Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне
Дата: 14 чэрвеня — 1 ліпеня 1919 году
Месца: Браслаўскі і Дзісенскі павет
Вынік: Зьмененыя асобы на кіроўных пасадах.
Супернікі
Сьцяг Беларусі Паўстанцы
Сьцяг Беларусі беларускія эсэры
Сьцяг Расеі РСФСР
Колькасьць
агулам 3000невядома

Бра́слаўска-Дзі́сенскае паўста́ньне — антыкамуністычнае паўстаньне, якое выбухнула ў Браслаўскім і Дзісьненскім паветах, з-за злоўжываньняў тутэйшых бальшавіцкіх уладаў.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дзісьненскім павеце, як і Браслаўскім вялікае свавольніцтва меў мясцовы Вайсковы аддзел. Фактычна Вайсковыя аддзелы панавалі над астатнімі і прымушалі выконваць захады дзеля задавальненьня сваіх мэтаў не зважаючы на настроі і патрэбы мясцовага насельніцтва. Напачатку чэрвеня бальшавікі абвесьцілі мабілізацыю ўсіх мужчынаў ва ўзросьце ад 16 да 43 гадоў. А яшчэ ў траўні бальшавікі забілі праваслаўнага сьвятара Канстанціна Жданава з Шаркоўшчыны, які карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў.

У выніку стаўленьне насельніцтва зьмянялася хутка і нэгатыўна для савецкай улады. Сваім галоўным ворагам сялянства пачало лічыць камуністаў. Але ў той жа час сялянства выказвалася пра тое, што бальшавікі гэта ахоўнікі сялянства, якія нічога благога для сялянства ня робяць[1]. Асаблівую незадаволенасьць сялянства двух паветаў выказвала наконт палітыкі ваеннага камунізму і харчразвёрсткі. Таксама адзначаліся моцныя антысэміцкія настроі й агітацыйная праца з насельніцтвам з боку прадстаўнікоў партыі левых сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

Асноўнымі прычынамі, як сьведчаць дакумэнты Савету Абароны Літвы і Беларусі, была незадаволенасьць сялянства тымі захадамі, якія прымала савецкая ўлада адносна яго, асаблівую незадаволенасьць сыходзіла ад харчразьвёрсткі. Таксама сялянства масава ня мела даверу да камуністаў, але цалкам давярала бальшавікам[1].

Хада паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўстаньне распачалося 14 чэрвеня 1919 году ў вёсцы Германовічах Дзісьненскага павету[1]. У той жа дзень у мястэчку Іказьні быў парафіяльны фэст Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. На ім ксёндз Міхал Буклярэвіч зьвярнуўся да тысячаў людзей, што прыйшлі на фэст, заклікаў іх браць зброю[2]. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў.

Вялікі ўплыў сярод паўстанцаў мелі беларускія эсэры[1]. Паўстанцы спрабавалі прарвацца да Польшчы ды пашырыць паўстанцкі рух на Беларусі[1]. Самі гэтыя мэта, далі падставу савецкім органам называць кіраўніцтва паўстаньня польскімі легіянэрамі-белагвардзейцамі, а сялянаў, якія іх падтрымалі, — зялёнымі, таму ў савецкія дакумэнты дадзенае паўстаньне ўвайшло як Бела-зялёнае. Менавіта такая тэрміналёгія як польскія легіянэры тлумачыцца прагненьнем паўстанцаў да пераходу на польскі бок.

Паўстанцы ўзялі пад кантроль Іказьнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркоўшчыну, Германавічы[2]. Былі арыштаваныя бальшавіцкія дзеячы ў Мёрах, бальшавіцкі камісар быў расстраляны.

Першымі насустрач руху паўстанцаў у накірунку Глыбокага былі кінутыя Дзьвінская, Браслаўская роты і Глыбоцкая конная рота. Дзьвінская і Глыбоцкая роты цалкам са зброяй перайшлі на бок паўстанцаў[1]. Першы сур’ёзны бой, які адбыўся 20 чэрвеня ня даў якога-небудзь дакладнага выніку. Браслаўская рота, якая ўступіла ў бой 21 чэрвеня супраць атрадаў паўстанцаў была на палову разьбітая, а рэшткі роты перайшлі на бок паўстанцаў[1].

Дадзеныя падзеі вымусілі бальшавіцкія ўлады сканцэнтраваць супраць паўстаўнцаў значныя сілы. Былі сьцягнутыя вайсковыя аддзелы РСЧА з Віцебску, ад апэрацыі супраць паўстаўнцаў былі адхіленыя аддзелы РСЧА, якія былі сфармаваныя зь мясцовых жыхароў. Апэрацыя супраць паўстанцаў распачалася на прыканцы 20-х чэрвеня 1919 г. Паўстанцы былі адкінутыя ад Глыбокага і расьсеяныя.

26 чэрвеня бальшавікі ўзялі Іказьнь. Ксяндза Міхала Буклярэвіча разам зь ягонай сястрой Аліцыяй расстралялі каля Бігосава[2].

З 27 па 30 чэрвеня адбываліся стыхійныя баі паміж паўстаўнцаў і РСЧА. Пасьля гэтых баёў разрозьненныя аддзелы паўстанцаў былі цалкам разьбітыя. Паводле рапартаў чырвоных камандоўцаў ужо зь 1 ліпеня 1919 г. паўстанцкай актыўнасьці ні ў Дзісьненскім, ні ў Браслаўскім паветах ужо не было.

Суполка паўстанцаў налічвала 3000 асобаў за ўвесь час паўстаньня[1]. Немагчыма дакладна назваць іхную колькасьць на розных этапах, бо на бок паўстаньня пераходзілі цэлыя роты чырвонаармейцаў. Першыя сутыкненьні паміж паўстанцаў і аддзелаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі прынесьлі перамогі і папаўненьні.

Паўстаньне адбывалася пад споклічамі «За саветы без камуністаў», «Сьмерць камуністам», «Далоў Савет»[1]. Пры гэтым паўстанцы ніяк не выказваліся супраць бальшавікоў.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сканчэньня актыўных ваенных дзеяньняў, на тэрыторыі паветаў агітацыйная дзейнасьць з боку беларускіх эсэраў была спыненая[1]. У цэнтры паўстаньня вёсцы Германовічах былі раскватараваныя аддзелы РСЧА, якія нягледзячы на здушэньне паўстаньня, рухалася да лініі савецка-польскага фронту. Былі зьнятыя з пасадаў кіраўнікі савецкіх органаў на месцах у Дзісенскім і Браслаўскім паветах. Адзінай станоўчай зьменай з паўстаньнем была зьмена кіроўных асобаў у паветах, але палітыка ваеннага камунізму і харчразвёрстак не спынілася.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]