Перайсьці да зьместу

Апалёнія Серакоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Апалёнія Серакоўская
Apolonia Dalewska-Sierakowska
Імя пры нараджэньні Апалёнія Фэрдынанда Далеўская
Род дзейнасьці Грамадзкая дзяячка, інсургентка
Дата нараджэньня 19 студзеня 1838
Месца нараджэньня фальварак Кункулка, Віленскі павет
Дата сьмерці 2 студзеня 1919
Месца сьмерці Варшава, Каралеўства Польскае
Месца пахаваньня Павонзкія могілкі
Сужэнец Зыгмунт Серакоўскі

Апалёнія Серакоўская (дзявочае прозьвішча: Далеўская; па-польску: Apolonia Dalewska-Sierakowska; 19 студзеня 1838, фальварак Кункулка, Віленскі павет, Расейская імпэрыя - 2 студзеня 1919, Варшава, Каралеўства Польскае) - грамадзкая дзяячка, удзельніца паўстаньня 1863 году, жонка Зыгмунта Серакоўскага.

Апалёнія Далеўская нарадзілася 19 студзеня 1838 году ў фальварку Кункулка ў сям’і шляхціца[1]. Была адной з дзесяцёх дзяцей Дамініка Далеўскага і яго жонкі Дамінікі з Наркевічаў. Мэтрычныя кнігі занатавалі, што Апалёнія Фэрдынанда Дамініка нарадзілася 19 студзеня 1838 г. у Кункулцы, у Салечніцкай парафіі, ахрышчана была 6 красавіка таго ж году ў Салечніках. Хрышчонымі бацькамі былі Самуэль Лацкі, капітан расейскіх войскаў і Апалёнія Ратоўт, зьверхніца сясьцёр міласэрнасьці ў Вільні[2].

У 1848 годзе памёр бацька Дамінік Далеўскі. Удава Дамініка Далеўская разам зь дзецьмі пераехала ў Вільню. Маці ўдзяляла шмат увагі адукацыі дачок. Пра чатырох з шасьці сясьцёр вядома, што яны скончылі пансыён. Пазьней Апалёнія наведвала курсы, арганізаваныя Шляхецкім інстытутам, на якіх выкладаліся матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, літаратура, эстэтыка і пэдагогіка. Музыку выкладаў Станіслаў Манюшка, а маляваньне — Міхал Андрыёлі. Гэтыя курсы былі сакрэтнымі, арганізаванымі мясцовай інтэлігенцыяй як знак супраціву расейскай царскай палітыцы[3].

Улетку 1861 году Апалёнія Далеўская пазнаёмілася з капітанам расейскай арміі Зыгмунтам Серакоўскім. Пара ажанілася ў Кейданах 30 ліпеня 1862 году. Шлюб таксама быў зарэгістраваны ў Вільні ў касьцёле сьв. Яна. Цэлы шэраг вядомых асобаў прынялі ўдзел у вясельлі Серакоўскага і Далеўскай: будучыя кіраўнікі паўстаньня: Канстанцін Каліноўскі, Якуб Гейштар[4], а таксама літоўскі сьвятар Антон Мацкевіч. Пасьля вясельля пара прабыла ў Кейданах тыдзень, вандруючы па навакольлі. Пасьля гэтага Апалёнія Далеўская-Серакоўская суправаджала мужа ў камандзіроўцы ў Заходняй Эўропе. Пара наведала Бэрлін, Ляйпцыг, Познань, Вену, Парыж. Калі Апалёнія захварэла, яна вярнулася ў Вільню і засталася з маці, а муж паехаў у Альжыр[5].

