Анакруза
Анакру́за (па-старажытнагрэцку: ἡ ἀνάκρουσις — адштурхоўваньне, крок назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым мэтрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасьці ад характару мэтра анакруза бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (амфібрахій) і двухскладовай (анапэст). Анакруза ў вершы мае вялікае рытмічнае значэньне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых — з другога) аднолькавая, то яны адрозьніваюцца па сутнасьці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаваньне радковых лягаэдаў — двухскладовых і тро'складовых памераў з раўнамерным чаргаваньнем анакрузаў:
- Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,
- Калені штораз больш ласкоча нам трава,
- Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сьніць,
- Жаданьнем забыцьця п’янее галава.
- (Я. Купала «Яна і я»)
Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў зьяўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазьмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэньне анакрузаў. Некаторыя дасьледчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненьні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў, што, у прыватнасьці, назіраецца ў чацьвёртым радку першага чатырохрадкоўя верша М. Багдановіча «Купідон» (тут у стапе ямба лішні ненаціскны склад):
- Ад спомінаў дзіцячых лет
- Ў маёй душы астаўся сьлед.
- Я помню, як бывала рада
- Маё сэрца плітцы шакаляда.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |