Перайсьці да зьместу

Анатоль Зэкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Зэкаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 студзеня 1955(1955-01-20) (69 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік
Узнагароды

Анато́ль Мікала́евіч Зэ́каў (нар. 20 студзеня 1955; в. Патапаўка, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць) — беларускі паэт, празаік, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёну.

Нарадзіўся 20 студзеня 1955 году ў в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскай вобласьці.

У 1977 годзе скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у рэдакцыі гомельскай раённай газэты «Маяк», потым — у Гомельскім райкаме камсамолу: загадчыкам арганізацыйнага аддзела, другім сакратаром.

З 1980 да 1982 году — слухач Вышэйшай камсамольскай школы пры цэнтральным камітэце Ўсесаюзнага ленінскага камуністычнага саюзу моладзі (Масква). У Менску працаваў інструктарам аддзелу прапаганды і агітацыі цэнтральнага камітэту Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У 1991 годзе завочна скончыў Інстытут паліталёгіі і сацыяльнага кіраваньня Камуністычнай партыі Беларусі. Палітоляг.

З 1985 году — у рэдакцыі маладзёжнай газэты «Чырвоная зьмена». Затым узначальваў менскую гарадзкую газэту «Добры вечар» (1990—1996) і штотыднёвік «Сталіца», працаваў у газэце «Книга и мы» (1996—1997), быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газэты» (1997—2002), намесьнікам і в.а. галоўнага рэдактара часопісу «Вожык» (2002—2005), рэдактарам аддзела прозы — чальцом рэдкалегіі часопіса «Полымя» (2006—2009). Цяпер — у рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Працуе тэлевядучым на канале «Беларусь 3», дзе вядзе штотыднёвую літаратурную праграму «Дыя@блог. P.S.».

Аўтар тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжу.

Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1994 году.

Першы верш апублікаваў у газэце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Анатоль Зэкаў — аўтар зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Зона каханьня» (2003), «Промнік позірку твайго» (2008). Асноўныя тэмы паэтычнай творчасьці — роздум аб праблемах, якія ставіць жыцьцё перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра і зла, каханьні й нянавісьці.

А. Зэкаў напісаў шмат пародый на вершы іншых паэтаў (Р. Баравікова, Тацяна Атрошанка, Валянціна Аксак, Мікола Шабовіч і іншыя). Яго пародыі ўвайшлі ў зборнікі сатыры й гумару «Дуэль» і «Дуэль-2», «Вінэгрэт пад фуршэт», «Каханьне на снезе», «Тары-бары» і іншыя. У іх А. Зэкаў паўстае ня толькі як парадыст, таму што на «дуэль» ён выклікае не адных паэтаў, а і розных масьцей антыгерояў свайго супярэчлівага часу.

Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасьцю вызначаюцца байкі Анатоля Зэкава «Сабачы брэх», «Крот і мышы», «Пчолы і труцень», «Мядзьведзь і размеркаваньне», «Уюн і дно», «Непаслухмяны конь», «Паўлін і певень» і іншыя.

Дэбютам у прозе стала кніга «Вясельнае падарожжа ў Стамбул».

Таксама ён стварыў мноства кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і іншыя. У гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе ўдумлівым, лаканічным, дасьціпным і сучасным майстрам пяра.

Песьні, створаныя на аснове твораў А. М. Зэкава, сьпяваюць многія беларускія выканаўцы, у тым ліку Якаў Навуменка, Анатоль Ярмоленка, А. Балотнік, Г. Грамовіч і іншыя.

А. Зэкаў напісаў лібрэта спэктаклю «Жыцьцё і сьмерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Вершы Анатоля Зэкава перакладзеныя на расейскую, таджыцкую і чуваскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.

  • «Боль сумленьня» (1989)
  • «Аварыя сумленьня» (1996)
  • «На арэхавым кані» (2003)
  • «Зона каханьня» (2003)
  • «Лісты да цябе» (2005)
  • «Чарнобыльскі вецер» (2006)
  • «Кругі ў галаве» (2007)
  • «Промнік позірку твайго» (2008)
  • «Не казкі пра Сашку» (2013)
  • «Пад кронай белых аблачын» (2013)
  • «Безьбілетны Зай» (2014)
  • «Вожык вёз сараканожак» (2014)
  • «Вінэгрэт пад фуршэт» (2015)
  • «Параненая памяць» (2015)
  • «Белае сонца бяроз» (2016)
  • «Птушыныя арэлі» (2017)
  • «Прыгарадныя чайкі» (2018).
  • «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» (2000)
  • «Генэральскі нумар» (2011)
  • «Дуэль» (1994)
  • «Дуэль-2» (1995)
  • «Па самую плешку» (2003)
  • «Кругі ў галаве» (2007)
  • «Каханьне на снезе» (2011)
  • «Замарожаныя пачуцьці» (2015)
  • «Тары-бары» (2015)
  • «Чатыры зярняткі» (2000)
  • «На арэхавым кані» (2003)
  • «Мянтуз сярод мядуз» (2007)
  • «Зязюля Гулюля» (2011)
  • «Кенгуру ці кенгура?» (2013)
  • «Як Гаўка ў космас зьбіраўся» (2013)
  • «Азбуку мядзьведзь вучыў» (2015)
  • «Лічба з літарай сябруюць» (2016)
  • «Адна сям’я — ад А да Я» (2017)
  • «Селі хмаркі на вярбу» (2018)
  • «За месяцам — месяц» (2018)
  • Забароненая сукня. Як хлопчык Кастусь зь ліфтам паразумеўся // Нявеста для Базыля: казкі / укладальніца А. Спрынчан. — Менск: Мастацкая літаратура, 2017. — (Беларуская аўтарская казка).

Прэміі й ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]