Вайнаская дэмакратычная партыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вайнаская дэмакратычная партыя
па-чачэнску: Вайнехан Демократан Цхьанкхетаралла
Лідэр партыі Зэлімхан Яндарбіеў
Заснавальнік грамадзкае аб’яднаньне «Адзінства» (чач. Барт)
Дата заснаваньня 18 лютага 1990 (34 гады таму)
Распушчаная 1991
Штаб-кватэра
Саюзьнікі і блёкі Кангрэс чачэнскага народу
Ідэалёгія незалежнасьць, чачэнцы, антыкамунізм, Чачэнія і нацыяналізм

Вайнаская дэмакратычная партыя (па-чачэнску: Вайнехан Демократан Цхьанкхетаралла) — партыя, створаная ў 1990 годзе ў Чачэніі як плятформа радыкальных чачэнскіх нацыяналістаў. З увядзеньнем кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым рэфармісцкай палітыкі перабудовы і галоснасьці ў сярэдзіне 1980-х людзі атрымалі свабоду волевыяўленьня. У Чачэніі прачнуліся нацыянальныя пачуцьці і чачэнцы заявілі пра свае правы. Зьявілася патрэба выказваць думку пра лёс сваёй рэспублікі. Паўсюль зьявіліся нефармальныя арганізацыі і групы грамадзянскага дзеяньня. Вайнаская дэмакратычная партыя ўтварылася на аснове заснаванага ў канцы ліпеня 1989 году грамадзкага аб’яднаньня «Адзінства» (чач. Барт)[1], якое выдавала аднайменную газэту пры дапамозе чачэнскіх студэнтаў Масквы. Лідэры арганізацыі «Адзінства» наведалі Першы кангрэс канфэдэрацыі горных народаў, які праходзіў у Сухумі ў жніўні 1989 году[2] У назву ўваходзіць слова вайнах, якое азначае назву народу ад якога, паводле паданьня, узьніклі чачэнцы й інгушы. Існавала да 1991 году. Падрыхтавала Кангрэс чачэнскага народу. Падтрымлівала Джахара Дудаева. Выступала супраць камунізму і за стварэньне незалежнай дэмакратычнай Чачэніі[3]. Узначаліў партыю будучы прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Зэлімхан Яндарбіеў[4] Сярод сябраў таксама Саід-Хасан Абумусьлімаў. Існуе думка, што ўтварэньне Вайнаскай дэмакратычнай партыі стала адным з вызначальных чыньнікаў у разьвіцьці нацыяналістычнага руху ў Чачэна-Інгускай Аўтаномнай Рэспубліцы[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Міраслаў Кулеба. На парозе свабоды // Імпэрыя на каленях / Пераклаў Валеры Буйвал. — Менск: 2011. — С. 8. — 107 с.
  2. ^ Amjad M. Jaimoukha The Chechens: A Handbook. — Psychology Press, 2004. — P. 61. — ISBN 0415323282
  3. ^ Henze P. B. Islam in the North Caucasus. — Santa Monica: CA: RAND, 1995. — P. 25.
  4. ^ Tanrisever O. F. The battle for Chechnia: Russia confronts Chechen secessionism (1989-1999) // METU Studies in Development. — 2000. — № 27(2). — С. 65.
  5. ^ Kermach R. The Separatism of Chechnya in 1991: Prerequisites for the Republic’s Secession from Russia // Kyiv-Mohyla Law and Politics Journal. — 2016. — № 2. — С. 203-216.