Перайсьці да зьместу

Антаніна Морава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антаніна Морава
Міністар працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусі
25 верасьня 2001 — 5 траўня 2006
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Уладзімер Ярмошын
Генадзь Навіцкі
Сяргей Сідорскі
Папярэднік: Іван Лях
Наступнік: Уладзімер Патупчык
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 27 ліпеня 1950 (74 гады)
Сьцяг СССР в. Грачанае Катоўскага раёну, Валгаградзкая вобласьць, РСФСР
Адукацыя: Менскі інстытут народнай гаспадаркі
Узнагароды:
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Мэдаль «За працоўныя заслугі»

Антані́на Пятро́ўна Мо́рава (нар. 27 ліпеня 1950, в. Грачанае Катоўскага раёну Валгаградзкай вобласьці, РСФСР, СССР) — беларуская дзяржаўная дзяячка расейскага паходжаньня, міністарка працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусі (2001—2006), доктар эканамічных навук, прафэсар.

У 1971 року з адзнакай скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ім. В. У. Куйбышава. У 1975, скончыўшы асьпірантуру Інстытуту эканомікі Акадэміі навук БССР, абараніла кандыдацкую дысэртацыю па спэцыяльнасьці «Палітычная эканомія». У 2002 року абараніла доктарскую дысэртацыю па тэме «Мэтадалёгія пераходу да рынкавай мадэлі сацыяльнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь».

У 1974—1980 і ў 1984—1994 роках працавала ў Інстытуце эканомікі АН Беларусі (з 1989 — загадчыца сэктару, з 1992 — загадчыца аддзелу эканамічных заканамернасьцяў). У 1980—1984 працавала ў Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных дасьледаваньняў Дзяржпляну Беларусі (з 1981 — загадчыца сэктару).

У 1981—1982 роках прайшла навучаньне ў Інстытуце павышэньня кваліфікацыі інфармацыйных работнікаў ДКНТ СССР па спэцыяльнасьці «Аналітыка, статыстычная апрацоўка крыніц інфармацыі і падрыхтоўка інфармацыйных выданьняў». Скончыла Інстытут эканамічнага разьвіцьця Сусьветнага банка па спэцыяльнасьці «Макраэканоміка» (1993). Па праблемах сацыяльнай палітыкі праходзіла стажыроўку ў Італіі (1995—1996), ЗША (1998), Вугоршчыне (2000), Швэцыі (2007).

У 1994 року прызначаная намесьніцай кіраўніка групы дарадцаў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У 1995 пераведзеная на пасаду дарадцы-кансультанта Аналітычнага цэнтру Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 року працавала начальніцай эканамічнае ўправы Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

25 верасьня 2001 прызначаная міністрам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусі[1], дзе працавала па 5 траўня 2006 року[2].

З 2006 — намесьніца дырэктара Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.

Абіралася чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня ад Менску, зьяўлялася старшынём Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці, намесьніцай старшыні Камісіі Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расеі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаньнях, сябрам Сталай камісіі Міжпарлямэнцкай Асамблеі дзяржаваў — удзельніц СНД па сацыяльнай палітыцы і правах чалавека, кіраўніком дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парлямэнцкай структуры Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы, сябрам дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтарка больш за 200 навуковых працаў і артыкулаў. Асноўныя навуковыя інтарэсы: сацыяльная палітыка, працоўныя адносіны, рынак працы, эканамічныя заканамернасьці, макраэканамічны аналіз.

  • Характер, структура и факторы формирования экономических отношений. Мн, 1992
  • Социальная политика в сфере трудовых отношений. Мн, 2000
  • Политико-экономические проблемы становления социально ориентированной экономики Беларуси (у суаўт.)
  • Организация заработной платы: опыт, проблемы, рекомендации. Мн, 2002 (у суаўт.)
  • Рыночная модель социальной политики в Республике Беларусь: проблемы и направления перехода. // Проблемы управления. 2002 год. — №3-4
  • Социальная защита населения // Республика Беларусь. Энциклопедия Т1, Мн., 2005
  • Социальная политика государства // Макроэкономика. Учебное пособие. — Мн., 2006
  • Мировая экономика: итоги 2006 года и перспективы развития // Проблемы управления. 2007 год. — №23
  • Ордэн Францішка Скарыны
  • Мэдаль «За працоўныя заслугі»
  • Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
  • Ганаровая грамата Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расеі
  • дзьве Ганаровыя граматы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь
  • Грамата Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
  • Грамата Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь
  • Ганаровая грамата Савета Міжпарлямэнцкай Асамблеі дзяржаваў-удзельніц Садружнасьці Незалежных дзяржаваў
  • юбілейныя мэдалі
  • падзяка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]