Ашраф Марван
Ашраф Марван | |
أشرف مروان | |
Імя пры нараджэньні | Ашраф Абу Аль Вафа Марван |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 лютага 1944 |
Месца нараджэньня | Каір, Эгіпет |
Дата сьмерці | 27 чэрвеня 2007 (63 гады) |
Месца сьмерці | Лёндан, Вялікабрытанія |
Прычына сьмерці | падзеньне[d] |
Месца вучобы | |
Прафэсія | бізнэсовец |
Месца працы | |
Вядомы як | ізраільскі шпег, двайны агент |
Жонка | Мона Гамаль Абдэль Насэр |
Дзеці | Гамаль Марван, Ахмэд Марван |
Ашраф Марван (па-арабску: أشرف مروان, 2 лютага 1944, Каір, Эгіпет — 27 чэрвеня 2007, Лёндан, Вялікабрытанія) — эгіпецкі мільярдэр, шпег ізраільскага Масаду і меркаваны двайны агент. Знаходзячыся на службе пры прэзыдэнтах Гамалі Абдэлі Насэры, а пасьля Анвары Садату, перад вайной Суднага дня папярэдзіў ізраільскую выведку пра пачатак вайсковай апэрацыі, дзякуючы чаму атрымалася пазьбегнуць эфэкту нечаканасьці і падрыхтавацца да абароны.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ашраф Марван нарадзіўся ў шляхетнай сям’і афіцэра Эгіпецкай рэспубліканскай гвардыі[1]. У 1965 року скончыў Каірскі ўнівэрсытэт па хімічнай спэцыяльнасьці і паступіў на вайсковую службу. Тады ж ён пазнаёміўся з 17-гадовай Монай Насэр, другой дачкой прэзыдэнта Гамаля Абдэля Насэра. У 1966 року яны пабраліся шлюбам нягледзячы на пярэчаньні Монавага бацькі, які лічыў, што Марвана больш прываблівае ейны палітычны статус, а не пачуцьці[2].
З 1968 року працаваў у прэзыдэнцкім атачэньні пад кіраўніцтвам найбліжэйшага памочніка Насэра — Самі Шарафа, кіраўніка сакрэтнай службы. У канцы 1968 року Марван з Монай і нованароджаным сынам Гамалем зьехалі ў Лёндан дзеля працягу Марванавага навучаньня, але празь некалькі месяцаў былі адкліканыя прэзыдэнтам Насэрам, які атрымаў зьвесткі пра гайдамачны лад жыцьця свайго зяця. Вярнуўшыся ў Эгіпет, Марван працягнуў працу ў Самі Шарафа[3].
Па сьмерці Насэра ў 1970 року Марван быў пастаўлены памагатым прэзыдэнта Садата. У траўні 1971 року Марван адыграў значную ролю ў папярэджаньні магчымага перавароту прыхільнікамі Насэра. Пасьля гэтай «Выпраўленчай рэвалюцыі» Марван заняў пасаду свайго начальніка Самі Шарафа, удзельніка змовы. Аднак фактычна Ашраф Марван выконваў абавязкі пэрсанальнага пасла прэзыдэнта ў сувязях з Саудаўскай Арабіяй і Лібіяй[4]. На гэтай пасадзе ён навязаў дружалюбныя стасункі з саудаўскімі і лібійскімі кіраўнікамі. Перад вайной Суднага дня і Саудаўская Арабія, і Лібія аказалі Эгіпту значную фінансавую і вайсковую дапамогу.
Дзякуючы высокай пасадзе Ашраф Марван меў досяг да дзяржаўных сакрэтаў, у тым ліку пра падрыхтоўку Эгіпту да вяртаньня страчаных у Шасьцідзённай вайне тэрыторыяў: плянаў ваенных дзеяньняў, вайсковых вучэньняў, дамоваў з СССР ды іншымі дзяржавамі, перамоваў зь вярхоўным камандаваньнем Эгіпту і лідэрамі арабскага сьвету[5]. Перададзеная Марванам інфармацыя дасягнула ізраільскай прэм’ер-міністаркі Голды Мэір, міністра абароны Машэ Даяна і начальніка штаба Арміі абароны Ізраілю Хаіма Бар-Лева і дапамагла вызначыць стратэгію і тактыку Ізраілю ў дачыненьні Эгіпту.
