Уку Мазінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Уку Мазінг
Uku Masing
Uku Masing.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Хуга Альбэрт Мазінг
Нарадзіўся 11 жніўня 1909
Сьцяг Расеі х. Ліпа Райкюльскай воласьці (Хар’юскі павет Эстляндзкай губэрні)
Памёр 25 красавіка 1985
Сьцяг Эстонскай ССР Тарту
Пахаваны могілкі Раадзі[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці філёзаф, перакладнік, тэоляг, фальклярыст, філёляг
Мова эстонская
Узнагароды Праведнік народаў сьвету

У́ку Ма́зінг (па-эстонску: Uku Masing), пры нараджэньні Хуга Альбэрт Мазінг (па-эстонску: Hugo Albert Masing; 11 жніўня 1909, хутар Ліпа Райкюльскай воласьці, Хар’юскі павет Эстляндзкай губэрні, Расейская імпэрыя — 25 красавіка 1985, Тарту, Эстонская ССР) — эстонскі філёзаф, перакладнік, тэоляг, фальклярыст, філёляг. Пачынальнік эстонскай аналітычнай філязофіі. Пісаў таксама вершы, у асноўным на рэлігійныя тэмы. Быў прызнаным дасьледнікам фальклёру, пісаў для міжнароднага даведніку Энцыкляпэдыя казак. Ляўрэат узнагароды Праведнікі народаў сьвету інстытуту Яд Вашэм (1969) за ўратаваньне жыдоў падчас Галакосту ў Эстоніі, прафэсар Тартускага ўнівэрсытэту.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хуга Мазінг нарадзіўся на хутары Ліпа (цяпер вёска ў воласьці Райкюла Раплаўскага павету Эстоніі) ў эвангельскай сям’і. Паказаў выдатныя вынікі ў вывучэньні моваў і да сканчэньня сярэдняе школы размаўляў на чатырох мовах. У 1926 пачаў вывучаць тэалёгію ў Тартускім унівэрсытэце. У 1930 скончыў унівэрсытэт са ступеньню магістра багаслоўя па Старым Запавеце і сэміталёгіі. Працягнуў навучаньне ў Цюбінгене і Бэрліне.

З 1933 пачаў выкладчыцкую практыку ў Тартускім унівэрсытэце, выкладаў тэалёгію і сэміцкія мовы.

18 студзеня 1937 року зьмяніў уласнае імя Хуга Альбэрт на Уку. У 1939 ажаніўся з Эхай Туулемаа.

У пэрыяд нямецкай акупацыі Эстоніі сям’я Мазінгаў хавала ва ўласнай хаце жыдоўскага студэнта Ізідара Левіна, будучага доктара філялягічных навук і прафэсара фальклярыстыкі. За гэты ўчынак Уку і Эха Мазінгі былі ўганараваныя званьнем Праведнікаў народаў сьвету[1].

Па вайне савецкія ўлады зачынілі факультэт тэалёгіі ў Тарту, і Уку Мазінг працаваў у розных месцах, перакладаў паэзію. Браў таксама ўдзел у расьсьледаваньні нацысцкіх злачынстваў, у прыватнасьці, у канцлягеры Клёага.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікавацца зь вершамі, перакладамі і эсэ пачаў падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце.

У 1938 далучыўся да ўплывовай суполкі эстонскіх паэтаў «Чараўнікі», заснаванай Антсам Орасам, куды ўваходзілі Хэйці Тальвік, Бэці Альвер, Паўль Війдынг, Бэрнард Кангра, Аўгуст Санг і Керсты Мэрылаас.

Аўтар працаў па фальклёры народаў сьвету. Большую частку напісаных за савецкім часам твораў распаўсюджваў самвыдатам.

Уку Мазінг валодаў 65 мовамі і перакладаў з 20 зь іх, у прыватнасьці з старажытнага іўрыту, санскрыту, грэцкай, арабскай, шумерскай і іншых.

Ён напісаў столькі твораў, што нявыдадзеныя рукапісы ацэньваюцца ў 10 000 старонак. Вывучэньнем, захаваньнем і распаўсюджваньнем ягонага даробку займаецца адмыслова створаная Калегія па спадчыне Уку Мазінга.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Martin Gilbert. The Righteous: The Unsung Heroes of the Holocaust. — Henry Holt and Company, 2003. — С. 31. — ISBN 9780805062601

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]