Перайсьці да зьместу

Васіль Барысавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Васіль (Рагвалод ?) Барысавіч (? — пасьля 1218) — полацкі князь, якога згадаў Васіль Тацішчаў і памылкова адносіў да смаленскай дынастыі.[1]

Нараджэньне й паходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рагвалод V Васіль паходзіў зь дынастыі полацкіх князёў Ізяслававічаў — старажытнага княскага роду, які, магчыма, кіраваў Крывіччынай зь ІХ в. Сам Рагвалод нарадзіўся блізу 1180 г. у сям’і князевіча Барыса Ўсяслававіча (Барыс ІІ Ласкавы?), сына Усяслава Рагвалодавіча, князя друцкага ў 1180—1190-ых гг. Імя Рагвалод Барысавіч атрымаў у гонар свайго прадзеда, Рагвалода ІІІ Васіля, князя полацка ў 1127—1129, 1146—1151, 1159—1161. Імя Рагвалод наагул заўжды нагадвала палачанам аб часох незалежнасьці й магутнасьці пры Рагвалодзе. Нарадзіўся Рагвалод Васіль ад першага шлюбу бацькі.

Верагодна, у 1198 г., пасьля таго, як Барыс Друцкі — бацька Рагвалода, стаў полацкім князем, Рагвалод разам з братам Вячаславам былі адпраўлены ў Дзьвінскія воласьці. Рагвалод атрымаў Герцыкскае ўдзельнае княства, а Вячаслаў — Кукейноскае, якое было больш аддалена ад Полацка. Гэта сьведчыць на карысьць таго, што старэйшым братам быў Рагвалод.

Акалічнасьці, пры якіх Рагвалод і Вячаслаў былі адпраўлены ў Падзьвіньне, дэталёва апісаныя ў «Аповесьці пра Сьвятохну». Па гэтай крыніцы, Сьвятохна Казімераўна, сьхіліўшы на свой бок частку палачанаў, упэўніла князя Барыса ІІ Ласкавага ў неабходнасьці адправіць ягоных старэйшых сыноў князяваць на ўскраіну Полацкага княства — у Дзьвінскія воласьці.

Відавочна, што Сьвятохна ўжо тады мела намер забіць пасынкаў, бо яны ў любым бы выпадку вярнуліся ў крывіцкую сталіцу пасьля сьмерці Барыса ІІ. А гэта вымагае думаць, што ў Сьвятохны ў Полацку прфыхільнікаў сярод палачанаў было значна шмат, чым падае Тацішчаў ці летапісец. Абапіраючыся на прапамаранскую партыю, Сьвятохна распачала актыўную чыннасьць у Полацку. Карыстаючыся адсутнасьцю сыноў Барыса ІІ Ласкавага ў Полацку, Сьвятохна пачала рассажджваць сваіх прыхільнікаў — «памаранаў» па летапісцу — на важнейшыя пасады ў Полацку.

У сьвятле гэтага трэ’ адзначыць, што Барыс ІІ адабраў у 1198 г. прастол у Валадара ІІ незаконным і нелегетымным шляхам. Такім жа ён быў і князем у вачах многіх. Таму Барыс ІІ быў змушаны раздаваць шматлікія прывелеі й «вольнасьці» палачанам. У выніку ў сталіцы вельмі ўзмацніўся ўплыў веча й рады трыццаці мужоў.

Вось таму Сьвятохна й пачала актыўна ўзводзіць сваіх прыхільнікаў на пасады. І гэта ёй удавалася. У прыватнасьці, спроба палачанаў вярнуць у Полацак Васільку й Вячку правалілася.

Узьнікае пытаньне: чаму палачанам так важна была прысутнасьць у Полацку братоў Барысавічаў? Запраўду, расправіцца ізь Сьвятохнаю яны маглі б і самі. Відавочна, тут хаваецца нейкая іншая, вельмі важная прычына. У 1198 г. палітычная абстаноўка на Крыўі была напружаная. У 1198 г. палачаны напалі на Вялікія Лукі, а зімою 1198—1199 г. ноўгарадцы зьбіраліся ісьці на палачанаў. Полацкі ўрад сам, бяз князя, вырашыў гэтае пытаньне.

Да 1201 г. палачаны наеліся, так бы мовіць, Барысам ІІ зпаўна. Як вынік, у Полацак ізноўку вяртаецца Валадар ІІ. Але Васіль-Рагвалод і ягоны брат Вячка захавалі за сабою воласьці ў Падзьвіньні.