У кастрычніку 1972 року Садат нечакана вырашыў пачаць вайну і прысьпешыў вайсковыя прыгатаваньні. У красавіку 1973 року Марван і яшчэ некалькі інфарматараў Масаду паведамлялі пра рашэньне пачаць вайну ў сярэдзіне траўня, у выніку чаго Ізраіль падвысіў боегатоўнасьць. Аднак эгіпецкі напад быў адкладзены празь непадрыхтаванасьць Сырыі да акупацыі Галанскіх вышыняў[6][7]. Як сьлед, увосені, калі Эгіпет і Сырыя падрыхтаваліся да вядзеньня ваенных дзеяньняў, Ізраіль не рэагаваў на шматлікія паведамленьні пра гэта, і не пачынаў мабілізацыю рэзэрвістаў, якія складалі ў той час 80% сухапутных сілаў краіны[8].
У чацьвер 4 кастрычніка 1973 року, за 44 гадзіны да плянаванага часу пачатку вайны, Марван (мянушка «Анёл») патэлефанаваў Дубі, свайму сувязному ў Масадзе, і запытаў неадкладнай сустрэчы з шэфам выведкі дзеля размовы наконт «мноства хімікатаў» (гэта ў іх азначала вайну). Сустрэча адбылася ўночы з чацьвярга на пятніцу ў Лёндане; Марван паведаміў Заміру, што «вайна пачнецца заўтра». 6 кастрычніка, за некалькі гадзінаў да названага часу, Ізраіль пачаў тэрміновую мабілізацыю, што дапамагло спыніць прасоўваньне Эгіпту на Галанскіх вышынях. Бяз гэтай інфармацыі страты Ізраілю ў вайне Суднага дня сталі бы нашмат вышэйшымі[9].
Па сканчэньні вайны Марван быў прызначаны сакратаром прэзыдэнта Рэспублікі Эгіпту па замежных справах, а надалей Садат плянаваў прызначыць яго замест міністра замежных справаў Ісмаіла Фагмі[10]. Аднак да гэтага часу ў Марвана зьявілася багата асабістых ворагаў, якія вінавацілі яго ў выкарыстаньні набліжанасьці да Садата як спосабу ўласнага абагачэньня. Пад грамадзкім ціскам прэзыдэнт Садат быў вымушаны ў сакавіку 1976 адправіць Ашрафа Марвана ў адстаўку зь дзяржаўнай службы[11][12], паставіўшы яго кіраўніком Арабскай арганізацыі па індустрыялізацыі — зброевытворчага комплексу ў Каіры, фінансаванага Саудаўскай Арабіяй, ААЭ і Катарам. У кастрычніку 1978 року Марван быў зноў зьняты з гэтай пасады пасьля грамадзкай незадаволенасьці.
Пасьля забойства Садата ў кастрычніку 1981 року Марван зьехаў у Лёндан, дзе заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Да 1998 року ён працягваў супрацоўніцтва з Масадам праз Дубі[13]. У сьнежні 2002 року пра ягоную шпіёнскую дзейнасьць паведаміў ізраільскі гісторык Арон Брэгман, назваўшы Марвана двайным агентам, які падмануў ізраільцянаў[14].
27 чэрвеня 2007 року Ашраф Марван выпаў з балькону сваёй лёнданскай кватэры на пятым паверсе. На ягоным пахаваньні ў Эгіпце ўзялі ўдзел вярхоўны рэлігійны лідэр Мухамад Саід Тантаві, Гамаль Мубарак (сын колішняга прэзыдэнта Хосьні Мубарака), кіраўнік выведкі Амар Сулейман ды іншыя.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З жонкай Монай (у дзявоцтве Абдэль Насэр) меў двух сыноў. Гамаль — блізкі сябар Гамаля Мубарака, колішняга прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака[15]; Ахмэд — муж дачкі колішняга Генэральнага сакратара Арабскай лігі Амра Мусы.
