Беластоцкі дэпартамэнт
Беластоцкі дэпартамэнт (па-нямецку: Kammerdepartement Bialystok, па-польску: Departament białostocki) — адміністрацыйная адзінка прускай правінцыі Новая Ўсходняя Прусія у 1795—1807 роках. Сталіцай дэпартамэнту быў Беласток.
Дзейнасьць прускіх уладаў прывяла да поўнага зьмяненьня места — з задворку двору Браніцкіх у адміністрацыйны цэнтар дэпартамэнту[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 лістапада 1794 скончылася паўстаньне Касьцюшкі, праз год перастала існаваць Рэч Паспалітая, і ўся паўночная Мазовія і Падляшша ўвайшлі ў склад каралеўства Прусія як Новая Ўсходняя Прусія.
Стан вайсковай акупацыі закончыўся з моманту падпісаньня дамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай 24 кастрычніка 1795 (аднак канчаткова граніца між Прусіяй і Расеяй была вызначаная толькі 2 ліпеня 1796[2]). А ўжо 14 сьнежня Фрыдрых Вільгельм II даручыў міністру Фрыдрыху фон Шрэтэру парадкаваньне земляў на правым беразе Віслы і Бугу. Загадам ад 26 сьнежня кароль зрабіў першую арганізацыйную прапанову, паводле якое новая правінцыя цягам цэлага року мела кіраваца адмысловымі камісарамі з захаваньнем існуючага польскага адміністрацыйнага і судовага ладу.
З 26 студзеня 1796 урадавыя пасады ў Беластоку занялі прусы. Былі створаныя ваенна-эканамічны апарат(de), судовая рэенцыя(de), староства(de) й інш. Колькасьць службоўцаў складала каля 200 чалавек, а разам з вайскоўцамі і сем’ямі — больш за 1000 асобаў.
У 1802 Патоцкія, пераемнікі Браніцкіх, прадалі Беласток ва ўласнасьць прускага ўраду. Места стала адміністрацыйным цэнтрам, сядзібай Беластоцкага дэпартамэнту і навастворанага Беластоцкага павету[3].
Па Тыльзыцкім міры 1807 року места ўключанае ў склад Расеі як цэнтар вобласьці. Ад 1842 увайшло ў склад Гарадзенскай губэрні[4].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дэпартамэнце пражывалі калі 500 тысячаў асобаў у 95 тысячаў гаспадарак. Мескае насельніцтва складала 16% ад усяго.
Дэпартамэнт складаўся з 10 паветаў (дыстрыктаў) аднолькавага памеру:
- Беластоцкі — Беласток
- Бельскі — Бельск-Падляскі
- Дуброўскі — Дуброва Беластоцкая
- Дарагічынскі — Дарагічын
- Гонядзкі — Гонядзь
- Кальварыйскі — Кальварыя
- Ломжынскі — Ломжа
- Мар’ямпальскі — Мар’ямпаль
- Сураскі — Бранск
- Вігерскі — Вігры[4].
У склад утворанай у 1795 правінцыі Новая Ўсходняя Прусія ўвайшлі землі другога падзелу, разьмешчаныя між Віслай, Бугам, Наравам і Нёманам, частка Мазовіі, разьмешчаная на правым беразе Віслы, якая дагэтуль адносілася да Паўднёвае Прусіі, і землі трэцяга падзелу, то бок рэшта Мазовіі, якая ляжала над Наравам, частка Падляшша і часткі Летувы і Жамойці па левым беразе Нёману.
Плошча Новай Усходняй Прусіі складала 778 квадратных міляў. Канчатковае вызначэньне граніцаў двух дэпартамэнтаў — Беластоцкага і Плоцкага, зь якіх складалася правінцыя, ваенна-эканамічных камэраў і паветаў было завершанае цыркулярам 9 чэрвеня 1799.
Тэрытарыяльнай уладай дэпартамэнту была камэра, якая выконвала адміністрацыйныя і скрабавыя функцыі; судовую ўладу выконвала рэенцыя. На чале павету знаходзіўся ляндрат — першая паліцыйная інстанцыя, якая займалася ўсімі адміністрацыйна-скарбавымі справамі. Ён кантраляваш выкананьне ўсіх пастановаў на падкантрольнай тэрыторыі, за выняткам каралеўскіх уладаньняў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Archiwum Państwowe w Białymstoku, Dzieje herbu Białegostoku — katalog wystawy z 2012 r. s. 12-14.
- ^ Cz. Brodzicki, D. Godlewska, Łomża w latach 1794—1866. Państwowe Wydawnictwo Naukowe, Warszawa 1987 r. s. 9-12.
- ^ S. Andrzejewski, M. Siuchniński, Miasta polskie w tysiącleciu, tom pierwszy. Zakład Narodowy im. Ossolińskich, Wrocław — Warszawa — Kraków 1965 r. s. 243.
- ^ а б A. Cz. Dobroński, Od rozbiorów do końca lat dwudziestych XIX w., Rozdział XI z Historia Województwa Podlaskiego, Instytut Wydawniczy Kreator, Białystok 2010 r. s. 109—111.