, ніводны ўдзельнік ня можа перашкаджаць рэдагаваньню і распаўсюджваньню артыкулаў. Адпаведна, усе ўнесеныя вамі выпраўленьні, у сваю чаргу, могуць быць бязьлітасна адрэдагаваныя ці перапрацаваныя суполкай і распаўсюджаныя ў любым выглядзе. У той жа час трэба заўсёды памятаць пра аўтарскае права і паважаць яго.
 
Аранжавы слуп (4: Ветлівасьць) Вікіпэдыстам варта мець паміж сабой ветлівыя і ўзаемапаважлівыя зносіны. Паважайце і будзьце ветлівымі з Вашымі калегамі-вікіпэдыстамі, нават калі Вы ня згодныя зь імі. Прытрымлівайцеся этыкету і пазьбягайце асабістых выпадаў, абразаў, пагрозаў і агрэсіі. Будзьце адкрытымі і гасьціннымі.
 
Чырвоны слуп (5: Ігнаруйце ўсе правілы) Вікіпэдыя ня мае нязьменных правілаў за выключэньнем пяці, пададзеных тут. Будзьце рашучымі і ня бойцеся рабіць памылкі: атрымлівайце задавальненьне ад рэдагаваньня, бо ніхто не вымагае ад Вас стварэньня ідэальных артыкулаў, хоць да гэтага, несумненна, варта імкнуцца. Гэта пяты і самы важны слуп!

Кароткая спасылка Вікіпэдыя:Пяць слупоў

Bubble text[рэдагаваць крыніцу]

Але хто вырашае, што будзе апублікаванае? Галоўны рэдактар ці нехта іншы?

1.5. Ролі і магчымасьці[рэдагаваць крыніцу]

Зьмяняць існыя артыкулы ў Вікіпэдыі можа любы, хто мае доступ да Інтэрнэту.

Кожны ўдзельнік Вікіпэдыі працуе на разьвіцьцё супольнасьці. І Вы можаце выступіць у ролі, якая Вам больш цікавая ў Вікіпэдыі:

Гэты пералік не вычарпальны, можна прыдумаць і іншыя заняткі, якія былі б карысныя Вікіпэдыі.
  • пачатковец

Робіць дробныя выпраўленьні. Напрыклад, выпраўляе напісаньне словаў. Таксама ён прапаноўвае шляхі паляпшэньня артыкулу, паведамляючы пра гэта на старонцы абмеркаваньня артыкулу.

  • рэдактар

Дадае інфармацыю да артыкулаў з кнігаў, вэб-сайтаў, газэтаў і іншых крыніцаў, якія заслугоўваюць давер. Таксама ініцыюе стварэньне новых артыкулаў. Структуруе альбо вікіфікуе артыкулы, выкарыстоўваючы вікі-разьметку, якую лягчэй чытаць.

  • карэктар

Паляпшае існыя артыкулы, выпраўляе граматыку й стылістыку артыкулаў.

  • перакладчык

Перакладае артыкулы зь іншых моўных вэрсіяў на беларускую мову ці пашырае веды пра Беларусь на іншых мовах.

  • ілюстратар

Загружае малюнкі, фатаздымкі, мапы й візуальныя дапаможнікі, якія маюць дачыненьне да артыкулу, пры гэтым не забываючыся пра аўтарскія правы графічных матэрыялаў.

  • даглядчык

Выяўляе артыкулы з прадузятым стаўленьнем да напісанага і выпраўляе іх. Назірае за зьменамі, унесенымі аўтарам, які парушыў прынцып нэўтральнасьці да прадмету ці аб’екту артыкулу; забясьпечвае фактычную дакладнасьць зьвестак у артыкуле і ягоную нэўтральнасьць.

  • адміністратар

Мае права абараняць і выдаляць старонкі. А таксама мае адказнасьць — актыўна ўдзельнічаць у разьвіцьці Вікіпэдыі любымі іншымі спосабамі.

  • арганізатар падзеяў

Ладзіць імпрэзы, накіраваныя на разьвіцьцё Вікіпэдыі, узмацненьне й пашырэньне вікі-супольнасьці.

  • мэдыя-актывіст

Піша пра навіны й падзеі Вікіпэдыі дзеля пашырэньня яе вядомасьці й разуменьня.