Расьсьледаваньне сьмерці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сын Ашрафа Марвана Гамаль выказаў думку, што ягоны бацька быў забіты. Сьведка з трэцяга паверху будынку паведаміў, што бачыў двух мужчынаў «у касьцюмах і міжземнаморскага выгляду» на бальконе, зь якога выпаў Ашраф Марван, якія паглядзелі ўніз і вярнуліся ў кватэру. Пазьней Мэтрапольная паліцыя Лёндану паведаміла, што згубіла ключавы доказ расьсьледаваньня — пантофлі Ашрафа, якія былі на ім у момант сьмерці і маглі дапамагчы высьветліць, ці выскакнуў Марван з балькону[16]. Пасьля гэтага ў студзені 2008 року сьледзтва было перададзенае Спэцыяльнаму крымінальнаму дырэктарату.
Ашраф стаў чацьвертым эгіпцянінам, які загінуў у Лёндане падобным спосабам[17]. Тры іншыя — акторка Саэд Хосьні, эгіпецкі амбасадар у Грэцыі Эль-Лейты Насыф[18], і сакратар у офісе колішняга віцэ-прэзыдэнта Эгіпту Абдэля Хакіма Амэра Алі Шафік[17] — супрацоўнічалі з эгіпецкімі спэцслужбамі ў 1966—1971 роках. Апошні факт ставіць пад сумнеў выказаную ўдавой Марвана Монай вэрсію пра дачыненьне да забойства Масада[19]. Да таго ж забойства ўжо раскрытага агента ня мае для Масада сэнсу і наадварот, можа толькі адпугнуць ад яго новых супрацоўнікаў[20].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2016 року Арон Брэгман выдаў кнігу пра свае сустрэчы з Ашрафам Марванам пад назваю «Шпіён, які сышоў на Зямлю». У тым жа року прафэсар Уры Бар-Ёсэф напісаў кнігу «Анёл: Эгіпцянін, які ўратаваў Ізраіль». У 2018 року паводле гэтай кнігі быў прадстаўлены фільм ЗША «Анёл».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Thawrat, Muhammad Ashraf Marwan: Fact and Illusion. — Madbuli, 2008. — С. 19—20.
- ^ The opportunist: “The bright dark side of the moon” (анг.) Egyptian Chronicles Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Halef al-Tawil, Kamal Ashraf Marwan: The Dilemma Child. — Al-Akhbar al-Lebnaniya, 2007.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 76—99.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 100—132.
- ^ Israel Studies An Anthology : The 1973 Yom Kippur War Jewish Virtual Library Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Seal, Patrick Assad: The Struggle for the Middle East. — Berkeley: University of California Press, 1988. — С. 192—193. — ISBN 0-520-06976-5
- ^ Bar-Joseph, Uri The Watchman Fell Asleep: The Surprise of Yom Kippur and its Sources. — Albany, NY: SUNY, 2005. — С. 11—187. — ISBN 0791464822
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 194—232.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 245—246.
- ^ Jamaa, Mohamed I Knew Sadat: Half a Century of Secrets About Sadat and the [Muslim] Brotherhood. — Cairo: 1988.
- ^ Sabri, Musa Sadat: The Truth and the Legend. — Cairo: Al-Maktab al-Masry al-Hadeth, 1985. — С. 651—662.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 239—242.
- ^ Bar-Joseph, Uri The Intelligence Chief who Went Fishing in the Cold: How the Identity of Israel's Most Valuable Source in Egypt was Leaked by Maj. Gen. (res.) Eli Zeira. — Intelligence and National Security, 2008. — Т. Vol.23, No.2. — С. 226—248.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 322.
- ^ Barton, Whaley Turnabout and Deception: Crafting the Double-Cross and the Theory of Outs. — Naval Institute Press, 2016. — С. I94—I96. — ISBN 9781682470299
- ^ а б Death by balcony in Egypt. Al Jazeera (1 чэрвеня 2014). Праверана 14 верасьня 2017 г.
- ^ Egyptian X-File: Stuart Tower, The beginning Egyptian Chronicles. Blogspot (21 траўня 2010). Праверана 16 кастрычніка 2016 г.
- ^ Mossad agents murdered my husband, says widow of billionaire arms dealer // The Guardian, 10 ліпеня 2010 г.
- ^ Who killed the 20th century's greatest spy? // The Guardian, 15 верасьня 2015 г. Праверана 6 сакавіка 2018 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Bar-Joseph, Uri The Angel: The Egyptian Spy Who Saved Israel. — HarperCollins, 2016. — 384 с. — ISBN 9780062420121