Перайсьці да зьместу

Бабёр рачны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бабры»)
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Бобр (неадназначнасьць), Бабры (неадназначнасьць).
Бабёр
Бабёр рачны эўрапейскі
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы (Animalia)
ТыпХордавыя (Chordata)
ПадтыпХрыбетныя (Vertebrata)
НадклясаЧатырохногія (Tetrapoda)
КлясаСысуны (Mammalia)
ПадклясаЗьвяры (Theria)
ІнфраклясаПляцэнтарныя (Placentalia)
АтрадГрызуны (Rodentia)
ПадатрадCastorimorpha
СямействаБабровыя (Castoridae) Hemprich, 1820
РодБабёр (Castor) Linnaeus, 1758
ВідБабёр звычайны
Бінамінальная намэнклятура
Castor fiber
Linnaeus, 1758
Арэал

Бабёр, бабёр рачны (па-лацінску: Castor fiber) — жывёліна атраду грызуноў, сямейства бабровых. Паўвадзяная жывёліна, жыве на рэках, старыцах, некаторых азёрах і каналах з багатай узьбярэжнай расьліннасьцю. Жыве сем’ямі ў норах або «хатачках» вышынёй да 3 мэтраў і дыямэтрам у падставы да 12 мэтраў. Будуе плаціны, часам даўжынёй да 100—200 мэтраў.

Найбольш распаўсюджаны падвід — Бабёр рачны эўрапейскі. Даўжыня цела 66—92 сантымэтры, хваста — 22—34 сантымэтры, вага цела да 30 кіляграмаў. Афарбоўка сьветлая (каштанава-бурая, сьветла-бурая) або цёмная (чорна-бурая, амаль чорная). Цёмныя бабры характэрныя для басэйнаў Сожу й Нёмана. Пальцы задніх канечнасьцяў злучаныя плавальнай перапонкай. Хвост плоскі, пакрыты цёмна-шэрымі рагавымі шчыткамі. Зубы ў бабра растуць (рэгенэруюць) усё жыцьцё, таму што ён сточвае іх аб цьвёрдыя пароды дрэваў. Палавая паўнавартасьць наступае на трэцім годзе жыцьця. Гон (шлюбны сэзон) — у студзені-лютым. Бабраняты (ад двух да пяці) зьяўляюцца ў красавіку-траўні. Сілкуецца травяністымі й дрэўнымі расьлінамі. На зіму робіць падводныя запасы корму.

Паваленае дрэва каля ракі Іслач

У мінулым зьяўляўся важкім аб’ектам паляваньня. Косткі бабра знойдзеныя пры раскопках гарадзішчаў VI—XII стагодзьдзяў. Вядомыя граматы XIV—XVI стагодзьдзяў, выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгодзьдзі з бабровымі гонамі (месцамі адлову баброў) каля Полацку, Маладэчна, Слуцку. У XVI стагодзьдзі статутамі ВКЛ былі вызначаныя меры па ахове баброў. У 18 стагодзьдзі бабёр яшчэ быў распаўсюджаны на Прыпяці, Піне, Бярэзіне, Ясельдзе, Сьвіслачы, да сярэдзіны XIX стагодзьдзя захаваўся толькі на Бярэзіне й паўднёвых прытоках Прыпяці, да пачатку XX стагодзьдзя амаль цалкам зьнік (засталіся невялікія селішчы на Бярэзіне, Сожы й Нёмане). У 1925 годзе ў мэтах захаваньня і павелічэньня беларускай папуляцыі бабра быў створаны Бярэзінскі запаведнік. У 1931—1932 гадах было ўлічана 54 бабровыя «хатачкі», у 1933 — 95, у 1947 — 147.

Выключаны з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь[1]. У Бабруйску ў 2006 годзе быў пастаўлены помнік бабру. У 2009 г. у Беларусі налічвалася 62,9 тыс. рачных баброў.