Перайсьці да зьместу

Беларуская фэдэрацыя кібэрспорту

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская фэдэрацыя кібэрспорту
Дата ўтварэньня 6 студзеня 2017 (7 гадоў таму)
Тып спартовая фэдэрацыя
Штаб-кватэра Менск, Захарава, 50В, памяшканьне 7Н
Месцазнаходжаньне Менск, Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
расейская
Старшыня Дзяніс Багушоў
Сайт www.cybersport.by

Белару́ская фэдэра́цыя кібэрспо́рту — рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне[1], якое займаецца падтрымкаю і разьвіцьцём кібэрспорту ў Беларусі.

Асноўнаю мэтаю зьяўляецца садзейнічаньне разьвіцьцю ў Беларусі кібэрспорту як новага віду спартовае спаборніцкае дзейнасьці й адмысловае практыкі падрыхтоўкі чалавека да спаборніцтваў на базе кампутарнай тэхнікі, праґрамнага забесьпячэньня, інтэрактыўных прыладаў і іншых магчымасьцяў кампутарных тэхналёґіяў, а таксама ўцягваньне ў кібэрспорт шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі.[2]

Апроч таго, садзейнічае разьвіцьцю кібэрспорту ў Беларусі як масавага тыпу спорту, які прапаґандуе агульначалавечыя каштоўнасьці й здаровы лад жыцьця, і эфэктыўных формаў фізычнага выхаваньня дзяцей і падлеткаў, з выкарыстаньнем кампутарных тэхналёґіяў, накіраваных на фарміраваньне здаровага, фізычна і духоўна дасканалага, маральна-ўстойлівага маладога пакаленьня.[3]

У стварэньні прымала ўдзел арґанізацыйная кампанія «Пляцоўка».[4] Зарэґістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі як рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне 6 студзеня 2017 году.[5] Створаная для разьвіцьця кібэрспорту ў рэспубліцы як часткі міжнароднага спартовага руху.[6]

28 лютага анансавала дзьве ліґі з прызавымі фондамі — рэспубліканскую і студэнцкую, якія пройдуць у 3—4 кварталах 2017 году і завершацца ґранд-фіналамі ў Менску. Дысцыпліны абодвух чэмпіянатаў: Dota 2, Counter-Strike: Global Offensive, World of Tanks і FIFA 17 (таксама магчымыя турніры па NHL 17 і NBA 2K17 на рэспубліканскім чэмпіянаце). Удзельнікі рэспубліканскага чэмпіянату абіраюцца шляхам правядзеньня адборачных сеткавых турніраў, па выніках кваліфікацыі каманды згуляюць на LAN-фінале ў Менску. Студэнцкі турнір уключае навучэнцаў 55 беларускіх унівэрсытэтаў і 173 каледжаў з усіх вобласьцяў Беларусі, якія абіраюцца шляхам арґанізацыі LAN-кваліфікацыяў. Найлепшыя каманды кожнай вобласьці згуляюць на фінальным турніры ў Менску.[7]

Спартовы журналіст Андрэй Вашкевіч лічыць падзею гістарычнаю:[8]

« Гэтая фэдэрацыя вельмі хутка — яшчэ на нашым жыцьці — стане галоўнаю ў Беларусі. Яна будзе разьвіваць тое, што сапраўды цікава масам (у адрозьненьне ад хакею альбо футболу). Тое, што бяз школы, загадаў, бацькоў і кніжак ведаюць усе дзеці. »
  1. ^ Минюст зарегистрировал Белорусскую федерацию киберспорта. БелТА (2017-01-06). Праверана 2017-04-13 г.  (рас.)
  2. ^ В Беларуси появилась федерация киберспорта. TUT.BY (2017-01-06). Праверана 2017-04-12 г.  (рас.)
  3. ^ У Беларусі з’явілася федэрацыя кіберспорту. Хартыя'97 (2017-01-06). Праверана 2017-04-12 г.
  4. ^ Белорусская федерация киберспорта. iT-Ground.net (2016-06-09). Праверана 2017-04-12 г.  (рас.)
  5. ^ О государственной регистрации Республиканского общественного объединения «Белорусская федерация киберспорта». Министерство юстиции Республики Беларусь (2017-01-06). Праверана 2017-04-12 г. (рас.)
  6. ^ В Беларуси появилась федерация киберспорта. Беларусь сегодня (2017-01-06). Праверана 2017-04-13 г. (рас.)
  7. ^ Белорусская федерация киберспорта проведёт студенческую и республиканскую лиги. CyberSport.ru (2017-02-28). Праверана 2017-04-12 г.  (рас.)
  8. ^ Вашкевіч 2017.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]