Андрэй Павук (актывіст)
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Павук.
Андрэй Павук | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
20 верасьня 1982 (42 гады) Нароўля, Гомельская вобласьць, БССР |
Адукацыя: | вышэйшая |
Андрэй Уладзімеравіч Павук (20 верасьня 1982, Нароўля, БССР) — беларускі блогер, грамадзка-палітычны актывіст. Стваральнік інтэрнэт-суполкі «Рудабельская паказуха»[1]. Кандыдат ў дэпутаты на мясцовых выбарах 2018 году[2]. Вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй у адстойваньні правоў жыхароў Рудабельскага краю.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Нароўлі, адкуль пасьля Чарнобылю з бацькамі пераехаў у Рудабелку (Акцябарскі). Лічыць сябе рудабельцам, бо менавіта тут пачалося ягонае сьвядомае жыцьцё, тут нарадзіліся яго дзеці.
Вучыўся ў тэхнікуме на дызайнэра-тэхноляга мэблі, у Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце — на настаўніка біялёгіі. Маляваў, працаваў у лясгасе, акампаніятарам у доме дзіцячай творчасьці. Выкладаў біялёгію ў сельскай школе, праўда ўсяго адзін дзень[3].
У 2012 годзе падчас працы ў Цэнтры дзіцячай творчасьці Рудабелкі стаў адным з аўтараў прапагандысцкага відэароліку БРСМ «Я из деревни», які набраў на YouTube паўтара мільёны праглядаў[4]. У 2018 годзе адзначыў, што ролік быў не ідэалягічным ходам, а правакацыяй — намаганьнем давесьці дзяржаўную ідэалёгію да максымальнага абсурду[5].
У лютым 2017 году Андрэй Павук спрабаваў уладкавацца на працу настаўнікам біялёгіі і хіміі ў Любаньскую школу, але старшыня мясцовага сельсавета ініцыявала ліст ад жыхароў вёскі ў аддзел адукацыі з просьбай не браць блогера на працу з-за яго «дзейнасьці». У выніку на Павука заведзены адміністрацыйны пратакол па прычыне таго, што Павук «беспадстаўна, з хуліганскіх намераў, назойліва, неаднаразова чапляўся да Тамары Караль, патрабаваў зь яе адказы на свае пытаньні». «Пацярпелая» ад дзеяньняў блогера — старшыня Любанскага сельскага савета Тамара Караль[6].
Кандыдат ў дэпутаты на мясцовых выбарах 2018 году. Падчас перадвыбарчай кампаніі Павук у смокінгу і пры гальштуку рамантаваў па адной яміне на дзень на разьбітых рудабельскіх дарогах[2].
Мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць Андрэю Павуку прысутнічаць на апаратных нарадах, на сэсіях райсавету, дзе вырашаюцца важныя для разьвіцьця раёну пытаньні. Блогер падаў на чыноўнікаў пазоў у суд[7].
Асьвятляе парушэньні правоў жыхароў Рудабельшчыны, запалохваньні з боку начальства й звальненьні з працы за ўласную пазыцыю[1][8][9].
У 2018 годзе на канале «Рудабельскай паказухі» стартаваў новы праект «Дзіванныя навіны», дзе паплечнік Андрэя Павука Васіль Качэня ў сатырычнай манеры высьмейвае навіны[10][11].
У жніўні 2018 году Акцябарскі раённы суд аштрафаваў блогера Андрэя Павука на 30 базавых велічыняў (735 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у супрацы з «Белсатам» без акрэдытацыі (ч. 2. арт. 22.9 КаАП). Аштрафавалі Павука за сюжэт «Блогеру пагражаюць за фота чыноўнікаў на майцы», паказаны 8 ліпеня на «Белсаце». Паводле інфармацыі тэлеканала БелСат, Павук ня меў дачыненьня да стварэньня сюжэту на «Белсаце» — ён быў проста галоўным героем гэтага матэрыялу[12].
