Аронія
| Аронія | |
Ягады ароніі | |
| Клясыфікацыя | |
|---|---|
| Царства | Расьліны |
| Падцарства | Судзінкавыя расьліны |
| Група | Кветкавыя расьліны |
| Тып | Эўдыкоты |
| Падкляса | Разіды |
| Атрад | Ружакветныя |
| Сямейства | Ружавыя |
| Падсямейства | Amygdaloideae |
| Трыба | Maleae |
| Падтрыба | Malinae |
| Віды | *Aronia arbutifolia (L.) Pers.
|
| Бінамінальная намэнклятура | |
| Aronia Medik. 1789 | |

Аро́нія (Aronia) — род лістападных хмызьнякоў сямейства ружавых. Паходзіць з усходу Паўночнай Амэрыкі. У XVIII стагодзьдзі чорная аронія патрапіла ў Эўропу.
Аронія вырошчваецца дзеля ўпрыгожваньня і ежы. Ягады маюць кіслы смак і гатовыя да ўжываньня, але часьцей апрацоўваюцца. Зь іх вырабляюць віно, сочыва, сыропы, сокі, гарбату, соўсы, экстракты, піва, марозіва, жэлятынкі і наліўкі.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лісьце чаргаванае, простае і адваротна-лянцатаватае з зубкаватымі краямі і перкаватым жылкаваньнем; увосені набывае насычаны чырвоны колер. На цэнтральнай жылцы прысутныя цёмныя трыхомы. Кветкі дробныя, зь пяцьцю пялёсткамі і пяцьцю падлісткамі, сабраныя ў шчыткі па 10-25 разам. Гіпантыюм урнападобны. Плод — малы яблык з вязкім смакам.
Пажыўнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Пажыўнае рэчыва | Маса ў плодзе
[г/100 г] |
Маса ў мязьзе
[г/100 г] |
|---|---|---|
| Цукры агулам | 6,21—42,1 | — |
| Фруктоза | 2,2—15,8 | — |
| Валокны агулам | — | 57,8—71,6 |
| Нераспушчальныя валокны | — | 43,8—61,7 |
| Лігнін | — | 22,68 |
| Цэлюлёза | — | 34,56 |
| Пэктын | — | 7,52 |
| Бялок | 0,7 | — |
| Тлушч | 0,14% | — |
| Вітаміны | [мг/100 г] | [мг/100 г] |
| Вітамін C | 7,25—98,75 | — |
| Вітамін А | 0,77 | — |
| Вітамін B5 | 2,845 | — |
| Вітамін B6 | 1,132 | — |
| Мінэралы | [мг/100 г] | [мг/100 г] |
| Натар | 0,427—1,18 | — |
| Каль | 135—679 | — |
| Кальц | 11,9—116,7 | — |
| Магн | 8,3—66,9 | — |
| Фосфар | 23,9—95,6 | — |
| Арганічныя злучэньні | [мг/100 г] | [мг/100 г] |
| Антацыяны | 284—631 | — |
| Проантацыянідын | 522—1000 | 6200—9720 |
| Фляванолі | 3,9—61,7 | 22,7—43,7 |
Вырошчваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Аронія — характэрны хмызьняк паўночнай паўкулі, які патрабуе ўмераных і халодных тэмпэратураў. Хмызьняк здольны вытрымліваць у сьпячцы тэмпэратуры да −30 °C. Пасьля зьяўленьне кветак у канцы красавіка — пачатку траўня расьліна становіцца ўразьлівай да марозу. Звычайна аронію садзяць раньняй вясной пасьля адлігі, альбо ўвосені, калі плянтацыю мульчыруюць ці яна пакрываецца сьнегам узімку.
Аронія мае неглыбокую і сьціслую каранёвую сыстэму і добра ўзрастае ў багатых на гумус і пажыўныя рэчывы глебах. Расьліна вільгацелюбівая, аднак выносіць і сухія пэрыяды. Аднак добры ўраджай ад яе атрымліваецца пры 700—800 мм ападкаў у год. Да таго ж аронія сонцалюбівая і лепш расьце пад простым сонечным сьвятлом, чым у ценю.
Аронія слаба ўразьлівая да расьлінных хваробаў і мала ўразьлівая да жывёльных шкоднікаў, што робіць яе прывабнай для арганічнай сельскай гаспадаркі. Ад патагенаў і шкоднікаў ёй дапамагае абараніцца высокае ўтрыманьне фляваноідаў у пладах ды іхны кіслы смак.
Прымяненьне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Аронія служыць неблагім упрыгожаньнем саду. Добра расьце у ніжэйшых ярусах, пад дрэвамі. Устойлівая да вусякоў, забруджаньня, засухі і захворваньняў.
У Летуве і Мінэсоце (ЗША) вырабляюць ароніевае віно. У Польшчы дадаюць у сочыва і сокі ці высушваюць на гарбату ў дамешку зь іншымі складнікамі. У Босьніі і Герцагавіне ягады прадаюць сьвежымі і замарожваюць ці вараць сокі, сочыва, гарбату. Сок сьпелых ягадаў вяжучы, паўсалодкі, прыквашаны (нізкі pH), зьмяшчае нязначную колькасьць вітаміну C.