1203—1214 гг. — гэта час доўгай і напружанай барацьбы Герцыцкага княства за сваю незалежнасьць. Перадгісторыя барацьбы з крыжакамі ў Падзьвіньні выглядае досыць проста. У 1186 г. полацкі князь Валадар ІІ дазволіў манаху Мейнарду заснаваць замак і касьцёл і пачаць пропаведзі. Мала таго, полацкі гаспадар нават адарыў манаха. У 1186 г., апрача замка ў Ікескюлі, быў дабудаваны замак у горадзе Гольм. Аднак лівы адмовілася прыняць хрысьціянства, ці, як гаворыць «Кроніка Лівоніі»: «і не знайшлося ні аднаго, хто б прыняў хрысьціянства». У 1198 г. біскупам рыскім стаў Альберт — асоба надзвычай дзейсная. Менавіта зь ягоным імем зьвязана актывізацыя барацьбы крыжакоў за сваю гегемонію ў Падзьвіньні. У 1201 г. біскуп Альбэрт збудаваў Рыгу. Новая крэпасьць стала запраўднай цьвердзю хрышчэньня. У тым жа годзе адбываецца нейкая важная падзея ў Крыўі. У прыватнасьці, ліцьвіны, заключыўшы мір з Рыгаю й біскупам, рушылі на земгалаў. Валадар ІІ, магчыма, баронячы сваіх даньнікаў, уварваўся ў Літву, і ліцьвіны былі змушаны вярнуцца на радзіму. Нарэшце, у 1203 г., калі намеры крыжакоў сталі відавочнымі, князь Валадар ІІ ўварваўся ў Лівонію «нечакана». Сілы палачанаў ськіраваліся на Ікесколу. Лівы, якія жылі тут, і «не мелі дасьпехаў», не рызыкнулі аказваць супраціў. Яны пагадзіліся сплачваць Валадару грошы — даніну. Валадар ІІ, як толькі атрымаў грошы, спыніў аблогу. «Кароль Герцыке, прыйшоўшы да Рыгі зь ліцьвінамі, захапіў жывёлу мяшчанаў, што была на пашы, і двух сьвятароў» — гаворыць «Кроніка Лівоніі» пра князя Рагвалода. Відаць, герцыцкі валадар выконваў дапаможны манэўр. У 1205 г. Вячка заключае дамову зь біскупам, бо ў той час у Лівонію прыбыло шмат пілігрымаў. Дзеяньні Герцыцкага княства не асьвятляюцца. Магчыма, што Рагвалод пакуль што не хваляваўся за сваю бясьпеку. Важныя падзеі адбыліся ў 1206 г. Валадар ІІ тады зьбіраўся ісьці на Рыгу, але плян ягоны быў выкрыты. Тады на 30 траўня былі прызначаныя перамовы зь біскупам на рацэ Вожы, але біскуп адмовіўся зьявіцца на сустрэчу. Гэта было выяўленьнем ягонага сэпаратызму й незалежнасьці. У адказ палачаны й лівы пачалі вайсковыя дзеяньні, але на Рыгу не пайшлі з-за нейкіх «дробных жалезных трызубых цьвікоў». У 1208 г. было разгромлена Кукейноскае княства. Пачаўся новы этап вайны — этап, калі Крыўя адступала, хоць і наносячы ўдары ў адказ. У 1209 г. біскуп і крыжакі збудавалі новы замак у Кукейносе, «вельмі моцны». У 1209 г. біскуп, «успомніўшы ўсё ліха, якое прычыніў кароль Герцыке разам зь ліцьвінамі гораду рызе», нападае на Герцыцкае княства. Сам Рагвалод змог пераправіцца на другі бераг Дзьвіны, але «каралева» (княгіня) з маёмасьцяй і дзяўчынамі была захоплена й прадстаўлена біскупу. У выніку Рагвалод Барысавіч быў змушаны згадзіцца на мірную дамову, паводле якое ён станавіўся васалам біскупства. Ён абавязваўся заўжды адкрываць намеры як русінаў (палачанаў), так і ліцьвінаў. Праўда, Рагвалод не выконваў умовы міру. Гэта прывяло да новага сутыкненьня ў 1214 г., калі рыцары прызывалі Рагвалода да адказу, але герцыцкі князь не паехаў. Тады крыжакі ўзялі й разграмілі Герцыке. У 1215 г. крыжацкае войска ізноў зьявілася пад Герцыке, але на гэты раз на дапамогу Рагвалоду прыйшлі ліцьвіны. Відаць, князь быў змушаны падацца на Русь, хоць намінальна ён і заставаўся князем герцыцкім.

