Валынскія немцы
Валы́нскія не́мцы (па-нямецку: Wolhyniendeutsche, Wolyniendeutsche, па-ўкраінску: Волинські німці) — адна з этнічных меншасьцяў Украіны, што пражывала на Валыні да Другой сусьветнай вайны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай нямецкай калёніяй на Валыні лічыцца паселішча ў Галендры Ўладзімер-Валынскага павету (цяпер у Тарнопальскай вобласьці), заснаванае ў 1797 годзе. У 1804 годзе немцы пасяліліся ў Антонаўцы, каля мястэчка Кунеў (цяпер у Хмяльніцкай вобласьці), у 1817 г. зьявілася калёнія Вальдгайм. У Ровенскім павеце першая нямецкая калёнія — Сафіеўка — зьявілася ў 1811 годзе. Пачынаючы з 1815 году на Валынь сталі перасяляцца немцы з Заходняй Прусіі й мэнаніты з Пфальцу (якія мелі швайцарскае паходжаньне). Асабліва шмат немцаў перасялілася ў рэгіён у 1860-я гады: калі ў 1862 годзе ў Валынскай губэрні пражывала 4247 немцаў, то ў 1868 г. іх налічвалася ўжо 20 505 чалавек (большасьць зь іх паходзіла з Прусіі і Аўстрыі).
Паводле стану на 1871 год немцы пражывалі ў 56 паселішчах Луцкага павету, 31 — Ровенскага, 28 — Жытомірскага, 22 — Ноўгарад-Валынскага павету, па некалькі нямецкіх паселішчаў існавала таксама ва Ўладзімер-Валынскім, Дубенскім, Астроскім і Оўруцкім паветах. Немцы жылі адасоблена, амаль не кантактуючы з украінскім насельніцтвам.
Паводле перапісу 1897 году для 171 331 асобаў, што жылі на Валыні, роднаю мовай была нямецкая. Найбольшую вагу нямецкамоўныя асобы складалі ў Луцкім павеце — 30 255 чалавек, або 12,0% насельніцтва. Пераважная большасьць валынскіх немцаў вызнавалі пратэстанцтва (лютэранства і мэнаніцтва).
Да Першай сусьветнай вайны на Валыні пражывала каля 200 тысячаў немцаў. Падчас яе частка немцаў была пераселеная ў Нямеччыну, яшчэ частка была высланая царскімі ўладамі ў Сыбір. Каб пазьбегнуць гэтае дэпартацыі, многія немцы пабраліся шлюбам з украінцамі. У міжваенны пэрыяд тэрыторыя валынскіх немцаў была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. У апошняй у 1930 годзе быў утвораны Пулінскі нямецкі раён, які ўваходзіў у склад Валынскай (Жытомірскай) акругі і праіснаваў да 1935 году.
Падчас Другой сусьветнай вайны ў 1939 годзе з польскай тэрыторыі было пераселена ў Вартэлянд каля 45 000 чалавек валынскіх і галіцкіх немцаў. Тых немцаў, што пражывалі ў савецкай частцы Валыні (каля 44 600 чалавек) перасялілі службы СС у 1943—1944 гадох, спачатку ў Беласток, а потым у Вартэлянд.
Пасьля 1945 году частка валынскіх немцаў вярнулася ў СССР, частка здолела застацца ў Нямеччыне. Вялікая канцэнтрацыя іх была ў Лінстаў (цяпер у складзе зямлі Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія). З 1992 году там працуе музэй і Культурны і грамадзкі цэнтар валынянаў-перасяленцаў.