Удзел Серакоўскага ў паўстаньні трываў ня поўны месяц. Кампанія, распачатая стварэньнем найбольшага паўстанцкага згрупаваньня і першымі ваеннымі посьпехамі, закончылася для параненага ў найбольшай бітве ў паўстаньні зьняволеньнем (11 траўня) і выракам сьмерці[6]. У паўстаньні бралі ўдзел усе Далеўскія. Францішак належаў да кіраўніцтва лягеру белых, Тытус і Канстанцін аказаліся на баку чырвоных. Канстанцін змагаўся ў паўстанцкім атрадзе на Ковеншчыне, як і сястра Юлія з мужам Міхалам Бэркманам, а Ксавэрыя была сакратаркай Францішка ў літоўскім паўстанцкім урадзе. Сама Апалёнія была кур’еркай паўстанцаў[7]. У хуткім часе пасьля арышту мужа была арыштаваная і цяжарная Апалёнія. Яе затрымалі на тры месяцы. Арыштаванага мужа яна бачыла толькі аднойчы напярэдадні пакараньня сьмерцю. Апалёнію Серакоўскую выслалі ў Наўгародзкую губэрню. Пра жудаснае абыходжаньне М. Мураўёва з цяжарнай Апалёніяй паведамлялася ў замежнай прэсе, у тым ліку ў газэце The Times[8].

У 1863 годзе ў высылцы Апалёнія нарадзіла дачку, названую ў гонар мужа Зыгмунтай, якая памерла ў дзяцінстве ў 1866 годзе. У высылцы знаходзілася спачатку ў Наўгародзкай губэрні, потым у Самары.

Пасьля амністыі ў 1868 годзе Апалёнія Серакоўская вярнулася ў Каралеўства Польскае і пасялілася ў Варшаве. Тут яна разам з сваёй сястрой Ксавэрыяй выкладала і кіравала сакрэтнай жаночай школай для дачок сыбірскіх ссыльных з Літвы[9].

Апалёнія Серакоўская памерла адразу пасьля І Сусьветнай вайны 2 студзеня 1919 году ў Варшаве і была пахаваная ў сямейным магільніку на Павонзках.

Апалёнія Серакоўская пакінула ўспаміны пра свае жыцьцё, знаёмства з мужам. Праз гісторыю сваёй сям’і яна паказвае лёс розных людзей, малюе партрэт грамадзтва, якое ўдзельнічае ў паўстаньні супраць царызму і барацьбе ў Літве за незалежнасьць. Успаміны зьмяшчаюць шмат інфармацыі пра палітыку і паўсядзённае жыцьцё 1840-60-х гадоў у Літве[10]. Па-беларуску ўспаміны часткова публікаваліся ў перакладзе С. Судніка ў газэце "Наша Слова"[11].

  1. Profil osoby, Ogrody Wspomnień, https://www.ogrodywspomnien.pl/index/showd/41855
  2. Успаміны, Да 155-годдзя паўстання 1863, Апалонія з Далеўскіх Серакоўская / Наша Слова, № 3 (1362), 17 студзеня 2018, http://pawet.net/ns/2018/20/%E2%84%96_20_(1379).html
  3. Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
  4. V. Merkys. Dalevskių šeima. Vilnius: Vaga, 1967.
  5. Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
  6. Tadeusz Prus-Faszczewski. Ostatnie chwile Dołęgi-Sierakowskiego w nieznanym pamiętniku oficera rosyjskiego. „Kurier Literacko-Naukowy”. 51, s. 2, 19 grudnia 1938.
  7. Rasa Baškienė. Apolonija Dalevskytė-Sierakauskienė – sukilėlių vado žmona, 2017, https://www.bernardinai.lt/2017-10-06-apolonija-dalevskyte-sierakauskiene-sukileliu-vado-zmona
  8. Tamara Bairašauskaitė, Jolanta Sikorska Kulesza. Apolonija Dalevskytė – Sierakauskienė. Atsiminimai. Iš lenkų kalbos vertė Tamara Bairašauskaitė. Vilnius: Lietuvos nacionalinis muziejus, 2019.
  9. Rasa Baškienė. Apolonija Dalevskytė-Sierakauskienė – sukilėlių vado žmona, 2017, https://www.bernardinai.lt/2017-10-06-apolonija-dalevskyte-sierakauskiene-sukileliu-vado-zmona/
  10. Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
  11. Успаміны, Да 155-годдзя паўстання 1863, Апалонія з Далеўскіх Серакоўская / Наша Слова, № 3 (1362), 17 студзеня 2018,http://pawet.net/ns/2018/20/%E2%84%96_20_(1379).html