Пасьля 1214 г. Рагвалод Барысавіч прыбывае ў Полацак, дзе ён сустракаецца з князем Валадаром ІІ. Князь (яму ўжо каля сямідзесяці, а то й больш, гадоў), безумоўна, вінаваты ў паразе ў Падзьвіньні й у страце Дзьвінскіх валасьцей. Вячаслаў дагэтуль ужо падаўся, відаць, на Русь. Але Васіль з ад’ездам не сьпяшаецца. Састарэлы Валадар ІІ дажывае ў Полацку апошнія дні, таму князевіч Рагвалод вырашае пачакаць шчасьця ў Полацку. І запраўду, у красавіку 1216 г. князь Валадар ІІ памірае. Полацкае веча абірае князем пляменьніка Валадара ІІ — Васіля ІІІ Брачыслававіча. Але ўкнязяваньне Васіля ІІІ суправаджаецца ўсобіцамі. У 1217 г. на Полацак, відаць, нападае дзевятнаццацігадовы Уладзімер-Вайцэх Барысавіч. Ягоныя сілы, найверагодней, Васіль ІІІ змог разьбіць сам. Але ўжо напад Менскіх князёў з моцным літоўскім войскам вымушае Васіля зьвярнуцца да Смаленску. Што рабіў у гэты час Рагвалод, невядома. Але наўрад ці пасьля выступу Ўладзімера ён змог спакойна заставацца ў Полацку. Найверагодней, ён быў арыштаваны па загадзе Васіля ІІІ і быў у вязьніцы ажно да 1220 г. У 1220 г. адбываецца важная палітычная падзея. Васіль ІІІ памірае. Паслаблены Менск ня змог супрацьдзеяць усталяваньні ў Полацку Барыса ІІ і ягонага брата Глеба І. Рагвалод, канешне, вызвалены. Магчыма, ён прымаў удзел у адбіцьці атакі смалянаў, якая адбылася ў тым жа годзе. Рагвалод Барысавіч застаецца ў Полацку. У той жа час ягоны брат Вячаслаў да бацькі не вяртаецца, ён загіне пазьней у Юр’еве. Палітычнае становішча ў Полацку цяжкае. Крывіччына знаходзіцца ў незвычайна цяжкім становішчы. З другое паловы 1220-ых гг. Полаччына ізноўку падпадае пад сувэрэнітэт Смаленска.

Каля 1227 г. Рагвалод-Васіль пад імем Рагвалода V становіцца князем полацкім. Разам зь япіскапам Аляксеем ён кіруе дзяржаваю. Невядома, як склаліся адносіны Рагвалода V зь ягоным дзядзькам Глебам І. Найхутчэй, Глеб І ці памёр раней за Барыса ІІ, ці саступіў сталец добраахвотна й атрымаў ва ўладаньне іншы ўдзел, магчыма, Друцак. Ува ўнутраным жыцьці непамерна ўзрастае роля веча, якое пачынае дыктаваць сваю волю полацкаму князю. Узмацняецца й япіскап. Ува зьнешняй палітыцы Рагвалод V арыентуецца канчактова на Смаленск. З аднаго боку, гэтым ён нэўтралізоўваў сваіх ворагаў Віцебскіх, а з другога — атрымліваў дапамогу ад суседа. У той жа час Смаленск пачынае праводзіць зьнешнюю палітыку Полацка. У 1229 г. князь Мсьціслаў ІІІ Смаленскі ўкладае дамову з рыжанамі ад імя Полацка. Такая палітыка Рагвалода V прывяла да зьмяншэньне ягонага аўтарэтыту. Але ўсё ж ён не пабачыў падзеньне Друцкіх — памёр Рагвалод V каля 1230 г., пасьпеўшы перадаць трон сыну Глебу ІІ.

Цікавае пытаньне шлюбу Рагвалода. Жанаты ён быў, паводле «Кронікі Лівоніі», на дачцэ літоўскага князя Даўгерда. Некаторыя дасьледчыкі мяркуюць, што ён быў бацькам Міндоўга. Калі так, то нават Транята мог быць сынам Рагвалода V, бо Транята быў пляменьнікам Міндоўга па кудзелі. Адзінае, што можна сьцьвяржаць дакладна: у Рагвалода V быў сын Глеб, які нарадзіўся прыкладна ў 1210-ых гг. Глеб Рагвалодавіч быў полацкім князем пад імем Глеба ІІ ў 1230—1231 гг. «Кроніка Быхаўца» паведамляе таксама аб наяўнасьці ў Рагвалода дачкі Параскевы. Ле подзьвігі, якія «Кроніка…» прыпісвае Параскеве Рагвалодаўне, занадта нагадваюць подзьвігі Аўфрасіньні Полацкай, таму верагоднасьць ейнага існаваньня сумнеўная.

Сьведчаньні ў літаратуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З Кронікі Быхаўца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
« А потым князь полацкі Барыс памёр, пакінуўшы па сабе ў Полацку сына свайго Рагвалода, празванага Васілём.

