Перайсьці да зьместу

Берасьцейскія друкарні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тытульная старонка Берасьцейскай Бібліі, 1563

Берасьце́йскія друка́рні — друкарні, што дзейнічалі ў 1550—1570-я рокі ў Берасьці. Мэцэнатам большасьці зь іх быў канцлер вялікі літоўскі, ваявода віленскі і староста берасьцейскі Мікалай Радзівіл Чорны. Узьнікненьню друкарняў садзейнічаў уздым у культурным разьвіцьці Беларусі, пашырэньне міжнародных сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Бярнард Ваяводка (1553—54), Станіслаў Мармеліюс (1558—60-я г.), Цыпрыян Базылік (1560—70-я г.).

Першая беларуская друкарня была заснаваная ў Берасьці ў 1553 року пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага — аднаго з бачных дзеячоў беларускай гісторыі, берасьцейскага старосты, віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Першым ейным кіраўніком стаў друкар і пісар Бярнард Ваяводка. Для свайго часу друкарня забясьпечвала высокі паліграфічны ўзровень. Яна выпусьціла больш за сорак выданьняў на польскай і лацінскай мовах розных тэматык і зьместу. Ваяводка разам з Андрэем Трацескім друкаваў на замову Радзівіла выданьні, што адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалягічныя творы Крыштафа Імлера і Урбана Рэгіюса.

Па сьмерці Ваяводкі ў 1554 року кіраўніцтва друкарняй пераняў Станіслаў Мармеліюс. З выданьняў гэтага часу вядомыя: «Два пасланьні» (1559), «Гісторыя пра папу Яна VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б. Граіцкага(pl) (1560) і інш., хоць часьцей назва друкарні не пазначалася.

Пасьля яго прыкладна каля 1563 року друкарня перайшла да Цыпрыяна Базыліка, друкара, пісара, перакладніка. Менавіта за ягоным кіраўніцтвам у Берасьцейскай друкарні выйшаў найбольш вядомы ейны твор — Берасьцейская, ці Радзівілаўская Біблія (1563). Базылік працаваў у друкарні да сьмерці Мікалая Радзівіла «Чорнага» ў 1566 року; выдаў між іншага сатырычную паэму «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размову паляка зь ліцьвінам» (каля 1564). Таксама вядомыя «Артыкулы права магдэбурскага» Граіцкага і зборнік рэлігійных песень з нотамі «Песьні славы Божай» Зарэмбы. Пасьля сьмерці Радзівіла выдаваў творы сьвецкай, гістарычнай ды іншай тэматыкі, між іншага «Разважаньне аб паляпшэньні Рэчы Паспалітай(pl)» Андрэя Маджэўскага. У 1569 стаў уласьнікам друкарні і атрымаў друкарскі прывілей ад караля Жыгімонта III.

Друкарня спыніла дзейнасьць у 1574 року, а ў 1576 Мікалай Радзівіл «Сіротка» перанёс яе ў Вільню.

Найбольшага росквіту кнігадрукаваньне ў Берасьці дасягнула пад кіраўніцтвам Ц. Базыліка. Выдаўцы Берасьцейскай друкарні адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «паспалітым» чытачам. У іхнім афармленьні шырока выкарыстоўвалася рэнэсансавая графіка, наборныя арнамэнты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксыляграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краінамі паўночна-эўрапейскага Адраджэньня. Самай важнай кнігай Берасьцейскай друкарні лічыцца Берасьцейская Біблія (1563), якая зьмяшчае поўны тэкст Сьвятога пісаньня на польскай літаратурнай мове XVI стагодзьдзя.

Радзівілаўская друкарня дала штуршок да разьвіцьця кнігадрукаваньня — даволі хутка на тэрыторыі Беларусі зьявілася яшчэ пяць друкарняў, якія працавалі на распаўсюд культуры Рэнэсансу й ідэяў Рэфармацыі[1].

  1. ^ Костюкевич, Дмитрий (19 чэрвеня 2016) Незабвенный Брест: бытие литературное города над Бугом (рас.). Виртуальный БрестПраверана 25 верасьня 2017 г.
  • Брэсцкія друкарні // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. Брэсцкія друкарні.
  • Barbara Bieńkowska. Książka na przestrzeni dziejów. — Warszawa: wyd. Centrum Edukacji Bibliotekarskiej, Informacyjnej i Dokumentacyjnej im. Heleny Radlińskiej, 2005. — ISBN 83-88581-21-X
  • Helena Szwejkowska. Książka drukowana XV—XVIII wieku. — Wrocław: wyd państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1975.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]