Бэці Пэйдж
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пэйдж.
Бэці Пэйдж | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 22 красавіка 1923 |
---|---|
Месца нараджэньня | Нэшвіл, ЗША |
Дата сьмерці | 11 сьнежня 2008 (85 гадоў) |
Рост | 166 см |
Грудзі | 90 см |
Стан | 58 см |
Сьцёгны | 91 см |
Колер валасоў | чорныя |
Вочы | блакітныя |
Афіцыйная старонка Бэці Пэйдж |
Бэці Пэйдж (па-анґельску: Bettie Page; 22 красавіка 1923 году, Нэшвіл, ЗША — 11 сьнежня 2008, Лос-Анджэлес, ЗША) — амэрыканская мадэль, якая атрымала вядомасьць у 1950-х г.г. за яе эратычныя фатаграфіі ў часопісах, для якіх яна здымалася ў адным купальніку. Так сама, яна была адной зь першых дзяўчынаў месяцу часопіса Playboy.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бэці Мэй Пэйдж нарадзілася ў горадзе Нэшвіл, штат Тэнэсі, 22 красавіка 1923 году, і была другім дзіцем у сям’і. Бацькі разьвяліся, калі ёй было 10 гадоў. З раньніх гадоў Бэці прыйшлося клапаціцца аб сваіх сёстрах. Год яны змушаныя былі пражыць у дзіцячым доме, пакуль маці, Эдна Піртл, зарабляла грошы для ўтрыманьня сям’і.
Пасьпяховая вучаніца ў школе і каледжы, Пэйдж зьбіралася абраць прафэсію настаўніцы. Аднак ужо ўвосень 1940 году яна пачала займацца ў школе акторскага майстэрства, марачы стаць акторкай. У 1943 годзе быў зарэгістраваны шлюб Пэйдж зь яе сакурсьнікам Білі Нілам. Неўзабаве пасьля вельмі сьціплай цырымоніі шлюбу Білі быў закліканы ў войска для ўдзелу ў Другой сусьветнай вайне. У 1947 годзе шлюб быў скасаваны.
Пасьля разводу Пэйдж пераехала ў Нью-Ёрк і паспрабавала стаць акторкай. У гэты жа час яна зарабляла сабе на хлеб, працуючы сакратаркай. У 1950 годзе адбылася выпадковая сустрэча Бэці з Джэры Тодам — паліцыянтам, зацікаўленым у фатаграфіі. Ён дапамог ёй стварыць першае партфоліё ў стылі pin-up.
Вельмі хутка Пэйдж набыла папулярнасьць у жанры эратычнай фатаграфіі, у тым ліку пазіруючы аголенай. Яе здымкі публікавалі найвядомейшыя часопісы таго часу. У 1952—1957 гадах Бэці працавала ў якасьці мадэлі ў Нью-Ёрку, супрацоўнічаючы з рознымі фатографамі. У 1955 годзе зьявіліся яе першыя знакамітыя фатаграфіі ў Playboy. У гэтым жа годзе яна выйграла тытул «Міс Pin-up».
У 1958 годзе Пэйдж зацікавілася рэлігіяй, а ў 1959 годзе прыняла хрысьціянства. Яна актыўна працавала ў хрысьціянскіх арганізацыях і нават спрабавала стаць місіянэрам у Анголе, аднак царква ёй адмовіла, з-за таго, што ў гэты момант яна была двойчы разьведзена.
У 1958 годзе быў складзены яе другі шлюб, які быў разарваны ў 1963 годзе.
У 1960 годзе Бэці канчаткова вярнулася ў Нэшвіл. Тамака быў складзены кароткачасовы шлюб зь першым мужам, Білі Нілам. У 1967 годзе новым мужам Бэці стаў Гару Леар, аднак і гэты зьвяз распаўся ў 1972 годзе.
У 1970-х гг. некалькі выданьняў выпусьцілі кнігі з фатаздымкамі Пэйдж 1950-х, і да яе асобы зноў узьнікла вялікая цікавасьць. У апошнія гады жыцьця Бэці Пэйдж карысталася паслугамі адвакатаў, каб атрымаць грошы, якія зарабляліся іншымі кампаніямі на праектах, зьвязаных зь яе імем.
У 1979 годзе ў Бэці здарыўся нэрвовы зрыў. Ёй быў пастаўлены дыягназ шызафрэнія, пасьля чаго яна правяла 20 месяцаў у псыхіятрычнай лякарні штата. У наступным яна знаходзілася пад назіраньнем, а канчаткова была вызваленая з клінікі ў 1992 годзе.
6 сьнежня 2008 году Бэці Пэйдж была шпіталяваная з дыягназам сардэчны прыступ у клініку ў Лос-Анджэлесе, дзе неўзабаве запала ў кому. Апарат штучнага жыцьцезабесьпячэньня па рашэньні сваякоў быў адключаны 11 сьнежня 2008 году.
Аматары Бэці Пэйдж лічаць, што яе эратычныя здымкі сталі адным з асноўных фактараў, які спрыяў разьвіцьцю сэксуальнай рэвалюцыі ў Амэрыцы ў пачатку 1960-х гг. Заснавальнік часопіса «Playboy» Хью Хафнэр лічыць яе «культавай фігурай, якая спрыяла зьмяненьню адносінаў да сэкса, моды, усяго грамадзтва».
За сваю кар’еру Бэці зьнялася ў некалькіх фільмах. Ёй прыпісвалі эратычную сувязь з Мэрылін Манро. Аб яе жыцьці напісана некалькі біяграфічных кніг, а таксама зьнята два фільма — «Бэці Пэйдж: Цёмны анёл» (2004) і «Непрыстойная Бэці Пэйдж» (2005).
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бэці Пэйдж — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў