Бітва на рацэ Уле
Бітва на рацэ Уле | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Вялікае Княства Літоўскае | Маскоўская дзяржава | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Мікалай Радзівіл «Руды» | Пётар Шуйскі | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
4000 | 20 000 | ||||||||
Страты | |||||||||
20 забітых, каля 700 параненых | каля 9000 забітых у бітве й 9000 патанулых | ||||||||
Бітва на рацэ Уле — эпізод Лівонскай вайны (1558—1583). Адбылася на рацэ Уле пад Чашнікамі. Вялікалітоўскае войска (гетман Мікалай Радзівіл Руды, Раман Сангушка, Рыгор Хадкевіч; 8—10 тыс. кавалерыі) перамагло маскоўскі корпус ваяводы Пятра Шуйскага (24 тыс. чалавек). Вынікам бітвы і наступнай перамогі літвінаў на Дуброўне пад Оршай быў зрыў вялікага маскоўскага паходу 1564 году.
23 студзеня Пётар Шуйскі, галоўны ваявода маскавітаў, з конным атрадам выйшаў з захопленага 15 лютага 1563 году Полацку, перайшоў Дзьвіну і 26 студзеня вывеў сваё войска на поле каля ракі Улы. Па загадзе маскоўскага цара (Івана Жахлівага) Шуйскі павінен быў аб’яднацца паміж Воршай і Дуброўна з войскам князёў Сярэбраных, якое рухалася са Смаленску і аб’яднанымі сіламі ісьці ў глыб Літвы, каб рабаваць, забіваць насельніцтва.
Маючы ад шпіёнаў дакладныя зьвесткі аб руху войска Шуйскага, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды са сваім войскам стаяў у Лукомлі. Рушыўшы з Лукомлю вялікі гетман ставіў сабе мэту разьбіць войска Шуйскага да аб’яднаньня яго зь Сярэбранымі.
Каля мястэчка Чашнікі літоўская стража сустрэла стражу маскоўскую. Тэрмінова туды былі накіраваныя роты Баркулаба Корсака і пана Бака. Недалёк ад Чашнікаў яны сустрэлі маскавітаў і некалькі чалавек узялі ў палон. На дапамогу ім былі накіраваныя князь Саламярэцкі і пан Мікалай Сапега. Астатняе войска з троцкім панам Рыгорам Хадкевічам, гетманам Іванам Хадкевічам, князямі Багданам Саламярэцкім, Раманам Сангушкам, Богушам Карэцкім і Мікалаем Радзівілам хутка рыхтаваліся да бойкі. Агульнае літоўскае войска налічвала ня болей за 4000 чалавек.
Пабачыўшы невялікую колькасьць літвінаў, Шуйскі даў магчымасьць Радзівілу разьвярнуць сваё войска, разьлічваючы на лёгкую перамогу.
З абодвух бакоў зыходзіліся зь вялікай жорсткасьцю. Першым у бойку кінуліся бурграў полацкі і пан Бык. Сьледам рухаліся Юры Зяновіч і ваявода Саламярэцкі, вядомыя сваім паходжаньнем. Нейкі час яны трымалі ўсю моц ворага. Радзівіл накіроўваў сьвежыя войскі ў мясьціны, дзе адчувалася слабіна. Бліжэй да ночы войска маскавітаў пачало адступленьне. Паранены Шуйскі быў вымушаны бегчы з поля бойкі. Як толькі перадавы маскоўскі полк быў разьбіты — за вяводам пабегла ўсё войска. Ноччу літоўскае войска прасьледвала бягучых маскавітаў на працягу пяці міляў: уся прастора была заваленая целамі забітых. Вялікая колькасьць маскавітаў утанула ў вадзе Улы і яе прытоку Крывіцы.
Па падліках вялікага гетмана статы маскавітаў склалі 9000 забітымі. Палонныя сьцьвярджалі, што агульная колькасьць маскоўскага войска складала 20 000. Шуйскі пакінуў увесь абоз (каля 5000 павозак), у якім была зброя для войска князёў Сярэбраных, што ішлі са Смаленску.
Са зьдзіўленьнем у літоўскім войску было налічана 20 чалавек забітымі і каля 700 параненымі. У палон трапілі многія вядомыя маскавіты: Захары Пляшчэеў, князь Іван Ахлябін, ваявода Іван Нараваты, дваране Воін Стомін Рутоўскі, Аліфер Федзьцеў, Багдан Кутузаў, Афанасі Чыхачоў, Іван Арцыбашаў, Дзьмітры Кашкароў, Канстанцін Фёдараў-Піліпаў, Башман Якушын, Салман Дзяменцьеў, стралецкі тысячнік Сямейка Хахалін і іншыя.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. / Пад рэд. Г. В. Штыхава. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.: іл. ISBN 5-343-01244-3.
- Янушкевіч, А. Вайна і грамадства: адносіны насельніцтва паўночна-ўсходняга памежжа ВКЛ да палітыкі дзяржаўнай улады ў перыяд Інфлянцкай вайны 1558—1570 г. // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002—421 с.
- Копия с письма, присланного в Варшаву на имя пана Радивила великим гетманом Литовским, с известием об одержанной им победе в сражении с москвитянами и о том, какая богатая добыча досталась его литовской рати 26-го января, сего 1564 года на Vostlit.info