І той князь полацкі Васіль жыў доўга ў Полацку і памёр, а па сабе пакінуў сына Глеба і дачку Парасковію. І тая дачка паабяцала дзявоцтва сваё захаваць у цэласці да канца жыцця і пастрыглася ў чарніцы* ў манастыры святога Спаса над Палатою. Жыла яна там сем гадоў, Богу служачы і кнігі пішучы для царквы, а потым сабралася да Рыма. І колькі гадоў у Рыме жывучы, Богу служыла яна шчыра і асвяцілася, цяпер яе завуць святая Праксэдыс, а па-руску Парасковія. У імя гэтай святой у Рыме і касцёл збудавалі і там жа яе цела паклалі.
»

Хроніка Быхаўца

З Кронікі літоўскай і жамойцай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
« Будучи в старости великой, князь Борис умерл 10 и похован есть в церкви Святой Софии в замку, которую сам змуровал. Потым пановал на князст†Полоцком сын его Розгволд, на крещении нареченный Ъ Василий. Той Василий псковян долгою войною примусил до голду и поступленя нЂкоторых волостей, котрые были от князства Полоцкого 11 оторвали а, гды в покою потым пановал много лЂт, а потом 11А умер и похован з отцем своим Борисом Ы. Потом на князст†Полоцком зостал ГлЂб, сын его, и дочка Параскевия, котрая богу послюбила чистость свою и постриглася в черници в монастыри Святаго Спаса над рЂкою Полотою, в котором мешкала лЂт сЂмь, богу служачи, книги до церкви писала Ь и так богу душу отдала свою святую. Потом брат той Параскевии, ГлЂб, не долго полочаном пановал, бо в молодом вЂку преставился и похован в гробЂ подле отца своего в Софии святой в Полоцку, а полочане, гды ся в том ГлЂбЂ остатный 12 потомок князей полоцких з Литвы замкнул (бо без потомства умер), почали собЂ волно жити, а пана над собою не мЂли. »

Хроніка літоўская і жамойцкая

«Аповесьць пра Сьвятохну» (пераказ)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
« Полацкі князь Барыс Давыдавіч, ажаніўшыся другі раз, узяў сабе за жонку дачку паморскага (з узбярэжжа Балтыкі) князя Казімера Сьвятохну, каталіцкага веравызнаньня. Разам зь ёй у Полацк прыбыло нямала памаранаў. У Сьвятохны нарадзіўся сын, якога яна назвала Войцэхам, а бацька, князь Барыс, — Уладзімерам. Імкнучыся менавіта свайго сына зрабіць адзіным пераемнікам улады бацькі ў Полацку, яна вырашыла пазбавіцца ад Васількі і Вячкі, сыноў Барыса ад першай жонкі. Дзейнічаючы самымі бруднымі метадамі, ёй удалося схіліць на свой бок частку палачанваў і пераканаць князя Барыса ў неабходнасьці высылкі Васількі і Вячкі на ўскрайну Полацкага княства.

Пазбавіўшыся пасынкаў, Сьвятохна пачала рознымі шляхамі выганяць з Полацка іх прыхільнікаў, «а своих поморян во все чины и управления вводить». Палачаны, незадаволеныя гэтым, патрабавалі ад князя Барыса вярнуць назад у Полацк высланых сыноў, аднак лісты да іх былі перахоплены Сьвятохнай і не дайшлі да Васількі і Вячкі. Затым падступная княгіня пазбавілася найбольш уплывовых у горадзе прыхільнікаў мясцовай княжацкай дынастыі: тысяцкага Сымона, пасадніка Воіна і ключніка Дабрыні. На іх пасады былі абраныя іншаземцы. Нарэшце яна вырашыла атруціць Васільку. Аднак ён, даведаўшыся пра апошнія падзеі ў Полацку, звярнуўся да палачан з просьбай пастаяць «за веру и землю Рускую». Адбылося новае веча, дзе канчаткова былі раскрыты ўсе злачынствы Сьвятохны. Раззлаваныя палачаны, якім адкрыліся вочы на ўсе папярэднія падзеі, схапілі княгіню і пасадзілі ў турму, а іншаземцаў-памаранаў пабілі і выгналі з Полацка.
»

Аповесьць пра Сьвятохну з Полацкага летапісу

Папярэднік
Барыс II Ласкавы
Полацкі князь
1227—1230
Наступнік
Глеб II Юнак
  1. ^ Василько (Рогволод ?) Борисович // Леонтій Войтович. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с ISBN 966-02-1683-1
  • Ізяславичі Полоцькі // Леонтій Войтович. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с ISBN 966-02-1683-1