Перайсьці да зьместу

Канстанцін Жданаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канстанцін Жданаў
Нарадзіўся22 сакавіка 1875(1875-03-22)
Памёр29 красавіка 1919(1919-04-29) (44 гады)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жданаў (неадназначнасьць).

Канстанці́н Жда́наў (22 сакавіка 1875, хрысьцілі 20 красавіка 1875 у царкве м. Біржы Панявескага павету Ковенскай губэрні — 29 красавіка 1919) — праваслаўны сьвятар, ахвяра бальшавіцкага тэрору, кананізаваны ў 2011 годзе Беларускай праваслаўнай царквой, мучанік за веру.

27 сьнежня 1899 памёр бацька-сьвятар царквы м. Стара-Шаркоўшчына. У 1900 годзе Канстанцін Жданаў ажаніўся, атрымаў рукапакладаньне ў сан дыякана царквы вёскі Юдыцына каля Шаркоўшчыны. 1 красавіка 1900 прызначаны настаяцелем Сьвята-Усьпенскай царквы м. Стара-Шаркоўшчына, а 30 красавіка 1900 году ў Ковенскім Петра-Паўлаўскім саборы ён быў рукапакладзены ў сан сьвятара япіскапам Ковенскім Міхаілам (Ермаковым), вікарыем Літоўскай епархіі.

На другі год служэньня айцец Канстанцін пачаў шукаць падтрымку на пабудову новай царквы ў Старой Шаркоўшчыне, бо старая царква ўжо амаль развальвалася. Эпархіяльныя ўлады дазволілі будоўлю толькі ў 1906 годзе. Стары храм быў разабраны, а закладка новага адбылася 3 ліпеня 1908 году. Айцец Канстанцін шукаў сродкі ў людзей, якія выяжджалі на заробкі. Каб сабраць грошы на іканастас, сьвятару давялося ехаць у Маскву і зьбіраць ахвяраваньні з тамтэйшых прадпрымальнікаў. Новапабудаваны Сьвята-Ўсьпенскі храм у Старой Шаркоўшчыне быў асьвечаны 13 лістапада 1912 году.

Айцец Канстанцін быў вядомым прапаведнікам, шмат часу прысьвячаў на малітву. Прыхаджане з увагай слухалі яго казаньні. Таксама сьвятар выкладаў Закон Божы ў трох вясковых школах, а ў 1916 годзе пачаў выконваць абавязкі загадчыка Беразьвецкай жаночай вучэльні, якая была эвакуяваная ў Шаркоўшчыну.

Сьвятар працягваў служэньне і пасьля ўсталяваньня камуністычнай улады, якая разгарнула жорсткі тэрор у Дзісенскім павеце. Вясной 1919 году (канец красавіка) айца Канстанціна арыштавалі адразу пасьля багаслужбы і пад канвоем перавезьлі ў павятовы цэнтар. Бальшавікі расстралялі жанчын, якія спрабавалі заступіцца за сьвятара. Айца Канстанціна павялі на расстрэл разам з айцом Алексіем Сакаловым, настаяцелем прыхода ў Язьне. Айцец Алексій здолеў уцячы ад п’яных канваіраў; айцец Канстанцін не спрабаваў уцякаць. «Я нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог спашле, тое і буду цярпець», — сказаў ён.

Схаваўшыся, айцец Алексій бачыў, як п’яныя камуністы катавалі айца Канстанціна. Сьвятара білі рыдлёўкай па галаве, адсеклі вуха, вырывалі валасы на галаве, пераламалі нагу. Перад сьмерцю ў яго запыталі апошняе жаданьне — і сьвятар папрасіў дазволу памаліцца. Пасьля кароткай малітвы сьвятара аглушылі моцным ударам і жывога закапалі ў яму.

Пахаваць цела айца Канстанціна ўдалося толькі праз два месяцы, пасьля таго як у чэрвені 1919 году польскія войскі, падтрыманыя мясцовымі паўстанцамі, вызвалілі Дзісенскі павет ад камуністаў. Сьвятара пахавалі ў падвале пад алтаром Сьвята-Адзігітрыеўскай царквы ў Дзісьне.

Мясцовае насельніцтва дзесяцігодзьдзямі захоўвала памяць пра айца Канстанціна Жданава. У 1995 годзе ў шаркоўшчынскай царкве пачалі служыць адмысловыя набажэнствы ў памяць сьвятара-мучаніка. Урачыстае далучэньне айца Канстанціна Жданава да ліку сьвятых адбылося 4 чэрвеня 2011 году ў Сьвята-Ўваскрасенскім храме Дзісны. У гэтым жа храме цяпер захоўваюцца мошчы мучаніка.

29 красавіка 2015 году ў цэнтры Шаркоўшчыны айцу Канстанціну Жданаву быў пастаўлены помнік. 19 сакавіка 2020 Сьвяцейшы Сынод РПЦ уключыў іерэя Канстанціна ў Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Расейскай.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]