Рачны бабёр
| Рачны бабёр | |
Бабёр рачны эўрапейскі | |
| Клясыфікацыя | |
|---|---|
| Царства | Жывёлы (Animalia) |
| Тып | Хордавыя (Chordata) |
| Падтып | Хрыбетныя (Vertebrata) |
| Надкляса | Чатырохногія (Tetrapoda) |
| Кляса | Сысуны (Mammalia) |
| Падкляса | Зьвяры (Theria) |
| Інфракляса | Пляцэнтарныя (Placentalia) |
| Атрад | Грызуны (Rodentia) |
| Падатрад | Castorimorpha |
| Сямейства | Бабровыя (Castoridae) Hemprich, 1820 |
| Род | Бабёр (Castor) Linnaeus, 1758 |
| Від | Бабёр звычайны |
| Бінамінальная намэнклятура | |
| Castor fiber Linnaeus, 1758 | |
| Арэал | |
Рачны бабёр (па-лацінску: Castor fiber) — жывёліна атраду грызуноў, сямейства бабровых.
Паўвадзяная жывёліна, жыве на рэках, старыцах, некаторых азёрах і каналах з багатай узьбярэжнай расьліннасьцю. Жыве сем’ямі ў норах або «хатачках» вышынёй да 3 мэтраў і дыямэтрам у падставы да 12 мэтраў. Будуе плаціны, часам даўжынёй да 100—200 мэтраў.
Найбольш распаўсюджаны падвід — Бабёр рачны эўрапейскі. Даўжыня цела 66—92 сантымэтры, хваста — 22—34 сантымэтры, вага цела да 30 кіляграмаў. Афарбоўка сьветлая (каштанава-бурая, сьветла-бурая) або цёмная (чорна-бурая, амаль чорная). Цёмныя бабры характэрныя для басэйнаў Сожу й Нёмана. Пальцы задніх канечнасьцяў злучаныя плавальнай перапонкай. Хвост плоскі, пакрыты цёмна-шэрымі рагавымі шчыткамі. Зубы ў бабра растуць (рэгенэруюць) усё жыцьцё, таму што ён сточвае іх аб цьвёрдыя пароды дрэваў. Палавая паўнавартасьць наступае на трэцім годзе жыцьця. Гон (шлюбны сэзон) — у студзені-лютым. Бабраняты (ад двух да пяці) зьяўляюцца ў красавіку-траўні. Сілкуецца травяністымі й дрэўнымі расьлінамі. На зіму робіць падводныя запасы корму.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У мінулым зьяўляўся важкім аб’ектам паляваньня. Косткі бабра знойдзеныя пры раскопках гарадзішчаў VI—XII стагодзьдзяў. Вядомыя граматы XIV—XVI стагодзьдзяў, выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгодзьдзі з бабровымі гонамі (месцамі адлову баброў) каля Полацку, Маладэчна, Слуцку. У XVI стагодзьдзі статутамі ВКЛ былі вызначаныя меры па ахове баброў. У 18 стагодзьдзі бабёр яшчэ быў распаўсюджаны на Прыпяці, Піне, Бярэзіне, Ясельдзе, Сьвіслачы, да сярэдзіны XIX стагодзьдзя захаваўся толькі на Бярэзіне й паўднёвых прытоках Прыпяці, да пачатку XX стагодзьдзя амаль цалкам зьнік (засталіся невялікія селішчы на Бярэзіне, Сожы й Нёмане). У 1925 годзе ў мэтах захаваньня і павелічэньня беларускай папуляцыі бабра быў створаны Бярэзінскі запаведнік. У 1931—1932 гадах было ўлічана 54 бабровыя «хатачкі», у 1933 — 95, у 1947 — 147.
Выключаны з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь[1]. У Бабруйску ў 2006 годзе быў пастаўлены помнік бабру. У 2009 г. у Беларусі налічвалася 62,9 тыс. рачных баброў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ В Беларуси придумали, как снизить численность бобров, не убивая их(недаступная спасылка), interfax.by (рас.)