Займаецца фатаграфіяй, працуе індывідуальным прадпрымальнікам.
Перад выбарамі 2020 году Андрэю Павуку прысудзілі суткі[13]. Восеньню 2020-га Павук разам з сям’ёй зьехаў зь Беларусі на фоне масавых пратэстаў, звязаных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. У тым жа годзе опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук арганізавалі сатырычны музычны дуэт «Красная Зелень»[14][15]. 25 лютага 2023 году дуэт распаўся[16].
У 2021–2022 гадах супраць Павука распачалі некалькі крымінальных справаў[15][17]. Напачатку 2022 году стала вядома, што яго абвясьцілі ў вышук[18], а ў траўні 2022 году ў яго беларускай кватэры правялі ператрус[19]. У ліпені 2021 году Telegram- ды YouTube-каналы «Рудабельскай паказухі» прызналі экстрэмісцкім матэрыялам[20], а ў траўні 2023 году суполку абвясьцілі экстрэмісцкім фармаваньнем[21]; Павук публікуе на канале ў тым ліку свае тэлефонныя размовы з чыноўнікамі[16]. У чэрвені 2024 году стала вядома, што Берасьцейскі абласны суд завочна прысудзіў Андрэю Павуку і яго былой жонцы Вользе 12 і 8 гадоў калёніі адпаведна за кіраніўцтва «Рудабельскай паказухай», а таксама па некалькім іншым артыкулам Крымінальнага кодэксу Беларусі. Па гэтай жа справе былі завочна асуджаныя Маргарыта Ляўчук ды яшчэ некалькі чалавек[22].
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рудабельская паказуха YouTube
- Дзіванные новасці // Рудабельская паказуха
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Рудабельская паказуха YouTube
- ^ а б Як блогер з Гомельшчыны ўдзельнічае ў мясцовых выбарах // Белсат
- ^ Андрэй Павук як Крапіва нашага часу Радыё Свабода
- ^ Ксения Дегелько - Я из деревни
- ^ Як блогер-правакатар ставіць уладу на вушы (бел.) Белсат
- ^ В Октябрьском судят блогера за "назойливые приставания" к председателю сельсовета (рас.) TUT.BY Архіўная копія ад 2017-03-14 г.
- ^ Блогер Павук судзіцца з райвыканкамам і райсаветам, патрабуе пускаць на пасяджэньні Радыё Свабода
- ^ Всё-таки не продлили. Обращение к Лукашенко А. Г. // Рудабельская паказуха
- ^ Помогите найти работу! // Рудабельская паказуха
- ^ Дзіванные новасці // Рудабельская паказуха
- ^ Андрэй Павук: Як можна разняволіць людзей? Толькі калі мы смяемся (бел.) Беларуская асацыяцыя журналістаў
- ^ Блогера Андрэя Павука аштрафавалі за сюжэт на «Белсаце», дзе ён быў галоўным героем (бел.) Белсат
- ^ Вольга Павук: «З дыктатуры ніхто не можа выйсці нармальным» Новы час
- ^ Першы канцэрт опернай зоркі ў новай якасці! Новы час
- ^ а б За «суды» над пракурорамі. На Андрэя Павука завялі чарговую крыміналку Новы час
- ^ а б Дуэт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная зелень» распаўся Новы час
- ^ Супраць папулярнага блогера Андрэя Павука распачалі новую крымінальную справу Новы час
- ^ У Беларусі абвясцілі ў вышук Андрэя Павука і Маргарыту Ляўчук Новы час
- ^ Сілавікі грамяць беларускую кватэру Андрэя Павука ў пасёлку Акцябарскі Новы час
- ^ «Хартыя-97» прызнаны экстрэмісцкім тэлеграм-каналам Новы час
- ^ Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2023
- ^ Хронікі рэпрэсій за 24 чэрвеня: кнігі палітзняволенага Паўла Севярынца прызналі «экстрэмісцкімі» Новы час